Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Такімі чэрвеньскімі днямі...» Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 25.06.2021
«Звычайныя гісторыі. Такімі чэрвеньскімі днямі...» Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Калі шчыра, то сёння хацелася паразмаўляць з вамі пра лета, колеры чэрвеня, сенакосную пару. Але ж менавіта 25 чэрвеня нямала адметных дат і падзей, звязаных з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. Таму ўзгадаем пра іх. Як і заўсёды, прачытаем радкі з вашых лістоў.

«Да вайны мы жылі ў пасёлку Якаўлевічы Аршанскага раёна, – піша Любоў Красікава з Мінска. – Мае бацькі працавалі на суконнай фабрыцы: тата – начальнікам цэха, мама – ткачыхай». І далей пра тое, што, калі пачалася вайна, яны паспрабавалі эвакуіравацца, але ж давялося вярнуцца: гітлераўцы былі ўжо ў Смаленску. Яе тата, Дзмітрый Сотнікаў, далучыўся да Аршанскага падполля, яго пазнаёмілі з Канстанцінам Заслонавым. Да красавіка 1943 года прымаў удзел у падпольнай барацьбе, быў сувязным 115-ай Горацкай брыгады Магілёўскай вобласці. Пазней яго і іншых баявых таварышаў гестапаўцы замучылі ў засценках пажарнага дэпо ў чэрвені 1943 года.

У баі за вёску Шалашына таго ж Аршанскага раёна смерцю героя загінуў гвардзеец стралковага палка Юрый Смірноў. Менавіта ў такі чэрвеньскі дзень, толькі 1944 года, ён быў цяжка паранены, трапіў у палон, але не выдаў ваенную тайну нават пад здзекамі і катаваннямі, быў распяты фашыстамі на сцяне бліндажа. Пахаваны ў пасёлку Арэхаўск Віцебскай вобласці. Пасмяротна яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У самыя першыя дні вайны, 25 чэрвеня 1941 года, лётчык Канстанцін Аборын пратараніў нямецкі бамбардзіроўшчык і змог пасадзіць свой МіГ. Пра гэты подзвіг у начным небе пад Адэсай паведамлялі армейскія газеты, паэт Сяргей Міхалкоў прысвяціў герою вершаваныя радкі.

25 чэрвеня 1943 года на Карэльскім фронце байцы лейтэнанта Аляксея Федчанкі сабралі 17 тысяч рублёў на новую кулямётную батарэю, якую ім і ўручылі па загадзе Сталіна. Ёсць нямала і іншых прыкладаў у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, калі за асабістыя зберажэнні набывалі самалёты, легендарныя «кацюшы», зброю ды іншае.

І зноў да нашай пошты.

Соф’я Меляшкевіч з пасёлка Мар’іна Пухавіцкага раёна даслала на адрас праграмы невялічкі зборнічак вершаў, у якім ёсць радкі і пра вайну. Два яе браты былі звязаны з падполлем, выконвалі даручэнні камандзіра партызанскай брыгады імя Варашылава тады Вілейскай вобласці, савецкага афіцэра, пазней Героя Савецкага Саюза Фёдара Маркава. Соф’я Аляксандраўна падзялілася яшчэ і тым, як прыгожа ў Мар’іна квітнее чэрвень, пра сад і агарод, на якім яны з мужам завіхаюцца, нягледзячы на паважаны ўзрост.

Мы атрымалі і вельмі кранальную гісторыю ад Наталлі Бароўскай з Мінска. Пра ўчынак маці, якая гатова на ўсё дзеля сваіх дзяцей. Вось радкі з ліста: «Малады салдат на фронце страціў лыжку. І напісаў маці, што ўсё ў яго добра, але ж вось толькі загваздка з лыжкай. І маці прычапіла да трохвугольніка палявой пошты драўляную лыжку з запіскай: «Просьба даставіць на фронт сыну». Гэтае незвычайнае пісьмо дайшло». Нешта падобнае на казку, ці не так? Але ж гэта рэальная гісторыя! Пра маці і брата Наталлі Бароўскай, аўтара гэтага ліста. Брат Фелікс не дажыў да Перамогі, згарэў у танку ў ліпені 1944 года. Пахаваны ў брацкай магіле ў пасёлку Гарадзея Нясвіжскага раёна.

Што да адметных дат чэрвеня, дык менавіта 25 чэрвеня 1945 года адбыўся гістарычны Парад Перамогі ў Маскве ў гонар перамогі СССР над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне. Парад прымаў маршал Георгій Жукаў, камандаваў войскамі маршал Канстанцін Ракасоўскі. Спецыяльна для парада з Берліна быў дастаўлены Сцяг Перамогі, устаноўлены над рэйхстагам, аднак так склаліся абставіны, што яго так і не вынеслі. Кадры кінахронікі зафіксавалі і тое, як варожыя знамёны і штандары былі звегнуты на брусчатку Крамля. Ва ўрачыстым шэсці прынялі ўдзел каля 35 тысяч чалавек.

І за кожным крокам таго чэрвеньскага шэсця – выпрабаванні нашых пераможцаў на стойкасць, мужнасць, самаахвярнасць і самаадданасць роднай зямлі, якую яны абаранілі ад гітлераўскіх прышэльцаў у далёкія вогненныя саракавыя.

Успаміны ўдзельнікаў праграмы «Эпізоды Вялікай вайны» – гэта таксама ж своеасаблівы летапіс тых векапомных дзён. Час ідзе. І цяпер пра пачатак вайны (нядаўна споўнілася 80 гадоў з той сумнай даты) могуць узгадаць хіба што дзеці вайны, распавесці пра тое, што захавала іх дзіцячая памяць. Яны таксама ўжо людзі не маладыя, ім за 80, а то і 90. У чарговым выпуску «Эпізодаў» (у гэтую нядзелю, у 16 гадзін) сваімі ўспамінамі падзеліцца былы жыхар пасёлка Хароміцкія Уздзенскага раёна Іван Лятун. Ён прыгадае і лета 1944 года, вызваленне і подзвіг юнага героя Марата Казея, які загінуў якраз у яго родных мясцінах.

Чэрвень, лета... Дні, напоўненыя самымі рознымі падзеямі і ўспамінамі. Ад далёкай гісторыі і да нашых дзён. Свае жыццёвыя гісторыі дасылайце на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: