Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Роздумы на мяжы гадоў». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 17.12.2021
«Звычайныя гісторыі. Роздумы на мяжы гадоў». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Звычайна ў такі час, на мяжы гадоў, нашы роздумы пра тое, што было і будзе. Што зроблена і што застаецца пакуль што ў планах. Даводзілася недзе чытаць, і гэтая думка мне вельмі спадабалася: існуе тры пасткі, якія адбіраюць у нас радасць, спакой і душэўнае суладдзе – гэта шкадаванне аб мінулым, трывога за будучыню і няўдзячнасць за сённяшняе. Калі мы, нягледзячы ні на што, не страчваем духоўнага апірышча, працуем над сабой, сваім светаўспрыманнем, тады ўсё ж у нейкай ступені атрымліваецца пазбаўляцца ад гэтых пастак. І жыццё робіцца больш упэўненым, паспяховым і радасным.

Менавіта аб гэтым мы і вырашылі сёння паразважаць. Пагартаць лісты, пачуць вашы думкі, набраўшы ўжо знаёмыя нам нумары ўдзельнікаў радыёпраграмы «Галерэя» ды іншых нашых даўніх сяброў і дарадцаў.

Мінчанка Крысціна Доўнар заўсёды рада падзяліцца сваім пазітыўным настроем. Вось і на гэты раз чую яе ўзрадаваны і бадзёры голас. А далей расповеды пра тое, што ўсё ў яе выдатна, а будзе яшчэ лепш. «Адзіная просьба, – кажа Крысціна Юр’еўна, – давайце не ўспамінаць слова «пандэмія». Узгадала яна і пра сваю матулю. Галіна Станіславаўна Сабірай жыве ў вёсцы Падароск, што на Гродзеншчыне, хутка ёй споўніцца 92 гады. Пакуль што спраўляецца сама, любіць даглядаць курачак, сабачку Лісціка. Лічыць, чалавек жыве дзеля таго, каб абавязкова было пра каго клапаціцца. Гадоў 30 таму Галіна Станіславаўна вельмі шмат зрабіла для таго, каб у іх вёсцы аднавілі касцёл. Яна ведае малітвы на памяць, чытае іх у храме да прыходу святара. Цяпер усе яны рыхтуюцца да свята Нараджэння Хрыстова. Колькі ні прасіла дачка Крысціна пераехаць да яе, Галіна Станіславаўна аднекваецца, маўляў, «старое дрэва на новым месцы не прыжываецца».

У такія пераднавагоднія і калядныя дні мы асабліва цэнім простыя чалавечыя стасункі. Хаця, магчыма, і не задумваемся, наколькі гэта важна для душэўнага спакою і суладдзя. Зоя Пятроўна Янучок з Клецка ў свой час працавала педагогам у Нагорнаўскай школе-інтэрнаце, пэўны час была намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Сёлета ў маі некалькі былых яе выхаванцаў завіталі ў госці. Праз 50 гадоў. «Прыемна, што памятаюць і дагэтуль. Бадай што самая лепшая ацэнка тваёй працы», – дзеліцца з намі Зоя Пятроўна, – ну, а чым заняты мае дні цяпер?.. Дзецьмі, унукамі. Мой асаблівы гонар – унук Дзіма. Ён ваенны, старшы лейтэнант, кіруе палётамі, вельмі адказная ў яго служба». А яшчэ ёй хораша ў кампаніі з сяброўкай Валянцінай, сапраўднай аптымісткай і жыццялюбам, хаця лёс яе не песціў. Яны часта сустракаюцца. Паразмаўляць, нешта адна адной параіць, падзяліцца ўзорамі вышыванак, вязання. У Зоі Пятроўны хапае сэрца і душы і каб дапамагаць сяброўцы, бо сацыяльны работнік наведвае сваю падапечную не кожны дзень.

«У маладосці мы марым атрымаць добрую прафесію, сустрэць свайго каханага чалавека, выйсці замуж, нарадзіць дзяцей і г. д. Праз гады і дзесяцігоддзі, калі гэта ўсё ёсць, як жа цяпер, з наступнай марай?.. Што шукаць і пра што марыць?..» – такімі роздумамі на мяжы гадоў падзялілася яшчэ адна наша слухачка.

Лічу, што ў любым узросце чалавек павінен жыць з марай. Менавіта яна дае крылы і імкненне да новых жыццёвых вышынь.

«Варта, нягледзячы ні на што, з гонарам рабіць сваю справу. Гэта надае сілы на будучыню», – разважае дырэктар Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава Пятро Цалка. Лічыць, яму і яго калегам важна захаваць пераемнасць традыцый, каб не перапынялася гэтая сувязь. А яшчэ ён узгадаў пра палескую вёску Пагост, якой сёлета споўнілася 500 гадоў (мы пра гэта неяк расказвалі), тамтэйшую спявачку, знаўцу старажытных аўтэнтычных традыцый Кацярыну Панчэню, якая разам з фальклорным калектывам «Міжрэчча» на ўвесь свет праславілі гэтую вёску. Абрад «Юраўскі карагод» першым у Беларусі ў 2005 годзе атрымаў статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, а два гады таму ён быў уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Змалку знітаваны з палескай зямлёй, Пятро Цалка любіць свой край, ганарыцца таленавітымі землякамі, шануе свой род і продкаў.

І яшчэ. На плошчы Леніна ў Брэсце завяршылі мантаж галоўнай ёлкі горада. Здавалася б, звычайныя гісторыя, усе ж рыхтуюцца да свята. Але справа ў тым, што ў навагодняга дрэва незвычайнае ўпрыгажэнне – стужкі-табло з надпісамі-пажаданнямі. Іх можна было загадзя даслаць на электронны адрас кіраўніцтва гарвыканкама.

...Да той мяжы, калі год зменіцца наступным, застаецца няшмат часу. Але ж вы, паважаныя слухачы, яшчэ паспееце падзяліцца з намі сваімі роздумамі. Пра тое, якім быў для вас год 2021-ы, з якімі марамі і надзеямі вы чакаеце год наступны?!. І, як слушна заўважыла наша слухачка, давайце не будзем успамінаць гэтае надакучлівае слова «пандэмія». Свае роздумы дасылайце на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: