Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Суніцы маленства». Радыёблог Валянціны Стэльмах
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 09.07.2021
«Звычайныя гісторыі. Суніцы маленства». Радыёблог Валянціны Стэльмах

Не перастаю здзіўляцца народным паданням, павер’ям ды прыкметам! Аказваецца, і сённяшні дзень абвіты прыгожымі легендамі аб суніцах ці пазёмках, сонечных ягадах, якія вызначаюцца асаблівымі лекавымі ўласцівасцямі, засцерагаюць ад хвароб, умацоўваюць здароўе. Паводле рускага народнага календара 9-га ліпеня – дзень Давыда Землянічніка.

«З суніцамі звязана ўсё маё маленства, – дзеліцца з намі жыхарка вёскі Даўжані Мядзельскага раёна Галіна, – раней збіраць іх хадзілі звычайна ў чэрвені. Пра сунічны дзень, ды яшчэ ліпеньскі, прызнацца, не чула». І далей пра тое, як яны, дзеці, радаваліся лясным вандроўкам, любілі слухаць расповеды маці пра кожнае дрэўца, раслінку, ягадку, звяркоў ды птушак. Менавіта ў такія моманты і нараджаецца пачуццё любові да роднай зямлі.

Вядомы філолаг, даследчык даўніны, аўтар кнігі «Беларускія месяцы. Чаму іх так называюць» Уладзімір Куліковіч характарызуе ліпень, як шчодры на фарбы і пахі, тых жа суніц, чабору, мяты, і, вядома ж, ліпы, сакральнага для беларусаў дрэва. У народзе гэты месяц яшчэ называюць бялец (час, калі адбельвалі палатно), гразавік, навальнічнік, страднік, косень ды іншыя.

Бязмежна любіць сваю «вёску-вёсачку» (так і напісана) Заніўе Драгічынскага раёна Лена Тумасыкова. Цяпер яна жыве ў Кобрыне. Мы ўдзячныя вам за ліст. Толькі, калі ласка, пішыце разборліва, асабліва прозвішчы і назвы населеных пунктаў. Сваёй вёсачцы маленства Лена (прозвішча па бацьку не пазначана) прысвяціла цэлую споведзь, а таксама сваім дзядулю-бабулі, іх сядзібе і хаце, у якой заўсёды было ўтульна і цёпла. І смачна! Шкваркі, яечня, сала, агуркі, малако са збаночка. Узгадала і пра сваіх вясковых сябровак Зою, Ліду, Соню, Лену, а таксама пра вядомых людзей Заніўя. Аўтар ліста вельмі ўдзячная земляку Анатолю Дзенісейку, які прысвяціў гэтай палескай вёсачцы кнігу-нарыс: ад гісторыі і да сучасных дзён.

«У вёсцы Ягадка Бярэзінскага раёна жыве Соф’я Джэгера, дзявочае прозвішча Верамейчык. Яна – захавальніца сваёй (і маёй) малой радзімы і тых традыцый, якія існавалі спакон веку. Цяпер там, як ні сумна казаць, жывуць усяго чатыры жанчыны» – радкі з ліста ад Галіны Усцінаўны Шайковай з Магілёва.

Тэлефаную ў вёску Ягадка. «Чаму назва такая? – перапытваецца Соф’я Мацвееўна. – Ды ягад тут поўна: суніцы, чарніцы, журавіны!..» І далей пра тое, што ўсё сваё жыццё працавала ў мясцовым калгасе. Хутка ёй 80, але сядзець без справы не любіць. Займаецца агародам, кветкамі. У Соф’і Мацвееўны пяцёра ўнукаў, чатыры праўнукі.

Своеасаблівы сунічны край у хуткім часе можа з’явіцца і ў вёсцы Велямічы Столінскага раёна. Мясцовыя прадпрымальнікі Іван Давідчук, Канстанцін Машлякевіч і Міхаіл Супрунчык (да іх далучаюцца іншыя вяскоўцы) зацікавіліся вырошчваннем суніц у парніку. Аказалася, што гэта больш выгадная справа, чым нават агуркі.

      Гэта – бізнес. А нам хочацца захапіцца тымі «чароўнымі кропелькамі, што ўвабралі ў сябе фарбы і пахі лета, нават птушыныя спевы», як піша пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік. І ўзгадаць маміну загадку, якая помніцца і яму з дзяцінства: «Сядзіць паненка ў чырвонай сукенцы, хто яе ўбачыць, той і паклоніцца».

      Сваё прызнанне вёсцы, роднаму краю, лясам і пералескам, палям і лугам, (ды і сунічным палянам!) рабілі і робяць многія нашы слухачы. Прыемна чытаць вашы шчырыя, пранікнёныя лісты. «Мае родныя Пузавічы і ваколіцы – гэта непаўторны помнік прыроды, сапраўдны цуд. Векапомныя дубы і ліпы, ясеневыя, бярозавыя гаі. Раней ля кожнай хаты – кусты язміну і чаромхі, бэзу. А салаўіныя спевы! Заслухацца!» – радкі з ліста ад Кацярыны Фярковіч з Браслаўскага раёна. Падчас тэлефоннай размовы Кацярына расказала пра тое, што ягадных палян паблізу няма, тым больш сунічных, па чарніцы таксама трэба ехаць у іншыя мясціны. Затое непадалёку найпрыгажэйшае васільковае поле, куды любяць хадзіць яе ўнукі, якія прыязджаюць на летнія канікулы. Дапамагаюць палоць агарод, нарыхтоўваць сена, як і бабуля, шчыруюць на падворку.

Наша слухачка з Мінска Галіна Крупянкова часта прыгадвае вёску маленства Юраўку. Ёй сніцца невялічкая рэчка Касіна, поплаў, дзе ўлетку паўсюль цвілі кветкі, а такама сад і духмяныя антонаўкі. «Усё цяжэй сабрацца і паехаць на радзіму, – заўважае Галіна Сцяпанаўна, – але аднойчы мне прысніўся мой сад, я хадзіла паміж дрэвамі, любавалася, як ён цвіце. Раніцай прачнулася з цудоўным настроем, а праз колькі часу паездка на радзіму ўсё ж адбылася».

Мяркую, што ў гэты «сунічны дзень», а менавіта такім лічыцца ў народзе 9-ае ліпеня, хтосьці абавязкова паспрабуе знайсці сваю сунічную палянку. І зробіць гэта з самай раніцы, як раяць нашы продкі. А хтосьці проста захоча апынуцца ў тым родным куточку, які называецца малой радзімай. Пахадзіць, падыхаць, набрацца сіл: фізічных і духоўных. Бо, як заўважыў некалі наш славуты пясняр Янка Купала:

Жыве з ім дум маіх сям’я

І сніць з ім сны нязводныя...

Завецца ж спадчына мая

Ўсяго Старонкай Роднаю.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: