Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Раскоша чалавечых зносін». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 01.02.2022
«Звычайныя гісторыі. Раскоша чалавечых зносін». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

За апошнія гады і дзесяцігоддзі з’явілася нямала сучасных сродкаў зносін. Таму звыклыя раней сустрэчы цяпер, на вялікі жаль, замяняюцца інтэрнэт-стасункамі, а звычайныя пісьмы з канвертаў – кароткімі, немудрагелістымі паведамленнямі праз сацыяльныя сеткі. А тут яшчэ і пандэмія ўнесла свае карэктывы. Сустрэчы цяпер набываюць асаблівую каштоўнасць. Самы раз узгадаць класіка з яго выказваннем пра «раскошу чалавечых зносін». Са мной, напэўна, многія пагодзяцца, мабільнасць і зручнасць найноўшых камунікацый не заменяць глыбіню, шчырасць і адкрытасць тых эмоцый і пачуццяў, якія мы можам падарыць адно аднаму пры сустрэчы.

Многія з вас (і пра гэта сведчаць лісты) цэняць дружбу. І тыя незабыўныя сустрэчы праз гады. Успаміны пра школьную пару, студэнцтва даюць небывалы зарад станоўчых эмоцый, упэўненасці, веры ў тое, што наперадзе яшчэ столькі ўсяго цікавага і захапляючага.

Ёсць даследаванні вучоных пра тое, наколькі важна падтрымліваць такія стасункі. Дэфіцыт сацыяльнага ўзаемадзеяння вядзе да адзіноты, выклікае мноства негатыўных вынікаў, якія могуць адмоўна адбіцца нават на здароўі. Самае галоўнае, каб такія сустрэчы ладзіліся пастаянна. Псіхолагі раяць, важна сустракацца праз кожныя два тыдні, як кажуць у тым самым месцы і ў той жа самы час. А каб не прапусціць, абавязкова пазначаць іх у календары неадкладных спраў.

Ведаю адну сямейную пару, якая вось ужо на працягу некалькіх гадоў падтрымлівае традыцыю: яны запрашаюць адно аднаго на сустрэчы-спатканні, скажам, у кафэшку, у парк ці сквер, часам сустракаюцца ля гарадской ратушы, у старым горадзе, на той жа Зыбіцкай і г. д. Пра месца сустрэчы дамаўляюцца загадзя. Ён прыходзіць на гэтыя спатканні абавязкова з кветкамі. І многае адбываецца нібыта ў той дзень, калі яны ўпершыню сустрэліся-ўбачыліся. Згадзіцеся, цудоўная традыцыя! Вазьміце на заметку. Асабліва тыя, хто прызвычаіўся нічога не рабіць, а толькі наракаць, маўляў, не тыя гады ўжо, старасць на парозе. А дарэмна! І ў больш сталыя гады хочацца ўвагі, цеплыні пачуццяў. І спатканняў, з кветкамі і прызнаннямі. А каб гэта стала сямейнай традыцыяй, трэба абавязкова пра тое паклапаціцца.

Лішне казаць, мы захапляемся незвычайнымі, а часам і неверагоднымі сустрэчамі. Вось пра што расказаў перад гэтым эфірам Анатоль Самусенка са Слуцка. У свой час ён вучыўся ў Нагорнаўскай школе-інтэрнаце. І была ў яго завядзёнка – бегаць раніцою, за некалькі кіламетраў, на рэчку Лань. І амаль штодзённа каля хутара Ціхабудка (якая прыгожая назва!) ён сустракаў дзяўчыну. Так сталася, што яны не пазнаёміліся, але ж праз шмат-шмат гадоў яму раптам вельмі захацелася яе знайсці. Каб сустрэцца, пабачыцца, проста пагаварыць. Вы не паверыце, сваю маленькую і такую зразумелую мару ён ажыццявіў некалькі гадоў таму. Праўда, не зусім, бо ўдалося пагаварыць з даўняй незнаёмкай толькі па тэлефоне. Як вы можаце здагадацца, з боку жанчыны пасыпаліся пытанні, а чаму раптам вам гэта трэба, а навошта? Вось і ўся, як кажуць, рамантыка. Для нашага суразмоўцы гэта была б сустрэча з юнацтвам, з тымі мясцінамі, якія запалі ў душу і жывуць з ім дагэтуль. Як усё такі важна зразумець і падтрымаць такую цудоўную мару. Шкада, што жанчына гэтага не зразумела.

«Напэўна ў кожнага чалавека ёсць гісторыя, якую ён памятае ўсё жыццё, – гэта ўжо радкі з ліста ад Ларысы (прозвішча не называю) з Салігорска. – У пачатку 70-х я вучылася ў тэхнікуме. Была на практыцы ў горадзе Дзяржынску Мінскай вобласці. Там пазнаёмілася з Леанідам. Зірнула на яго і падумала: «Гэта мой чалавек. З ім я хацела б звязаць сваё жыццё». І далей пра тое, што іх першае спатканне доўжылася да ранку. Яны хадзілі па вуліцах гарадка, размаўлялі, але, так здарылася, не абмяняліся адрасамі. Як потым яна даведалася, Леанід шукаў яе, перапытваў сяброўку, але тая чамусьці не захацела даваць яе адрас. Яны так больш ніколі і не ўбачыліся.

Як тут не ўзгадаць і пра тое, што хутка першая субота лютага. Не ведаю, як сёлета, а раней мы атрымлівалі шмат лістоў пра сустрэчы з аднакласнікамі, сваімі школьнымі сябрамі. У некаторых школах яны сталі традыцыйнымі. Памятаю, як пра выпуск 1956 года 27 мінскай школы распавядала мінчанка Валянціна Пятроўна Скарынкіна. На працягу 50 гадоў яны ніводнага разу (і гэта хочацца падкрэсліць) не прапусцілі выдатную магчымасць сабрацца разам. Сустракаліся і ў больш паважаным узросце, калі ім было за 80 гадоў і болей.

Сустрэчы. Стасункі. Гэта тое, што надае нашаму жыццю мноства яркіх фарбаў і адценняў. Радасці, замілавання, незабыўнай рамантыкі. А часам і адчування сапраўднага шчасця.

Буду рада, калі і вы, паважаныя слухачы, раскажаце пра свае памятныя сустрэчы. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: