У гэтую нядзелю Троіца. Хрысціянскае свята, якое мае старажытныя карані. Яго называюць Сёмухай, гэта значыць сёмы тыдзень пасля Вялікадня, а таксама Зялёнымі святкамі. Выпадае на такую найпрыгажэйшую пару росквіту прыроды. Нягледзячы на пераважна летнія тэрміны адзначэння, Сёмуха сведчыла сабою развітанне з вясной. Казалі: «На Зелянец вясны канец».
У сваіх лістах вы ўзгадваеце пра тое, як у маленстве дапамагалі старэйшым рыхтавацца да гэтага свята. І як яго адзначалі. «У вёсцы, дзе нарадзілася і жыла мая мама, – дзеліцца наша пастаянная слухачка Ірына з Мінска, – неяк асабліва шанавалі Троіцу. Мылася-вымывалася ўсё ў хаце, вышароўвалася падлога, на яе рассцілалі свежы аер. Па яго звычайна хадзілі дзеці. Рос ён каля канавы, у нізкіх мясцінах, дзе заўсёды стаяла вада. З суседніх вёсак з’язджаліся ў госці сваякі, як тады казалі «на святок», а таксама дзеці, якія вучыліся ці працавалі ў Мінску ды іншых гарадах. Стараліся не парушаць гэтую традыцыю. Як і тое, што на другі дзень пасля Троіцы, у панядзелак, усе ішлі на могілкі «праведаць» сваіх родных. Апраналіся па-святочнаму, дзяўчатам абавязкова спраўлялі новыя сукенкі. Чамусьці было прынята фатаграфавацца. Шмат чаго пра Троіцу расказвала і мая бабуля».
«Малюнкі ранняга дзяцінства яркія і незабыўныя, – радкі з ліста ад Сцяпана Паўлавіча Нефідовіча з Лунінецкага раёна. – Яны нібыта кінакадры, не-не ды і прамільгнуць у памяці». І далей пра тое, як яны з братам хадзілі на луг, па шчаўе і пляшну. Так у тых краях называюць аер. У далёкія пасляваенныя гады яго ўжывалі нават у ежу. Так што гэта не толькі траецкая сімволіка.
Пра свята Троіцы ўзгадвае ў сваім лісце і Гелена Альбінаўна Грынько з Мінска. Заўсёды падкрэслівае, што нарадзілася ў вёсцы Васіліны Пастаўскага раёна.
«Часта ўспамінаю родную хату, дзе мы жылі дружнай сям’ёй: тата, мама, брат, сястра і я. У нас заўсёды было весела, часта спявалі, гасцей запрашалі. Вёска наша расцягнулася на 5 кіламетраў уздоўж рэчкі Дзісенкі, справа сады, сады!.. Хаты блізка сатялі адна каля адной. Цяпер мала там жыхароў засталося. Я ў сваю вёску, калі дазваляе здароўе, прыязджаю толькі адзін раз у год, на Троіцу, – працягвае Гелена Альбінаўна, – наведваем могілкі. Прыязджае святар, пеўчыя. Молімся за памерлых. Збіраецца шмат людзей, тут можна сустрэць знаёмых і сваякоў».
Перад гэтым эфірам я размаўляла з дырэктарам Веткаўскага музея стараверства Пятром Цалкам. Родам ён з вёскі Сіманічы Лельчыцкага раёна. Любіць і абагаўляе свой палескі край, ведае і захапляецца абрадамі, традыцыямі палешукоў. «Як і ў многіх куточках Беларусі, у маёй вёсцы на Троіцу асвячалі зёлкі, упрыгожвалі хаты, двары, гаспадарчыя забудовы зялёнымі галінкамі, засцілалі травамі падлогу. Культ зеляніны захоўваецца і дагэтуль», – дзеліцца ён. А яшчэ распавёў пра адметную традыцыю святкавання Троіцы ў вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёна. Там да нашых дзён захаваўся абрад «Провады русалкі». Адну з вясковых дзяўчат, самую прыгожую і абаяльную, выбіраюць на ролю русалкі, «шыюць»-майструюць ёй сукенку з зеляніны і кветак. Яна ўзначальвае шэсце праз усю вёску, і ніхто не мае права зайсці наперад. Дзея суправаджаецца песнямі, карагодамі. Затым у полі, пасярод жыта, русалчыну «сукенку», а таксама вяночак, здымаюць, разрываюць на часткі. Удзельнікі свята тут жа спяшаюцца падабраць зёлкі, бо лічылася, што яны маюць гаючыя ўласцівасці. Абрад «Провады русалкі» перадаецца з пакалення ў пакаленне, уваходзіць у Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.
Наогул, у свята шмат традыцыйнай еднасці царкоўнага з народным. Нашы продкі верылі, што ў гэтыя дні менавіта бярозкі назапашвалі лекавыя ўласцівасці, таму карысным лічыўся настой з іх лісця. А галінкі, прынесеныя ў хату, былі абярэгам ад злых духаў. На Троіцу нават раса станавілася лекавай.
У чарговым выпуску радыёпраграмы «Галерэя» адбудзецца сустрэча з педагогам, гісторыкам, культуролагам Людмілай Воранавай. Яна піша вершы, часта прысвячае іх родным мясцінам – вёсцы Залацеева, што ў Зэльвенскім раёне. Захапляецца «вербачкамі над рэчкай», «вечаровымі зарніцамі», «дзіватой з півоняў, касачоў», і людзьмі, сваімі землякамі. Яна заўсёды ў думках з бацькоўскім краем, «плыве да родных берагоў» праз усе свае гады. Людміла Віктараўна ўзгадала пра дзяцінства і як ў тыя гады святкавалі Сёмуху. Слухайце праграму «Галерэя» заўтра, у суботу, у 9:05 на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё.
Свае жыццёвыя гісторыі, звычайныя і незвычайныя, дасылайце на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.