Падчас адной прыватнай аўтавандроўкі я апынулася ля руін Траецкай царквы, што ў вёсцы Маставікі Мядзельскага раёна. Як потым даведалася, яна пабудавана ў ХІХ стагоддзі. Перанесла вайну і разбурэнне ў сярэдзіне 60-х. Мяне моцна ўразіла такая акалічнасць: царква, ці тое, што ад яе засталося, хоць і ля дарогі, але воддаль ад вёскі. Чаму?.. У верасні 1943 года гэтую вёску (а было 33 двары) спалілі гітлераўскія карнікі. Людзі адбудавалі яе, але ўжо на новым месцы. Вось якая балючая гісторыя.
Ёю зацікавілася і настаўніца Княгінінскай сярэдняй школы (гэта непадалёку, той жа раён) Алена Рапановіч. Яны з вучнямі наведалі Маставікі, распыталі мясцовых жыхароў пра тыя падзеі. Звестак мала. Маюць намер звярнуцца ў мясцовы сельсавет, а таксама ў раённы музей і архівы. Мы дамовіліся, як цяпер кажуць, быць на сувязі, а калі атрымаюць новыя звесткі, абавязкова падзеляцца з намі. Алена Валер’еўна – выкладчыца гісторыі, дбае пра тое, каб школьнікі ведалі пра свой край, пра Княгінін ды іншыя знакавыя мясціны. Яна родам адсюль, таму абагаўляе кожны куточак. І кожны «слядочак» гісторыі: тут і Свята-Троіцкая царква – помнік драўлянага дойлідства, і школа, якую зрабілі на падмурку дома Юзэфы Паклеўскай, бо некалі гэта былі ўладанні шляхетнага роду Козел-Паклеўскіх. Ёсць тут і помнік – на мясцовых могілках – загінуўшым салдатам часоў Першай сусветнай вайны. У вёсцы знаходзіўся шпіталь. У тыя гады праз Княгінін пралягалі і ваенныя шляхі-дарогі сусветна вядомага мастака-авангардыста Казіміра Малевіча. Ну, а калі і вам даводзілася праязджаць па лініі Маладзечна-Полацк праз Княгінін, не маглі не звярнуць увагу на незвычайна прыгожы, самавіты будынак чыгуначнай станцыі. Па старажытных летапісах будынак вядомы ажно з канца ХV стагоддзя! Як сказала мая новая знаёмая Алена Рапановіч: «Любы падарожнік, які калі-небудзь наведае нашы мясціны, не застанецца раўнадушным, у нас столькі прыгожых куточкаў. А мы з дзецьмі будзем і далей па крупінках збіраць звесткі пра сваю вёску, край, пра сваю Беларусь».
Перад гэтым эфірам я размаўляла з жыхаркай горада Барысава Эміліяй Капыток. Як вы, напэўна, заўважылі, тэлефонныя дыялогі становяцца нашай своеасаблівай традыцыяй. Дык вось, сёлета, у верасні, Эміліі Аляксандраўне споўніцца 90 гадоў. Яе жыццё саткана з такіх гісторый, пра асобныя немагчыма распавядаць без хвалявання і слёз. Вось пра што яна расказала: «Я родам з вялікай сям’і, нас было васьмёра – 4 дзяўчынкі і 4 хлопчыкі. Як пачалася Вялікая Айчынная вайна, усе мае браты пайшлі ў партызаны. Аднойчы старэйшы з іх папрасіў мяне схадзіць за раку Бярэзіну да знаёмых, папярэдзіў, каб абавязкова апранула ватоўку. Гэта потым я зразумела, што ў ёй было зашыта тэрміновае паведамленне. Так я, дзесяцігадовая дзяўчынка, стала партызанскай сувязной». І далей пра тое, як яна хадзіла на падобныя заданні. Аднойчы трапіла ў лапы карнікаў. Яе кінулі ў Барысаўскую турму, потым у сумнавядомую на Шырокай у Мінску. Зведала некалькі нацысцкіх канцлагераў: Асвенцім, Равенсбрук, Беркенбельзен ды іншыя. І цяпер, праз столькі гадоў, не можа знайсці адказу на пытанне, як жа ёй удалося застацца ў жывых, вярнуцца дадому ў лістападзе 1945 года. Калі мама ўбачыла яе, страціла прытомнасць. Была ўпэўнена, што яе дзяўчынкі даўно няма ў жывых... Прайшоўшы праз неймаверныя выпрабаванні, Эмілія Аляксандраўна захавала спагаду, добразычлівасць, не страціла пачуцця гумару. Гэта якраз і дапамагае ёй у такім паважаным узросце трымацца.
У такія сакавіцкія дні балючай памяццю вяртаецца да нас і трагедыя Хатыні. Гэта здарылася 22 сакавіка 1943 года. Многае ўзрушае і хвалюе, пра многае і мы не раз расказвалі. На тэрыторыі мемарыяльнага комплексу знаходзяцца адзіныя ў свеце «Могілкі вёсак» – 185 магіл, кожная з якіх служыць правобразам 185 спаленых (разам з жыхарамі) беларускіх неселеных пунктаў. Кранае і сімвалічнае дрэва жыцця, на галінках якога пералічаны назвы 433 беларускіх вёсак, што былі знішчаны, але ж змаглі адрадзіцца пасля вайны.
«Па тым, як мы ставімся да сваёй культурна-гістарычнай спадчыны, у свеце мяркуюць, што мы за народ», – лічыць адзін з вядомых беларускіх літаратуразнаўцаў, спецыяліст па айчынным летапісанні, кандыдат філалагічных навук Вячаслаў Чамярыцкі. 50 гадоў працы ў Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Некалькі гадоў таму з друку выйшла яго кніга «Жыватворная спадчына» – важкае падсумаванне яго навуковай дзейнасці на ніве беларускай акадэмічнай навукі. У кожным яе радку, слове, а таксама ў здымках, аўтографах і змешчаных старадруках – ва ўсім столькі любові да радзімы, яе мінулага, да роднай зямлі і продкаў. Пра гэта (і не толькі) – падчас сустрэчы з Вячаславам Антонавічам заўтра, у 9:05 у праграме «Галерэя».
Як лічаць гісторыкі, памяць – гэта не абстрактныя веды аб якіх-небудзь падзеях, іх удзельніках. Памяць – гэта жыццёвы вопыт нашых продкаў, перажытае і прачулае сэрцам і душой. У Год гістарычнай памяці такія вяртанні набываюць асаблівую актуальнасць і значэнне.