Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Такія вось роздумы на мяжы гадоў». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 31.12.2021
«Звычайныя гісторыі. Такія вось роздумы на мяжы гадоў». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Год 2021 адлічвае свае апошнія крокі. І неяк міжволі кожны з нас задумваецца аб тым, якім ён быў, што прынёс, чым парадаваў і чым засмуціў. З чарады дзён выбіраем, вядома ж, тыя, што запомніліся.

Перад гэтым эфірам я патэлефанавала некаторым нашым слухачам і аўтарам, пагартала вашыя лісты. Са стосіка выбрала тыя, у якіх вы ўспамінаеце пра сустрэчу Новага года. Часта гэта шчымлівыя вандроўкі ў мінулае, са снежнымі зімамі, маразамі ды завеямі, з цяплом і ўтульнасцю бацькоўскай хаты, матулінымі пірагамі, цацкамі маленства. Такія звычайныя і незабыўныя гісторыі!

«У нашай вёсцы была толькі пачатковая школа, таму ў пяты клас хадзілі за 7 кіламетраў у Падгорную, – радкі з ліста ад Марыі Карповіч з горада Баранавічы, – мы, дзеці, звычайна збіраліся гуртом. Старэйшыя хлопцы рабілі факелы з пакулля, запальвалі іх, асвятляючы дарогу, а яшчэ тым самым адпуджвалі ваўкоў. Калі моцна замятала, заставаліся начаваць у Падгорнай: хто ў сваякоў, хто ў інтэрнаце». Мы таксама пагутарылі з Марыяй Венядзіктаўнай, узгадалі пра нашы папярэднія стасункі, пра тое, што навагодняя пара абавязкова павінна дарыць людзям надзею на лепшае. І пра тое, што ўсе мы павінны быць дабрэйшымі, больш спагадлівымі, шанаваць сваю сям’ю, род і традыцыі.

Яшчэ адзін адрас, куды сёння таксама хочацца «зазірнуць». У вёску Заверша Драгічынскага раёна, да Алены Іванаўны Шышко. Не так даўно яна даслала нам мілую гісторыю са свайго дзяцінства. Пра мядзведзіка, які круціў кола, а ў маленькіх калысачках гушкаліся лялечкі. Тата спецыяльна вазіў яе ў Драгічын, каб паказаць гэты навагодні цуд, што свяціўся ў вокнах аднаго з дамоў. У тыя гады цацак было вельмі мала, таму людзі прыпыняліся, каб паглядзець на тое дзіва.

Ніна Мікалаеўна Апановіч з Ваўкавыскага раёна прыгадвае школьную ёлку. Гэта быў пачатак 60-х гадоў цяпер ужо мінулага стагоддзя. Школа размяшчалася ў былым маёнтку, у вёсцы Пятрэвічы Зэльвенскага раёна. Амаль што ўсе ўпрыгажэнні рабілі сваімі рукамі. Ланцужкі, ліхтарыкі ды іншае. Тады, у пачатку 60-х, дзеці ўпершыню ўбачылі бенгальскія агеньчыкі і бліскучы зялёны ёлачны «дожджык». Такія моманты запамінаюцца на ўсё жыццё.

Напэўна, як ніколі у такія дні памяць вядзе нас у мясціны маленства. У Зоі Мікалаеўны Пятровіч з Салігорска – гэта вёска Антанёва, што на Гродзеншчыне. «Помню куццю перад Ражаством. Тата прыносіў з адрыны духмянае сена, засцілаў стол. Мама накрывала яго саматканым абрусам. На стале – куцця, каўбасы, верашчака, бліны з макам, грыбны квас». І далей Зоя Мікалаеўна ўзгадала пра самы дарагі на свеце падарунак ад таты. За выдатную вучобу. Гэта быў невялічкі пакуначак цукерак «Ластаўка», у сініх бліскучых паперках. Ні грошай, ні магчымасцей купіць такія прысмакі тады не было. «Мінула шмат гадоў, – піша Зоя Мікалаеўна, – колькі самых розных падарункаў атрымала за жыццё! І ад вучняў, 35 гадоў адпрацавала настаўніцай, і ад родных і блізкіх, але ж тыя «Ластаўкі» ад таты, – бадай што самы дарагі ў маім жыцці».

Кажуць, што пад Новы год адбываюцца сапраўдныя цуды. Але ж, мне здаецца, далёка не з усімі. А толькі з тымі, хто здольны настроіць сваю душу на ўзвышанае, таямнічае і казачнае. Здараюцца і выпадкі, пасля якіх жыццё наладжваецца. Узгадваецца даўняя гісторыя ад Зінаіды Шэршань з Бераставіцкага раёна. Якраз 31 студзеня яна пазваніла сваёй сяброўцы, каб павіншаваць з надыходзячым Новым годам. Ці то нешта пераблыталі, ці то сувязь не так спрацавала, ёй тут жа перазваніў малады чалавек. Папрасіў не класці трубку, пагаварыць. Расказаў пра сваё няшчаснае каханне, пра тое, што сустракае Новы год у адзіноце. На што аўтар гэтага ліста параіла яму «выкінуць усё глупства з галавы і ісці да людзей». Запэўніла, што ён абавязкова знойдзе сваю другую палавінку. Што і казаць, словы падтрымкі, сказаныя своечасова, ратуюць чалавека ад неабачлівых крокаў.

А яшчэ ў такія хвіліны (да надыходу Новага года застаюцца лічаныя гадзіны) хочацца зазірнуць... на хутарок! Непадалёку ад вёскі Ясень Бабруйскага раёна. Мінула нямала гадоў, а я і дагэтуль памятаю гісторыю ад Марыі і Зінаіды. Прозвішчы не пазначаны. Здаецца, як і цяпер бачу некалькі заснежаных хатак, дымок, што сцелецца па-над дахамі, замеценыя дарогі, і толькі вузкая сцяжыначка, што злучае дзве хаты, праз дарогу – ад Зіны да Марыі. Раней тут жылі некалькі сем’яў, у кожнай па 5–6 дзяцей, усе цяпер раз’ехаліся, а яны так і не змаглі развітацца з гэтым мілым і дарагім іх сэрцу куточкам. Не ведаю, ці па-ранейшаму яны там, гэтыя адданыя хутаранкі, ці можа куды пераехалі?.. Раптам чуеце нас, буду вельмі рада, калі напішаце. І раскажаце сваю зімовую калядную гісторыю. З хутарочка!

Вось такія роздумы на мяжы гадоў. Паводле вашых лістоў. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4. Дом радыё. Чакаю звычайных і незвычайных гісторый, асветленых святам Новага года і Ражаства. Напоўненыя верай у лепшае і толькі добрымі надзеямі!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: