Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Сакавіцкія матывы». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 06.03.2020
«Звычайныя гісторыі. Сакавіцкія матывы». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Сёння – пра ўсё тое мілае, шчымлівае, летуценнае! Пра жаночае! Скажам, «геранькі на падаконні», рамонкі і мімозы, пушыстыя «коцікі»! Нават пра кладачку і... тапачкі: зразумееце, што да чаго, крышачку пазней. Пра падарункі і словы прызнання! У каханні. Без усяго гэтага проста немагчыма абысціся ў гэтыя дні, бо хутка ж 8 Сакавіка!

Як і ў кожнага свята, тут ёсць свая гісторыя! Пра Клару Цэткін і яе сяброўку Розу Люксембург ведаюць, канешне ж, усе. Як і пра тое, што яшчэ ў Старажытным Рыме, праўда, у першы дзень вясны, ушаноўвалі жанчын, акружалі іх увагай і клопатам. Цікавая гісторыя і пра тое, што толькі ў 1966 годзе ў былым Савецкім Саюзе, як раней казалі, «пры Брэжневе», 8 Сакавіка стаў непрацоўным днём. Кажуць, і тут не абышлося без жанчыны, якая своечасова «падказала» пра гэта кіраўніку дзяржавы.

Але ж да вашых лістоў.

«Памятаю, як калісьці мы віншавалі з сакавіцкім святам нашых матуль, бабуль, настаўніц. Усё было проста і сціпла. Загадзя ставілі ў ваду галінкі вярбы, каб на іх з’явіліся пушыстыя камячкі і лісцейка. Атрымліваліся прыгожыя і мілыя букецікі, – дзеліцца з намі Галіна Сцяпанаўна Крупянкова з Мінска. – У мясцовым клубе ладзіліся святочныя канцэрты. Мы, школьнікі, таксама ўдзельнічалі. Шылі нават аднолькавыя сукенкі для выступлення».

«Прадвесне, абуджэнне прыроды – гэта ж такая невыказная радасць! – заўважае Лілія Радзівонаўна Зарэцкая з Пастаўскага раёна. – Хутка зацвітуць «на вокнах» мае вазоны. Іх у мяне, напэўна, каля 30. І геранькі, канешне ж, ёсць». І далей пра тое, што здаўна любіць кветкі, іх яна шыкоўна вышывае. Палюбіла з тых пасляваенных часоў, калі людзі стараліся хоць нечым упрыгожыць сваё жытло. І жыццё. Памятае, як некалі пасадзіла каля новай хаты (былую спалілі немцы), пасярод камянёў, рамонкі!.. «Усяму прыгожаму па-дзіцячаму радуецца маё старэнькае сэрца і цяпер. Мне 78», – дадае Лілія Радзівонаўна. Заўважылі, яе ж імя – таксама «кветачка», ды яшчэ якая!

«Мне ўзгадваецца гісторыя з маёй маладосці, – піша Людміла Сямёнаўна Трыбуналава з Мінска. – Лета 1976-га. Студэнцкі атрад. Працавалі ў Слабадзейскім раёне Малдавіі. Маладыя, вясёлыя, часта спявалі, едучы ў поле на адкрытым грузавіку». І далей пра тое, як аднойчы давялося пераходзіць па кладачцы. Людміла пасклізнулася, згубіла тапак. Доўга не думаючы, зняла другі і кінула ў тую глыбокую канаву. І якое ж было яе здзіўленне, калі ўвечары яна ўбачыла свае тапкі каля дзвярэй пакоя. І да гэтага часу не здагадваецца, хто ж з хлопцаў «вылавіў» тыя тапкі?!. Мне думаецца, якраз той, які закахаўся ў Людмілу. І яго ўчынак – гэта, напэўна, знак асаблівай увагі і прыхільнасці. Знак кахання.

Прыгадваюцца сёння і сустрэчы ў студыі праграмы «Галерэя». З выдатнымі жанчынамі, нашымі знакамітымі сучасніцамі: Марыяй Карпенка і Бэлай Масумян, Верай Вілковай і Кларай Малышавай, Раісай Баравіковай, Таццянай Старчанка, Наталляй Гайда, Ірынай Яромкінай і многімі-многімі іншымі! І кожная такая сустрэча – гэта споведзь пра жыццё, вясну, каханне, любімую прафесію, пра ісціны простыя і вечныя! Шчыры і сардэчны сакавіцкі радыёлетапіс! У ім ёсць і радкі пра адну з самых знакамітых жанчын планеты – першую ў свеце жанчыну-касманаўта Валянціну Церашкову. Недзе ў канцы 70-х яна была госцяй вялікай студыі Дома радыё, пра што сведчыць запіс з архіваў нашай фанатэкі. Валянціна Уладзіміраўна нарадзілася якраз у пачатку вясны, 6 сакавіка. Дарэчы, яе бацькі родам з Беларусі.

Міжнародны жаночы дзень узнік як дзень барацьбы за правы жанчын. Тыя далёкія ідэі і патрабаванні, шэсці і дэманстрацыі даўно адышлі ў гісторыю. Але ж і цяпер гэты сакавіцкі дзень застаецца любімым святам у многіх краінах свету: прывітанні і віншаванні, падарункі, кветкі! Тыя ж заўсёдныя мімозы! Хаця кажуць, што гэта, на самай справе, серабрыстая акацыя! Вось бачыце, назвы святочных сімвалаў таксама праходзяць праверку часам.

І яшчэ. Сакавіцкія матывы – гэта прадчуванне вясны, неверагодна шчаслівае рамантычнае ўзрушэнне, надзея на тое, што твая запаветная мара абавязкова збудзецца.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: