Нядаўна мы распавядалі (вядома ж, разам з вамі!) пра вяртанні ў маладосць, пра тыя незабыўныя імгненні, якія, безумоўна, саграваюць душу. Некаторыя з вас узгадвалі і пра першыя спатканні, святло якіх таксама застаецца назаўсёды.
Сёння мы зноў звернемся да вашых лістоў, а перад усім – маё ўражанне, нават узрушэнне ад адной тэлефоннай размовы. З мінчанкай Валянцінай Цімафееўнай Завадновай. Родам яна з гарадскога пасёлка Бобр Крупскага раёна. Падзялілася з намі пра тое, што ў 1968 годзе яе каханы служыў у Чэхаславакіі падчас сумнавядомых падзей. Валянціна перажывала, бо доўга не было пісьмаў. Аднойчы стаяла яна на прыступках мясцовага Дома культуры. Была субота, моладзь збіралася на танцы. І раптам адчула знаёмы дотык Валодзевых рук, нават падумала, што ёй прымроілася. Вось дык нечаканае спатканне! Валянціна Цімафееўна так яскрава памятае тыя імгненні і цяпер, больш чым праз 50 гадоў! Потым яны сустракаліся, перапісваліся, ішла размова пра будучае вяселле, аднак лёс распарадзіўся па-іншаму. Было ў яе і яшчэ адно... спатканне з Валодзем. У Падмаскоўі, на месцы яго апошняга зямнога прытулку. З сабой яна захапіла жменьку зямлі з радзімы ды чарніц, якімі славяцца крупскія лясы.
«Сустрэч і спатканняў у жыцці было шмат, а вось гэтая чамусьці асабліва помніцца, – радкі з ліста ад Рэгіны Норбертаўны Ластоўскай з Пастаўскага раёна. – Было гэта ў 70-я гады ў Глыбокім. Я чакала аўтобус на Паставы. Заўважаю, што на мяне ўвесь час пазірае хлопец. Потым стаў распытваць, задаваць шмат пытанняў, мяне гэта трошкі збянтэжыла». І далей пра тое, што хутка аб’явілі пасадку на яго аўтобус, яны так і не паспелі абмяняцца адрасамі. Праз два гады зноў сустрэліся! І таксама на вакзале, праўда на гэты раз у Паставах. І зноў неяк недарэчна развіталіся... Трэцяй сустрэчы, заўважае наша слухачка, так і не здарылася, хаця яны жывуць у суседніх раёнах.
«Напэўна ў кожнага чалавека ёсць гісторыя, якую ён памятае ўсё жыццё, – гэта ўжо радкі з ліста ад Ларысы з Салігорска. – У пачатку 70-х вучылася ў тэхнікуме. Была на практыцы ў горадзе Дзяржынску Мінскай вобласці. Там пазнаёмілася з Леанідам. Зірнула на яго і падумала: «Я буду кахаць яго ўсё жыццё». І далей пра тое, што іх першае спатканне доўжылася да ранку: яны хадзілі вуліцамі гарадка, размаўлялі, але, чамусьці, не абмяняліся адрасамі. Як потым яна даведалася, Леанід шукаў яе, перапытваў сяброўку, але тая чамусьці не захацела даваць яе адрас. Так яны больш ніколі і не ўбачыліся.
Мінула нямала гадоў, а я і дагэтуль памятаю тую сустрэчу. У сям’і Ніны Георгіеўны і Івана Іосіфавіча Шчарбіных. Медсястры санітарнага поезда і артылерыста, зампаліта 171-га гвардзейскага палка, які пазней атрымаў званне генерал-маёра. Упершыню яны спаткаліся пад Сталінградам. У 1944-м, на тэрыторыі Малдавіі, трапілі пад жудасную бамбёжку. Іх акоп засыпала зямлёй. Але ж ім пашчасціла выбрацца. У знак выратавання яны вырашылі пабрацца шлюбам, што і зрабілі, праўда крыху пазней. Пражылі годнае і шчаслівае жыццё, паспелі адзначыць залатое, затым брыльянтавае вяселле.
Сустрэчы і спатканні падчас вайны – гэта яшчэ адна шчымлівая старонка летапісу Вялікай Айчыннай. Шмат цікавых сведчанняў, дакументаў, фотаздымкаў ёсць пра гэта і ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Запомніліся нашы творчыя стасункі з былой супрацоўніцай музея Святланай Міхайлаўнай Язерскай. «Ці ж можна не хвалявацца, – казала яна, – гледзячы на кніжку чырвонаармейца, на якой штамп аб шлюбе!.. Ці, скажам, на здымак, дзе ён і яна. Пазычанае шлюбнае ўбранне нявесты здаецца асабліва кранальным на фоне гімнасцёркі франтавіка». Якія цікавыя гісторыі распавядала Святлана Міхайлаўна пра сем’і Прыходзькаў, Чарвяковых, Волкавых ды іншых! Многія з іх дайшлі да Берліна, і ў пераможным маі 45-га года пабраліся шлюбам.
Як пазначана ў кампетэнтных крыніцах, «спатканне – адна з форм сацыянальнага ўзаемадзеяння. Гэта цэлы свет са сваімі законамі і рытуаламі». А колькі твораў мастацтва прысвечана гэтым шчырым і кранальным стасункам! Узгадаем Максіма Багдановіча і яго нязгасную зорку Венеру. У паэта-песенніка Аляксандра Лягчылава ёсць нямала цудоўных радкоў пра першае спатканне, у Раісы Баравіковай у зборніку лірыкі «Пад небам першага спаткання» і многіх-многіх іншых.
Ну, а цяпер, калі душа настроена на восень, асаблівую цеплыню і асалоду выклікаюць і паэтычныя радкі Міколы Лешчуна пра тое, што «восень сцежку лісцем замяла і змрокам сум накінула на плечы», але ж чакальны касцёр яшчэ доўга будзе гарэць, цепліць душу нават у тыя моманты, калі можна «азябнуць ад бязмоўнае гаворкі».
Упэўнена, у вас таксама ёсць нямала такіх гісторый і кранальных успамінаў. Дасылайце іх на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.