Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Салаўіныя ночы». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 20.05.2022
«Звычайныя гісторыі. Салаўіныя ночы». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Гэтым разам – пра салаўіную пару. Надзвычай радасную і хвалюючую з’яву, да якой нераўнадушныя не толькі творчыя асобы. Напэўна, кожны з вас мог бы ўзгадаць вершаваныя радкі, песні-прысвячэнні гэтым мілым птушачкам, іх спевам. І, вядома ж, свае незабыўныя рамантычныя гісторыі з маладосці. Бо як тонка і кранальна заўважыў паэт Сяргей Грахоўскі, «усё трымцела ў сэрцы і душы», калі ў «заранкавай цішы» радасна зацёхкаў салавей. Таямнічыя хвіліны!

Некаторыя факты прымушаюць не толькі захапляцца спевамі, але і паважаць гэтых рупліўцаў. Восем гадоў жыцця і тысячы калорый дзеля адной мэты – абвяшчаць сваімі трэлямі вясну, абуджаць пачуцці, прыносіць людзям радасць.

Як заўважаюць вучоныя-арнітолагі, салаўі пачынаюць спяваць недзе праз тыдзень пасля вяртання на радзіму з афрыканскіх краін. Іх спевы – гэта разнастайныя кампазіцыі, дзе чутны свіст, вуркатанне, няспешны тэмп, характэрны пошчак і цёхканне. Асабіста мяне вельмі ўразіў наступны факт: да 80 працэнтаў сваёй вагі губляе птушка падчас спеваў. І столькі ж корму з’ядае, каб кампенсаваць выдаткаваную энергію.

Большую частку года салаўі праводзяць у афрыканскіх краінах. Але ж там пачуць іх песні немагчыма, а толькі падчас шлюбнага перыяду, які праходзіць ужо ў нашых шыротах. Цікава, адпраўляючыся на зімоўку, салаўі пераадольваюць адлегласць у 6500 кіламетраў! Вучонымі заўважана, што гэтыя птушкі гняздуюцца толькі ў прыдатных з экалагічнага пункту гледжання мясцінах, такім чынам наяўнасць салаўёў і іх шчыльнасць – своеасаблівы індыкатар навакольнага асяроддзя.

Шмат цікавага можна пачуць пра салаўя і ў адзіным ў нашай краіне музеі, які знаходзіцца ў памяшканні Слуцкага эколага-біялагічнага цэнтра навучэнцаў. Перад гэтым эфірам мы размаўлялі з яго дырэктарам Тамарай Калядой. Гэта ёй і яе аднадумцам прыйшла ідэя адкрыць такі музей. Спачатку назапашвалі матэрыял, удзельнічалі ў шматлікіх акцыях і праектах, конкурсах, апытаннях. «Нельга адназначна казаць, што Слуцк і наваколлі – салаўіны край, – дзеліцца з намі Тамара Анатольеўна, – але ж іх тут шмат. Нават у акрузе вуліцы Багдановіча, дзе размяшчаецца наша навучальная ўстанова, ёсць тры асноўныя «салаўіныя кропкі». Непадалёку ж – лесапаласа, рэчка, таму птушкі даўно аблюбавалі гэты куточак». І далей пра тое, якія экспанаты найбольш прыцягваюць увагу наведвальнікаў.

Канешне ж сімвал Слуцка – розныя фігуркі салаўя, малюнкі дзяцей, матэрыялы, якія расказваюць пра «Птушку года» (дарэчы сёлета – гэта белая блакітніца). Тут сабраны разнастайныя і цікавыя факты. Ёсць нават афіша балета «Салавей» па аднайменнай аповесці Змітрака Бядулі. У аснове сцэнарыя – лёс артыста прыватнага панскага тэатра Сымона Салаўя і яго кахання да прыгажуні Зоські. Найцікавейшая гісторыя! Менавіта гэтая пастаноўка з’яўляецца першым беларускім балетам: прэм’ера адбылася 11 мая 1939 года на сцэне Мінскага тэатра оперы і балета. У 1941 годзе на дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве на спектаклі прысутнічаў Сталін. У фінальным танцы на сцэне задзейнічаны ажно 100 пар! За гэтую пастаноўку тэатр ўзнагароджаны ордэнам Леніна, а таксама атрымаў права называцца Дзяржаўным вялікім тэатрам оперы і балета. Відаць, тагачаснаму савецкаму лідару балет «Салавей» спадабаўся.

Здаўна людзі шанавалі гэтую пеўчую птушачку. Нават назвы сваім вёскам давалі ў яе гонар. Салаўі ёсць у Астравецкім і Клецкім раёнах. І не толькі. Гэты спіс вы, паважаныя слухачы, можаце дапоўніць. Таксама дасылайце свае гісторыі, звязаныя з салаўямі ды з тымі рамантычнымі вечарамі, «калі на душы салаўі». У Салаўях жа Кухчыцкага сельсавета Клецкага раёна, пра якія мы толькі што ўзгадалі, пражывае каля 30 чалавек, у асноўным пенсіянеры. Здаўна там ладзяцца «маёўкі», з гарадоў да бацькоў прыязджаюць дзеці і ўнукі. Іх зямляк Аляксандр Палешка (ды і іншыя) шмат зрабілі для таго, каб іх малая радзіма заставалася прыгожай і прыцягальнай. І каб там па-ранейшаму спявалі салаўі.

«Успамінаю, як у 70-я гады мы атрымалі кватэру ў доме па вуліцы Чарвякова. Побач было яшчэ нямала прыватных дамоў з садамі-прысадамі. Ніколі не забуду той вечар, калі ну проста адчайна, на ўсю моц спявалі салаўі! Амаль што ў межах горада», – дзеліцца з намі мінчанка Святлана Фёдараўна Федарэнка. І далей пра тое, як важна не чарсцвець душой, захапляцца прыродай, адчуваць яе, вучыць гэтаму сваіх дзяцей і ўнукаў. Якраз гэта і выхоўвае дабрыню, уменне быць спагадлівымі і неабыякавымі людзьмі.

І яшчэ. Ёсць шмат песенных сюжэтаў пра салаўя. Людзі больш сталага веку, напэўна, прыгадаюць і песню з кінафільма «Вуліца маладосці» на словы Аляксея Фацьянава «У салаўіную ноч». Як нехта трапна заўважыў, салавей у маі – гэта аптымістычны запеў на вясну і лета. Абуджае самыя добрыя пачуцці і натхненне. Няхай так будзе заўсёды.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: