Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. У памяці свае сцяжынкі». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 18.06.2021
«Звычайныя гісторыі. У памяці свае сцяжынкі». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Мы напярэдадні сумнай даты – 80-годдзя з пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Колькі разоў даводзілася і мне прамаўляць вось гэтае знаёмае не аднаму пакаленню: «22 чэрвеня 1941 года...

На досвітку тысячы варожых мін, снарадаў і авіябомб скінуты на Брэст, Брэсцкую крэпасць, іншыя пагранічныя заставы. Пазней, падчас раскопак на Цярэспальскім і Валынскім умацаваннях знойдуць гадзіннік, стрэлкі якога спыніліся ў 4 гадзіны 15 хвілін...»

Вайна параўнала ўсё з зямлёй, пакалечыла лёсы людзей, падзяліла жыццё на «да» і «пасля». Колькі шчымлівых споведзяў давялося пачуць і перажыць падчас шматлікіх сустрэч тут, на Чырвонай,4, ды ў самых розных куточках Беларусі!

Давайце і сёння пройдзем незабыўнымі сцяжынкамі памяці, узгадаем пра тыя падзеі і выпрабаванні, асобныя эпізоды. Звернемся, як і звычайна, да вашых лістоў.

«У пачатку вайны мне было пяць гадоў, – радкі з ліста ад Уладзіславы Афанасьеўны Старавойтавай з Магілёва. – Тады наша сям’я жыла ў вёсцы Пушча Бялыніцкага раёна. Засталіся ў памяці абрыўкі пра жудасныя дні акупацыі». І далей пра тое, як яны з мамай хадзілі ў лес, перадавалі партызанам хлеб ды іншую ежу. Маскіравалі пад грыбнікоў-ягаднікаў, моцна рызыкавалі. Яе тата быў партызанскім сувязным. Хутчэй за ўсё загінуў у нацысцкіх засценках, дакладных звестак пра яго сям’я так і не змагла знайсці».

Ніна Васільеўна Верамейчык, Гомель: «На ўсё жыццё ўрэзаўся ў памяць той дзень, калі немцы сагналі людзей у хлеў, замкнулі дзверы, каб падпаліць... Майму дзядулю неяк удалося збіць замок, таму многім пашчасціла выратавацца». І далей пра тое, як нехта выдаў дзеда. Яго білі нагамі, напусцілі сабак, ледзь жывога кінулі на агарод. Бабуля неяк выхадзіла, але ж ён ужо не мог хадзіць.

Сваімі кранальнымі гісторыямі з намі падзяліліся Тамара Львоўна Семіглазава з Гродна, Святлана Лукінічна Аліхвер з вёскі Ляхаўшчына Пастаўскага раёна, Тамара Фамінічна Падзялінская з вёскі Лосева, што на Гродзеншчыне, Сабіна Эдуардаўна Бруяка, Наталья Ільінічна Бароўская з Мінска і многія-многія іншыя.

Першымі ўдар ворага ў чэрвені 41-га прынялі пагранічнікі і воіны Брэсцкай крэпасці. На працягу амаль што месяца трымаліся яе абаронцы: «Паміраю, але не здаюся. Бывай, Радзіма!» Гэты надпіс на сценах крэпасці – сімвал мужнасці і стойкасці лейтэнанта Андрэя Кіжаватава, маёра Пятра Гаўрылава, капітана Івана Зубачова, палкавога камісара Яфіма Фаміна, лейтэнанта Аляксея Наганава ды іншых герояў. Сярод абаронцаў былі і жанчыны – Вера Харпецкая, Раіса Абакумава, Праскоўя Ткачова, якія пад кулямі і снарадамі аказвалі дапамогу раненым.

Узгадаем сёння і пра Дняпроўскі рубеж – Буйніцкае поле пад Магілёвам. 23 дні і ночы тут стаялі насмерць байцы 172-ой стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра Міхаіла Раманава. Моцна ўражваюць асобныя лічбы і факты. Напрыклад пра тое, што вакол горада 63(!) брацкія магілы, дзе знайшлі свой апошні прытулак больш чым 82 тысячы абаронцаў Магілёва. Ваенны карэспандэнт, пісьменнік Канстанцін Сіманаў, які пабываў у легендарным палку Сямёна Куцепава ў ліпені 1941 года, пазней напіша пра тыя падзеі свой вядомы раман «Жывыя і мёртвыя», пакіне завяшчанне развеяць свой прах над полем пад Магілёвам.

З першых дзён вайны на тэрыторыі Беларусі разгарнуўся буйнейшы ў Еўропе партызанскі і падпольны рух. 28 чэрвеня 1941 года ў наваколлі Пінска легендарны камандзір Васіль Корж правёў першы партызанскі бой у гісторыі Другой сусветнай вайны. А першымі партызанамі-героямі СССР сталі беларусы Ціхан Бумажкоў і Фёдар Паўлоўскі.

Аршанскае, Мінскае, Асіповіцкае ды іншыя падполлі, Клічаўская, Полацка-Лепельская, Акцябрская партызанскія зоны, знакамітыя Суражскія вароты – хіба ж можна пералічыць усе гэтыя трагічныя і гераічныя старонкі 80-гадовай гісторыі!

Вельмі важна, каб пра мінулую вайну ведалі і памяталі нашчадкі. Пра ваенныя аперацыі, баі, подзвігі франтавікоў, партызан і падпольшчыкаў. І пра лічбы, якія, паводле народнага мастака Беларусі Міхаіла Савіцкага, заўсёды будуць «на сэрцы» і ў ім. Услухайцеся толькі: за гады вайны зруйнавана больш за 200 беларускіх гарадоў. Нацысты правялі больш за 140 карных аперацый, поўнасцю альбо часткова знішчыўшы 5454 вёскі. У агні і пад бамбёжкамі загінулі каля трох мільёнаў жыхароў Беларусі. А колькі нашых суайчыннікаў паляглі на франтах, колькі ўдоў і дзяцей так і не дачакаліся сваіх мужоў і бацькоў з вайны. Даводзілася чытаць, каб ушанаваць хвілінай маўчання кожнага, хто загінуў толькі ў нашай Беларусі, то мы маўчалі б цэлыя чатыры гады!

І яшчэ. Штотыднёва, у нядзелю, у 16 гадзін на хвалі Беларускага радыё гучаць выпускі праграмы «Эпізоды Вялікай вайны». У іх мы па-ранейшаму звяртаемся да тых цяпер ужо далёкіх і незабыўных падзей. Пра свае сцяжынкі памяці расказвайце і вы, адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: