Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Усё жыццё прамаўчалі...». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 10.02.2022
«Звычайныя гісторыі. Усё жыццё прамаўчалі...». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Сённяшняя размова паводле аднаго пісьма. На канверце пазначаны адрас, імя і прозвішча аўтара. Называць не буду, бо ў лісце пра асабістае. Дарэчы, я ўдзячная нашым аўтарам, якія знаходзяць у сабе смеласць і жаданне дзяліцца набалелым. Гэта знак даверу. Іх можна зразумець, бо спадае цяжар з душы, а тым, хто нас слухае, гэта нагода для роздумаў і праца над сваімі жыццёвымі памылкамі.

Вось гэтыя радкі:

«Пасля заканчэння педагагічнага вучылішча ў 1956 годзе я прыехала на працу ў пачатковую школу невялікай вёскі Гродзенскай вобласці. Да мяне пачаў заляцацца мясцовы хлопец, ён толькі што вярнуўся з арміі. Замуж я не збіралася, хлопец гэты мне не тое, каб падабаўся, але ж ён дабіўся таго, што неяк хутка нас распісалі ў мясцовым сельсавеце. У той дзень я ўвесь час думала пра тое, што ўсё роўна не буду з ім жыць, можа памру, можа будзе вайна... А калі ўжо распісаліся, падумала: усё, ходу назад няма, трэба жыць, буду рабіць усё, каб палюбіць яго.

Ішоў час, нараджаліся дзеці. Іх у нас трое. Яны добра вучыліся, атрымалі вышэйшую адукацыю, цяпер ім за 50. У вёсцы ўсе лічылі, што ў нас добрая дружная сям’я. Ніхто не ведаў, што тварылася ў маёй душы.

Муж працаваў шафёрам. Пасля працы яны збіраліся з сябрамі, выпівалі. Я заўсёды яго чакала, хацелася пагаварыць, нешта абмеркаваць, але ж калі ён прыходзіў дадому п’яны, у мяне знікаў настрой і жаданне размаўляць. І мы маўчалі. Дзеці былі малыя, наўрад ці нешта заўважалі. А яшчэ ў тыя гады ў вёсцы з любой нагоды ладзіліся гулянкі: святы, вяселлі, хрэсьбіны, дні нараджэння. Амаль пасля кожнай вярталася дадому са слязамі. Ішлі і маўчалі. Муж злаваўся, часам я нават не ведала чаму. Калі-нікалі прыходзілі думкі: а што, калі і мне пачаць піць, можа палягчае, ці ўзяць дзяцей і з’ехаць хоць куды. Але ні тое, ні другое зрабіць не змагу, бо шкада было дзяцей, тым больш, што муж любіў і клапаціўся аб іх.

Памятаю той момант, калі загадала сабе ніколі не выцягваць яго з тых пастаянных п’янак-гулянак, не псаваць настрой, яго ж здароўе ў яго руках. Усё, хопіць!.. Пасля гэтага ў мяне прапалі слёзы. Зрабілася як каменная.

Апошнія гады муж часта хварэў. Я клапацілася аб ім, старалася дапамагчы, чым магла. А ён выказваў сваю незадаволенасць, чапляўся, крычаў, часам прыніжаў мяне. Дзеці былі ўжо дарослыя, яны ўсё гэта бачылі і шкадавалі мяне.

Пражылі мы разам 53 гады... З павагай Ніна Іванаўна».

Напэўна ў многіх, хто нас зараз слухае, узнікаюць пытанні: навошта было ўсё жыццё цярпець адно аднаго? Жыць пад адным дахам, не кахаючы? Можна прыгадаць мноства гісторый, якія сталі старонкамі кніг, кадрамі кінастужак пра жыццё з нялюбым (ці нялюбай). А колькі вершаваных радкоў і песенных кампазіцый прысвечана гэтай няпростай жыццёвай сітуацыі! У тыя, так бы мовіць, савецкія часы, такія сем’і нярэдкасць. Многія жанчыны цярпелі, жылі дзеля дзяцей. Стараліся захаваць шлюб.

Гэтую жыццёвую гісторыю я папрасіла пракаменціраваць вядомага гендарнага псіхолага Галіну Пятроўну Кахавец. Паспрабую пераказаць яе думкі. «Само паняцце каханне трэба разглядаць з двух бакоў. Як пачуццё эратычнае, калі паміж мужчынам і жанчынай узнікае тая самая, як цяпер модна казаць, «хімія». Як тут не ўзгадаць шэкспіраўскіх герояў Рамэа і Джульету! А з другога боку існуе каханне з больш моцнай энергіяй, калі ён і яна цягнуцца адно да аднаго з мэтай выканаць сваё самае асноўнае прадвызначэнне на зямлі – стаць прадаўжальнікамі роду. Так што жанчына, якая пражыла з мужам 53 гады, нарадзіла трох дзяцей, па-свойму кахала. Яна пакутавала ад недахопу ўвагі, эмацыяльнай блізкасці. Муж таксама яе па-свойму кахаў, таму што існуе бясспрэчны пастулат: мужчына любіць дзяцей толькі ад каханай жанчыны! А як відаць з пісьма, ён любіў сваіх дзяцей, клапаціўся аб іх.

Гэтыя двое былі роднымі і блізкімі людзьмі. У іх нават больш моцныя адносіны, чым кроўная радня. Іх генетыка закладзена ў дзецях, унуках, праўнуках. Ну, а тое, што паміж мужам і жонкай існавалі непаразуменні, іх можна было выправіць, звярнуўшыся да спецыялістаў. Аднак у тыя часы, на жаль, гэта не прынята было рабіць».

Высновы псіхолага. Трошкі нечаканыя. Мне здавалася, што ўсё проста: не варта жыць з нялюбым. А тут, аказваецца, было каханне! І тое, што жанчына падзялілася з намі, сведчыць, што яна па-ранейшаму эмацыянальна залежыць ад мужа, думае пра яго. А тое працяглае маўчанне можна было прыпыніць. Так робяць многія мудрыя жанчыны.

Узгадваю радкі яшчэ з аднаго ліста: «Раней, у так званыя савецкія часы бацькі не вучылі нас таму, як правільна размаўляць дома, з мужам, дзецьмі. Не надавалі гэтаму значэння. Шкада. Многія сем’і былі б намнога шчаслівейшыя».

Калі ў вас ёсць свае думкі-разважанні – напішыце. Абмяркуем разам. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: