Мінулі Саракі. Як казалі нашы продкі, гэта якраз тая пара, калі «дзень з ноччу мераюцца» (веснавое раўнадзенства), калі абуджаецца прырода і адчуваюцца першыя праявы вясны. Раней на свята Саракі паўсюдна выпякалі печыва ў выглядзе птушачак. Іх называлі «жаваранкамі». Не раз і вы ў сваіх лістах узгадвалі пра тое, як даўней вясковыя дзеці прымацоўвалі тых самых «жавароначкаў» на кійкі, уздымалі ўгару, развешвалі на дрэвы і кусты, тым самым «клікалі вясну» і птушак, просячы іх хутчэй прынесці сонца і цяпло. А яшчэ вы распавядаеце пра гуканне вясны, калі людзі, асабліва моладзь, збіраліся разам, віталі надыход гэтай чаканай пары абрадамі, гульнямі ды веснавымі песнямі.
«Яшчэ сакавік за вокнамі... Яшчэ за горадам шмат дзе заляжаўся снег, а я ўжо наведала сваё лецішча, бо вельмі захацелася туды, – дзеліцца з намі наша пастаянная слухачка, мінчанка Крысціна Доўнар, – гэта нібыта глыток свежага паветра. Там мая зямля, мой любы куточак. Там у мяне невялікі дамок, які пабудавала амаль што сваімі рукамі ў канцы 90-х. Гэта была мая даўняя мара. І я вельмі ўдзячная лёсу, што ён (і добрыя людзі) дапамаглі яе ажыццявіць». І далей пра тое, што, як толькі зайшла на сядзібу, да яе прыбег сабака. Нечым падобны на мамінага Лісціка (раней Крысціна расказвала нам гісторыю пра яго). Стала карміць «госця», а той хапаў ежу і адразу ж знікаў, хутчэй за ўсё дзяліўся са сваімі згаладалымі сябрамі. «Я вельмі рада, што наведала дачу. Зацеплілася надзея на тое, што ўсё будзе добра, пераможа святло і дабро, скончылася зіма і надыходзіць сапраўдная вясна, што яна абавязкова прыйдзе і ў нашы душы і сэрцы», – дадае Крысціна.
Зараз узгадваецца кранальная замалёўка пісьменніка Янкі Сіпакова пра поле і рукі чалавека, якія дбаюць пра тое, каб яно прачыналася пасля зімы, рунела, набіралася сілай і багатым ураджаем: «Вясной, яны (рукі) пахнуць адталаю зямлёй, першай баразной, летам – краскамі і даспелым жытам, восенню – саломаю, бульбоўнікам і першымі замаразкамі... А ўрэшце – рукі пахнуць табой, маё поле».
Перад гэтым эфірам мы размаўлялі з супрацоўніцай Цэнтра народнай творчасці, што ў старадаўнім мястэчку Ракаў, Хрысцінай Лямбовіч (штосьці сёння шанцуе на Хрысцін-Крысцін). Яна вядзе гурток «Жаронцы», батлейку, заняткі па ткацтве паясоў. Пытаюся, як і па чым яна адчувае прыход вясны?.. «Па тых пахах і асаблівым водары ў прыродзе, а яшчэ па сонцы і капяжы з дахаў, – дзеліцца мая суразмоўца, – жыву на ўскраіне Ракава, побач лес, непадалёку і балота пачынаецца, таму маю магчымасць усё гэта заўважаць. Жывёла вельмі чуйна рэагуе на вясну. Тыя ж куры, можа таму, што яны таксама ж птушкі!.. У веснавых абрадавых песнях шмат дзе пра гэта, напрыклад, «вол бушуе, вясну чуе», ды і грамнічныя матывы можна ўзгадаць, «на Грамніцы нап’ецца певень вадзіцы». Вось як усё «пераплецена», знітавана з народнымі назіраннямі, звычаямі і традыцыямі нашых продкаў. Гэта захапляе і натхняе», – дадае Хрысціна.
Памятаю радкі ад Галіны Пятрушкі з пасёлка Кастрычніцкі Баранавіцкага раёна: «Нас у сям’і было чацвёра – тры сястры і брат. Жылі ў вёсачцы Заполле-Лозы, пад Баранавічамі». І далей пра тое, як яны з сёстрамі некалькі гадоў таму сабраліся ў бацькоўскай хаце. Прайшліся сцяжынкамі маленства. Незабыўнымі і шчымлівымі. Прыпыніліся ля калодзежа, якому ўжо больш за сто гадоў. А яшчэ дыхалі родным паветрам, слухалі птушыныя спевы, радаваліся сонцу і вясне.
Ёсць і ў мяне асабістыя назіранні. Напрадвесні. Днямі бачыла, як маленькая дзяўчынка ўвесь час цягнула сваю матулю за руку, маўляў, пабеглі хутчэй, вунь туды, дзе сонейка затрымалася!.. Чула, як малая казала: «Давай, мама, назбіраем праменьчыкаў для браціка, таты, бабулі, для ўсіх!..» Ёй так хацелася падзяліцца сваёй незвычайнай радасцю з роднымі людзьмі. Міжволі падумалася: якія ж цудоўныя зямныя клопаты ў гэтага маленькага шчырага чалавечка!.. Як важна дзяліцца з усімі цяплом, святлом, дабром. Многім цяпер гэтага так не хапае.
І яшчэ. Якраз на сёння выпадае дзень нараджэння паштоўкі. Упершыню яна з’явілася менавіта 25 сакавіка 1869 года ў Аўстра-Венгрыі. Спачатку гэта быў невялікі лісток, на якім можна было напісаць колькі слоў і адправіць па пошце адрасату. Пазней іх сталі ўпрыгожваць малюнкамі з самымі рознымі сюжэтамі, з нагоды таго альбо іншага свята. Калі б, скажам, мне прапанавалі напісаць нешта вельмі важнае і адправіць гэтую паштоўку ў... сусвет, то я напісала б наступнае: «Напрадвесні заўсёды чакаеш нечага незвычайнага, марыш пра цуд. Цяпер жа хочацца аднаго, каб нашу зямлю атулялі мір, спакой і цішыня».
Калі і вам захацелася падзяліцца сваімі роздумамі пра адчуванне вясны, пра надзеі і спадзяванні, пішыце, калі ласка, на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.