Сярод адметнасцей гэтага дня столькі ўсяго цікавага, што пра ўсё і не раскажаш. Гэта – Дзень геолага, Дзень матэматыка, Міжнародны дзень птушак ды іншыя. Але ж маю ўвагу прыцягнула зусім іншае: менавіта 1-га красавіка 1734 года ля берагоў Канады, на краі гранітнай скалы каля мястэчка Луісбург з’явіўся першы маяк. Хаця па меркаванні гісторыкаў, першынство усё ж належыць Александрыйскаму, аднаму з цудаў свету, які да нашых дзён не захаваўся.
А ці ёсць у нас, у Беларусі, маякі? Напрыклад, уздоўж рэк, якія раней былі суднаходныя.
Прыгадваю ліст (даўняя гісторыя) ад Святланы Лось з вёскі Іскра Светлагорскага раёна. Яе ўспаміны пра маленства і вандроўку па рацэ Бярэзіне на двухпалубным параходзе. На ім кожнае лета яны адпраўляліся ў госці да бабулі з дзядулем. «Шлях доўгі, некалькі гадзін, але ж тады людзі неяк менш спяшаліся, іншыя былі рытмы жыцця, затое больш заўважалі тую невыказную зямную прыгажосць», – зазначае Святлана. Напэўна, ліхтары-маякі, іх начныя агні ім таксама трапляліся.
Памятаю, як адна мая знаёмая расказвала пра драўляны маяк у лесе, непадалёку ад вёскі яе маленства, што ў Столінскім раёне. Яны, дзеці, любілі на яго лазіць. «Падымаешся па ступенях, здаецца і не вельмі высока, магчыма метраў 20, можа і больш, а злезці часам не адразу атрымлівалася: страх ахопліваў да дрыжыкаў, ногі рабіліся як ватныя. Нацерпішся такога, што надоўга прападала ахвота зноў туды ўзбірацца». Вось такія небяспечныя дзіцячыя забавы. Хутчэй за ўсё бацькі, занятыя працай, пра гэта і не ведалі.
Вельмі здзівілася таму, што, аказваецца, у Нароўлі ёсць альтанка-маяк! Яна стаіць непадалёку ад месца, дзе рэчка Нараўлянка злучаецца з Прыпяццю, належыць да архітэртурных каштоўнасцей горада. Альтанка пабудавана з цэглы ў стылі класіцызму, па-майстэрску атынкаваная. Ёсць сведчанні пра тое, што яна з’явілася хутчэй за ўсё адначасова з пачаткам будоўлі палаца-паркавага комплексу Горватаў у ХIХ стагоддзі ці нават раней, калі закладваўся парк. За гады свайго існавання маяк быў неаднаразова пашкоджаны, але жыхары горада аднаўлялі яго зноў і зноў, як сімвал свету, добрых надзей, як арыенцір з далёкага мінулага.
А на Случчыне ёсць вёска Маяк. Былая Дзюрдзева. «Цяпер там 96 двароў, 190 жыхароў. Летам прыязджаюць дачнікі», – дзеліцца з намі старшыня Грэскага сельсавета Леанід Русаковіч. Дарэчы, сам ён родам менавіта з вёскі Маяк. Леанід Мікалаевіч распавёў цікавую гісторыю і пра тое, што ў мясцінах яго дзяцінства здаўна ляжыць агромністы камень. Цікава, што ляднік сюды не дайшоў, значыць ён хутчэй за ўсё іншага паходжання. З ім звязаны легенды. У народзе яго называюць «святы камень». Казалі, што раней там стаяў крыж. І быццам бы на ім адпачываў сам Бог, абапёршыся локцем на яго. Але гэта не перашкодзіла аднаму мясцоваму камуністу адпіліць частку каменя і прыстасаваць яго пад вугал хаты. А яшчэ здаўна хадзілі чуткі пра тое, што напой з імху, які рос на гэтым камені, дапамагаў ад хвароб. Частка яго наогул не абрастае мохам і заўсёды халодная. Вось колькі дзівосаў вакол вёскі з назвай Маяк, што непадалёку ад Слуцка. Дарэчы, у Магілёўскім раёне таксама ёсць вёска з такой назвай, уваходзіць у склад Вендаражскага сельсавета. Можна ўзгадаць таксама і населены пункт Красны Маяк на Гомельшчыне.
Памятаю, як адна наша слухачка захаплялася краявідамі Браслаўскіх азёр. Даслала нават выявы тых мясцін. Цяпер я разумею, што гэта была гара Маяк – адзін з самых высокіх пагоркаў у ваколіцы. Уваходзіць у групу ўзвышшаў Кезікаўскіх гор. Вышыня Маяка складае каля 45 метраў, абсалютная вышыня над узроўнем мора дасягае 174 метры. На вяршыні пагорка, зрэшты, Маяка, абсталявана спецыяльная турыстычная назіральная пляцоўка, адкуль добра праглядваецца наваколле. Вось вам яшчэ адзін «беларускі маяк».
Ці Маяк у Валожынскім раёне каля вёскі Шапавалы. Чацвёртая па вышыні гара ў Беларусі. Вышэйшая кропка Заслаўскага ўзвышша. Ля падножжа гары знаходзяцца вытокі рэк Уша і Свіслач.
«Памятаю, як мая мама распавядала пра сваё дзяцінства і маякі-ліхтары на Прыпяці, – радкі ад нашай пастаяннай слухачкі Ірыны з Мінска, – яны свяціліся ўздоўж берага. Мясцовыя жыхары так і называлі ўрочышча, дзе некалі касілі сена, ля Маяка. Вярталіся позна, у прыцемках. І было ў гэтым святле ліхтара, які ўзвышаўся па-над Прыпяццю, нешта чароўнае і загадкавае».
А яшчэ, мне здаецца, у маяках, што ўздоўж марскіх і рачных берагоў, ды і на сушы, жыве асаблівае святло. І надзея на лепшае. Так было здаўна. Людзі кіраваліся гэтым арыенцірам, верылі яму, з удзячнасцю распавядаючы пра тыя неверагодна шчырыя гісторыі, звязаныя з маякамі. Магчыма ў вас таксама ёсць свая гісторыя. Калі так, пішыце на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.