Нагода для сённяшняй гаворкі – вось гэтыя роздумы адной нашай слухачкі: «Чалавек робіцца лепшым не тады, калі ён выконвае нейкія рытуалы ды абрады, а калі штодня працуе над сабой: не зайздросціць, не злуецца, стараецца рабіць дабро і жыве ў гармоніі са сваім сумленнем».
Згадзіцеся, вельмі слушна! Пад «рытуаламі ды абрадамі» маюцца на ўвазе традыцыі, якія сваімі каранямі сыходзяць у далёкую мінуўшчыну, таму шмат пра што хочацца распавесці. І, вядома ж, звярнуцца да лістоў ды вашых думак, выказаных падчас сустрэч тут, на Чырвонай, 4.
«Калі мы пачынаем размаўляць пра традыцыі, мы, людзі розных нацыянальнасцей, гаворак, веравызнанняў, больш разумеем адно аднаго, – дзеліцца з намі дырэктар Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава Пятро Цалка. – Традыцыя, архаічная, сапраўдная, якая з глыбіні вякоў, – яна насамрэч адзіная. Гэта потым яе, так бы мовіць, падзялілі на розныя мовы, некаторыя знешнія моманты абрадаў, а вось тое пярвічнае звяно, архаічнае, яно і аб’ядноўнае нас у адзінае поле».
Што «расце» і будзе «расці» на гэтым полі, залежыць ад нас, ад таго, ці здолеем мы перадаць наступным пакаленням цікавасць, веды і пашану да народных традыцый. Бо, як заўважаюць многія нашы знакамітыя асобы, «толькі той народ, які даражыць сваёй гісторыяй, ахоўвае яе і павялічвае культурную і духоўную спадчыну папярэдніх пакаленняў, можа называцца нацыяй, народам».
Мы пераймаем усё тое існае і спрадвечнае ад нашых продкаў. Подых мінуўшчыны неяк больш адчуваецца, мне здаецца, у глыбінцы.
«У вёсцы Ягадка Бярэзінскага раёна жыве Соф’я Мацвееўна Джэгера, дзявочае прозвішча Верамейчык, – радкі з ліста ад Галіны Усцінаўны Шайковай з Магілёва. – Яна захавальніца сваёй (і маёй) малой радзімы і тых традыцый, якія існавалі спакон веку. Цяпер там, як ні сумна казаць, жывуць усяго чатыры жанчыны».
Перад эфірам тэлефаную ў вёску Ягадка. «Чаму назва такая? – перапытваецца Соф’я Мацвееўна. – Ды ягад тут поўна: чарніцы, суніцы, журавіны!..» І далей пра тое, што ўсё сваё жыццё працавала ў мясцовым калгасе. Хутка ёй 80, але сядзець без справы не любіць. Займаецца агародам, кветкамі. У Соф’і Мацвееўны пяцёра ўнукаў, чатыры праўнукі. «Дзеці добрыя ў мяне, летам прыязджаюць. Сын жыве непадалёку. Цяпер радасць на сэрцы, што хутка вясна. І дзянёк пабольшаў, і сіл нібыта прыбавілася, і, здаецца, ужо рукі цягнуцца да зямлі», – кажа яна. Вось якая адданая любоў і вернасць да роднага куточка, да сваёй Ягадкі – гэта, зрэшты, непарушная традыцыя, якую шануюць і захоўваюць простыя вясковыя жанчыны.
«З намі заўсёды жывуць незабыўныя моманты з маленства», – дзеліцца з намі Вольга Трыгубава з Гарадоцкага раёна. Гэты край, дарэчы, таксама славіцца сваімі адметнымі традыцыямі, культурай, рамёствамі. Тут аднавілі ўнікальную тэхніку ажурнага ткацтва. Мясцовыя майстрыхі вырабляюць найпрыгажэйшыя рэчы: абрусы, сурвэткі, ручнікі ды іншыя.
На той жа Віцебшчыне, у Дуброўне, выткалі самы доўгі ручнік-абярэг. Ён аздоблены пэўнымі сімваламі. Як і ў даўнія часы, у мудрагелістым арнаменце зашыфраваны абярэгі ад усялякіх нягод і бяды, неспадзяванак. У старажытных сімвалах і ўзорах таксама вера і надзея на лепшае.
Як адзначаюць навукоўцы, традыцыі і абрады – гэта сукупнасць умоўных дзеянняў, якія сімвалічна выражаюць і замацоўваюць адносіны людзей да прыроды і паміж сабой, іх паводзіны ў важных жыццёвых сітуацыях. Абрады – састаўная частка традыцыйна-бытавой культуры народа. Утрымліваюць у сабе элементы песеннага, харэаграфічнага, драматычнага, а таксама дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Хутка Грамніцы альбо Стрэчанне. Гэтае свята асабліва любілі і шанавалі нашы продкі, тлумачылі яго як сустрэчу зімы з вясной. І дагэтуль захавалася шмат метэаралагічных прыкмет, занатаваных у паэтычных мініяцюрах і песнях. Свята вызначалася знамянальным абрадам – асвячэннем свечак у царкве. У вёсцы Сіманічы Лельчыцкага раёна на Стрэчанне ўпрыгожвалі, аздаблялі ялінку, затым да яе прымацоўвалі грамнічную свечку. Ішлі за вёску да крыжа. Спявалі песні, іх у тым краі называюць «лелюшкамі». «Як расказвала мне мая бабуля, – распавядае дырэктар Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава Пятро Цалка, – дзяўчаты, якім давяралася несці гэтую ялінку, аберагалі яе, каб хто-небудзь з хлопцаў часам не адарваў хаця б маленечкую часцінку. Гэта быў своеасаблівы сімвал цнатлівасці і недаткнёнасці. А яшчэ вадзілі карагоды, гулялі ў «бацькаў-маці». І ўсё гэта сведчыць пра вялікае значэнне сям’і ў жыцці чалавека, пра тыя духоўныя каштоўнасці, што перадаваліся ад прадзедаў, бацькоў – дзецям. І ў гэтай повязі была і ёсць наша сіла», – зазначае Пятро Цалка.
Далучайцеся і вы, паважаныя слухачы, да размовы. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.