Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Развітальныя акорды лета». Радыёблог Валянціны Стэльмах
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 26.08.2022
«Звычайныя гісторыі. Развітальныя акорды лета». Радыёблог Валянціны Стэльмах

У такія дні толькі і чуеш: «Сумна... Лета на зыходзе... Праляцела, як адно імгненне!.. Шкада...» Іншыя ж нашы слухачы абавязкова знойдуць вакол нямала светлых і яркіх адценняў! Згадзіцеся, з такімі суразмоўцамі хочацца дзяліцца сваімі ўражаннямі, распытваць пра сустрэчы і стасункі, якія падарыла ім лета.

Тэлефаную нашай даўняй знаёмай, настаўніцы з Салігорска Зоі Мікалаеўне Пятровіч. «Я ўвесь час на лецішчы. Яшчэ ў 1990-ыя гады атрымалі кавалачак зямлі. Няўдобіца, балоты...Так і завём сябе – «людзі на балоце», – распавядае Зоя Мікалаеўна, – цяпер, праўда, прасторней стала, хапае зямелькі, толькі працуй, не лянуйся, усяго можна назапасіць. А ягады, грыбы! Садзімся з унукам на веласіпеды і ў «разведку»: ці пайшлі лісіцы ды іншае». І далей пра сустрэчы на Старобінскім рынку, куды яны з мужам час ад часу ездзяць назапасіцца прадуктамі. Там віруе цікавае жыццё са сваім непаўторным паляшуцкім каларытам. Туды з’язджаюцца, як яна кажа, з «усяго свету». Можна ўбачыць і знаёмыя твары. «Сустрэла неяк свайго вучня, гандляваў мёдам. Не бачыліся з ім, напэўна, гадоў 50, – працягвала Зоя Мікалаеўна, – пазналі адно аднаго, прыемна было атрымаць салодкі падаруначак ад яго. Усё ж, як добра быць настаўнікам!» – смяецца яна. А яшчэ падзялілася сваімі роздумамі аб тым, што рана ці позна чалавек вяртаецца да сваёй зямлі. У гэтым прыцягненні столькі замілавання, радасці і сапраўднага шчасця!

Шмат гадоў таму мы пазнаёміліся з Рэгінай Багамолавай. Яна адна з гераінь радыёпраграмы «Галерэя». Загадчыца сектара бібліятэкі №13 горада Мінска. Найцікавейшая асоба! Усё яе жыццё звязана з бібліятэчнай справай, вечарынамі ў паэтычным тэатры ды вершамі, якімі яна выказвае сваё нераўнадушша да жыцця. Няўжо і яна сумуе на зыходзе лета?.. «Няма калі пра гэта думаць, – дзеліцца з намі Рэгіна Казіміраўна, – усё, як кажуць, пачынаецца зноў: творчыя сустрэчы з чытачамі, дыскусіі аб прачытаных кнігах, паэтычныя чытанні і г.д. Рыхтуюся да 1-га верасня. У нашай бібліятэцы пройдзе першы ўрок вучняў 4-га класа 82-ой мінскай школы. Вялікі гонар для мяне правесці яго!». А яшчэ Рэгіна Казіміраўна расказала пра паездку сёлетнім летам у родныя Ашмяны, пра царства кветак і новы гатунак ружаў, пра такое ўсё роднае і блізкае! Як на карцінах вядомага мастака Мікалая Ісаёнка. «Ой, які ж гэта цуд! – захоплена працягвала Рэгіна Казіміраўна, – немагчыма наглядзецца! Асабліва запомніўся пейзаж «Бацькоўскі сад», дзе і матуля, і яблыкі ападаюць, нікому не патрэбныя, бачна і тое, што ніхто да яе не прыедзе, не дапаможа... Вельмі шчымліва!..» І яна працягвала дзяліцца сваімі ўражаннямі пра юбілейную выставу Мікалая Ісаёнка ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Мікалаю Іосіфавічу ўдалося, як заўважаюць мастацтвазнаўцы, знайсці сваю інтанацыю, тэму, настрой, які прысутнічае ў кожным яго творы. І столькі ва ўсім душэўнасці, гаючай журботы, сумнай пяшчоты і паэтычнасці!

«Ён ніколі не кідаўся ў сучаснае, – дадае жонка мастака Марыя Ісаёнак, – у яго ёсць лінія, якая ідзе праз ўсё жыццё. Лінія аб родным!.. Калі піша кветкі, дык вось яны, ва ўсю велічыню, натуральныя колеры, нібыта «збегліся» з вясковых агародчыкаў, лугоў ды ваколіц!.. У яго няма твораў, зробленых без веры, без улюбёнасці, без страсці». Марыя Іванаўна расказала і пра тое, што апошнім часам Мікалай Ісаёнак стварыў цыкл твораў пад назвай «Калодзішчы». Гэта яго назіранні за жыццём людзей, якое схавана за высокімі тынамі-платамі: кожны сам па сабе, у кожнага сваё лета і яго зыход, свая восень і свае пачуцці, з якімі наўрад ці хто-небудзь з іх захоча падзяліцца?!. «Ну гэта ж немагчыма так жыць?!. Што ж гэта робіцца з людзьмі», – здаецца чуецца крык яго душы.

Сустрэчы. Стасункі. Гэта тое, што дадае нашаму жыццю яркіх фарбаў і адценняў. Радасці, замілавання, незабыўнай рамантыкі. А часам, як мы не раз заўважылі, адчування сапраўднага шчасця. Як важна ўсё гэта, нягледзячы ні на што, захаваць!

За апошнія гады і дзесяцігоддзі з’явілася нямала сучасных сродкаў зносін. Таму звыклыя раней сустрэчы цяпер, на вялікі жаль, замяняюцца інтэрнэт-стасункамі, а звычайныя пісьмы з канвертаў – кароткімі, немудрагелістымі паведамленнямі праз сацыяльныя сеткі. Сустрэчы цяпер набываюць асаблівую каштоўнасць. Самы час узгадаць класіка з яго выказваннем пра «раскошу чалавечых зносін». Са мной, напэўна, многія пагодзяцца, мабільнасць і зручнасць найноўшых камунікацый не заменяць глыбіню, шчырасць і адкрытасць тых эмоцый і пачуццяў, якія мы можам падарыць адно аднаму пры сустрэчы.

Што да маіх асабістых сустрэч, то іх было шмат. Прыгадваю адну з апошніх. У мінскай гімназіі №14. З яе дырэктарам Марыяй Іванаўнай Гарохавай. Неверагодна цёплая і шчырая сустрэча! Прагучыць у праграме «Галерэя» у суботу, 27 жніўня, у 9:05.

Буду рада, калі і вы, паважаныя слухачы, раскажаце пра сустрэчы і стасункі, уражанні і захапленні, якія падарыла вам лета. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: