Прывітанне, шаноўныя слухачы! З Новым годам! Сёння ўсё пачынаецца, як мы любім казаць, нібыта з чыстага ліста. Што мы на ім «напішам», залежыць у першую чаргу ад нас, ад падараванага нам лёсу ды ад таго, як мы будзем сябе паводзіць у нашым агульным доме – на планеце Зямля!
Каб набрацца добрых думак і надзей, многія вяртаюцца да сваіх вытокаў, родных мясцін, да тых снежна-марозных зім, цеплыні вясковай хаты, да матулі і ёлкі маленства. Пра гэта і ў вашых лістах.
«Памятаю сустрэчу 1971 года. Тады я вучылася ў сёмым класе»,– падзялілася неяк даўней сваёй навагодняй гісторыяй Алена Іванаўна Шышко з вёскі Заверша Драгічынскага раёна. І далей пра тое, як ёй даручылі ролю Снягуркі, як мама пашыла з марлі сукенку з прыгожымі гузікамі і пышнымі фалдамі, як дастала з куфра пацеркі. І як яны, дзеці, цанілі ўсё, зробленае сваімі рукамі. Тады ў крамах не было такога багацця, як цяпер.
Ганна Фёдараўна Чэпік з Мінска прыгадала гісторыю, калі яна на навагоднім свяце была... Дзедам Марозам! У далёкім 1975 годзе. «Прыгоды пачаліся яшчэ па дарозе, калі мы са Снягуркай Таццянай Караткевіч спяшаліся ў клуб. Пераходзілі цераз шашу, – радкі з яе ліста, – якраз на Новалукомль ішоў рэйсавы аўтобус. Вадзіцель, заўважыўшы нас, суцішыў хуткасць, сігналіў, вітаў. І мы яго таксама. І пасажыраў. Было адчуванне еднасці і сапраўднага свята!..»
Вяртанні ў мінулае – гэта таксама эмоцыі і пачуцці. І нават здзіўленні! Аказваецца, раней, ажно да 1947 года, 1-га студзеня заставаўся працоўным днём. У Савецкім Саюзе ў рамках атэістычнай кампаніі афіцыйна было адменена святкаванне не толькі Ражаства, а і Новага года. Нават хадзілі па вуліцах спецыяльныя патрулі, наглядалі за тым, каб не дапусціць падрыхтоўку да свята!..
Цікавая гісторыя і з Дзедам Марозам. Па адной з версій, ён прыйшоў да нас са славянскай язычніцкай міфалогіі ад вобразаў усіх зімовых багоў, якім пакланяліся і нашы продкі. Раней, да пачатку XX стагоддзя, у нас, на Беларусі, гаспадарыў Зюзя, у меру суровы і добры. У пачатку 2000-х гадоў ён выйшаў з небыцця і прапісаўся ў Пастаўскім раёне. Некалькі гадоў прымаў гасцей у фальклорна-міфалагічным комплексе «Азяркі». Славіўся сваёй гасціннасцю. Зюзя любіць дзяцей, гатовы прыносіць ім падарункі, як і Дзед Мароз.
Ведаю нямала гісторый (пра іх і ў вашых лістах), калі навагоднія падарункі і цацкі маленства жывуць з іх уладальнікамі да сталага ўзросту. Кранальныя рэчы. Вельмі шчымліва і тое, калі жанчына паважанага ўзросту, былая блакадніца, звярнулася на адрас адной вядомай тэлепраграмы з просьбай падарыць ёй... ляльку. Хацела, пэўна, вярнуць тым самым хоць кропельку адабранага вайной дзяцінства.
У навагоднія і калядныя дні ажываюць успаміны і пра асобныя жыццёвыя імгненні. А калі іх занатавана дзясяткі, сотні, а то і тысячы?!. Як у вядомага фотакарэспандэнта, аўтара кнігі «Кола дзён» Яўгена Пясецкага! Кожны яго здымак спалучаецца з паэтычным словам, з маленькімі споведзямі пра людзей і сустрэчы, якія «прышпіліліся» (гэта яго слоўца!) да памяці. Адна з іх адбылася гадоў дзесяць таму, падчас камандзіроўкі ў Горнінскім праваслаўным манастыры Іерусаліма. Ён ішоў па алеі з фотакамерай у пошуках цікавага кадра. Убачыў жанчыну ў сутане. Пазнаёміліся. Аказалася, Вольга прыехала з Барысава і вось ужо некалькі гадоў паслушніца гэтага манастыра. На фота бачна, сумуе па радзіме. А віншаванне ад земляка-фотажурналіста яна прыняла, як казачна-чароўную навагоднюю вестачку. Такія імгненні не забываюцца!
І ў кожнага з нас яны былі, ёсць і будуць. З гэтым, мяркую, пагодзіцца і яшчэ адна наша слухачка – Зузана Грабоўская са Шчучынскага раёна. Ёй вельмі запомнілася зіма 1969 года і, магчыма, такі навагодні час. У сваім лісце яна расказала пра тое, што некалі працавала настаўніцай у адной аддаленай вёсачцы. Аўтобусы хадзілі рэдка, даводзілася дабірацца ці па дарозе, ці нацянькі. Узгадала пра завіруху і хутар, на якім неспадзявана апынулася і дзе яе абагрэлі чулыя людзі. Таксама ж імгненні, якія прынеслі нямала хваляванняў, але ўсё скончылася добра.
...Першы дзень новага, 2021 года! Змяняюцца стагоддзі, традыцыі і абрады свята. Змяняюцца і нашы адносіны да шумных застолляў і піратэхнічных феерверкаў за вокнамі. Застаецца, мне думаецца, галоўнае – вера і нашы шчырыя спадзяванні на тое, што гэты год прынясе нам здароўе, дабрабыт, радасць і простае чалавечае шчасце. Усёй краіне. І кожнаму з нас.
З Новым годам!