Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. «Увесь свет – тэатр, а людзі ў ім акцёры». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 27.03.2020
«Звычайныя гісторыі. «Увесь свет – тэатр, а людзі ў ім акцёры». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Пачну з выказвання вядомага літаратурнага крытыка Вісарыёна Бялінскага (чытаю ў перакладзе): «Тэатр! Ці любіце вы тэатр так, як люблю яго я?!» І далей пра тое, што ў гэтай любові – сіла душы, унутраны энтузіязм і ўсе тыя яркія пачуцці, якія выклікаюць спатканні з гэтым цудоўным мастацтвам.

Сёння, у Сусветны дзень тэатра, мы таксама паспрабуем выказаць сваё захапленне і любоў да яго. І спачатку – колькі цікавых фактаў з гісторыі заснавання тэатра ў Беларусі.

Найперш узгадаем пісьменніцу, першую ў Вялікім Княстве Літоўскім жанчыну-драматурга Францішку Уршулю Радзівіл. Паходзіла яна з княжацкага роду Карыбут-Вішнявецкіх. У іх доме заўсёды панавала творчая атмасфера. Была тут і свая капэла. Яе дзядзька меў прыдворны тэатр. А пасля таго, як Уршуля выйшла замуж за Міхала Казіміра Радзівіла, магната і мецэната, дзяржаўнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага, тагачаснае жыццё ў Нясвіжы нельга было ўявіць без свят, самых розных уцех ды гульняў. Па ініцыятыве Уршулі да іх у 1740 далучыўся тэатр. Яна была завадатаркай тэатральных імпрэз, пісала п’есы, у якасці рэжысёра прымала ўдзел у пастаноўках.

У канцы 60-х гадоў ХVIII стагоддзя граф Антоній Тызенгаўз заснаваў тэатр у Гродне. Існавала драматычная трупа, аркестр і нават балетнае вучылішча. Тызенгаўз лічыў, што тэатр павінен працаваць на ідэі асветніцтва, але чамусьці толькі для пануючага саслоўя – шляхты.

А як тут не ўзгадаць і пра тэатр графа Сямёна Зорыча ў Шклове! Гэта быў адзін з буйнейшых тэатраў у Беларусі. Па прыгажосці і размаху пастановак ён пераўзыходзіў многія прыдворныя тэатры Расіі, Польшчы, Аўстрыі і Францыі! Захаваліся сведчанні пра тое, што (цытую) «ніводны славуты музыкант, спявак ці спявачка не маглі прыехаць з Еўропы ў расійскія сталіцы, не даўшы некалькі канцэртаў у Зорыча».

Сярод іншых прыгонных тэатраў вызначаліся Слонімскі князя Міхала Казіміра Агінскага, Сапегаў у Ружанах, тэатры Тышкевічаў у Свіслачы і Плешчаніцах.

Скажу па-шчырасці, прыемным адкрыццём для мяне стала тое, што, аказваецца, у нас ёсць... сельскі тэатр! Адзіны ў Беларусі. У вёсцы Цімкавічы Капыльскага раёна. Сваю дзейнасць ён пачаў з драматычнага гуртка, які ў снежні 1917 года паставіў свой першы спектакль па п’есе Гогаля «Жаніцьба». У гэтым гуртку ўдзельнічаў і будучы пісьменнік Кузьма Чорны. Але ж, на вялікі жаль, цяпер у тэатры зацішша. Будзем спадзявацца, нядоўгае. Тэатру патрэбны рэжысёр, ну і, вядома ж, грошы. І намаганні сапраўдных энтузіястаў, каб ён па-ранейшаму мог насіць званне «народнага».

Традыцыі гэтага ўнікальнага тэатра працягвае тэатральная студыя «Іскрынка», якая вось ужо больш за 20 гадоў існуе пры літаратурным музеі Кузьмы Чорнага ў Цімкавічах. У іх рэпертуары толькі творы гэтага выдатнага класіка. Перад эфірам сваімі расповедамі падзялілася кіраўнік студыі, загадчыца музея ў Цімкавічах Людміла Ніжэвіч.

«Вельмі хацелася б, каб не згаслі традыцыі нашага тэатра, таму мы па-ранейшаму збіраемся, ставім пастаноўкі і верым у тое, што тэатр адновіцца. Мы не маем права падвесці і знакамітую аматарку нашага тэатра, яго заснавальніцу Зінаіду Раманенка, якая ў свой час пакінула нам запавет: «Няхай іскра любові да тэатра разгараецца ў полымя», – расказала Людміла Іосіфаўна.

Як сведчаць кампетэнтныя крыніцы, цяпер у Беларусі 29 дзяржаўных прафесійных тэатраў. Многія з іх знаходзяцца ў сталіцы. Цікава, што, напрыклад, Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча размяшчаецца ў Бабруйску, а Мінскі абласны тэатр драмы і тэатр лялек «Батлейка» – у Маладзечне.

Прыгадваюцца даўнія стасункі з маім некалі самым любімым тэатрам – Купалаўскім! Памятаю, як я, выпускніца журфака, заварожаная і ўзрушаная, наведала закуліссе падчас спектакля (вельмі была ўдзячная, што дазволілі), каб пагутарыць з акцёрамі, работнікамі сцэны, бутафорам, суфлёрам ды іншымі. У тым, яшчэ старым будынку, усё было такое цёплае, шчырае, нейкае хатняе. Нават тая лавачка ў канцы глядзельнай залы, якая (канечне ж, з дазволу адміністратара) магла прытуліць безбілетных студэнтаў ды іншых апантаных паклоннікаў тэатра. А колькі найцікавейшых споведзяў знакамітасцей купалаўскай сцэны пашчасціла пачуць і запісаць для слухачоў Беларускага радыё!

Сёлета, як вы ведаеце, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы адзначае сваё 100-годдзе! Запланаваны шэраг цікавых праектаў, сярод якіх – «Легенды Купалаўскага тэатра», «Экскурсіі пра спектакль», «Паўлінка ў Вязынцы» ды іншыя, а таксама прэм’ерныя спектаклі і творчыя сустрэчы.

Сёння, у Сусветны дзень тэатра, не ўтрымаюся, паўтару знакамітую фразу Шэкспіра: «Увесь свет – тэатр, а людзі ў ім акцёры». І так хочацца, каб сярод гэтых людскіх «роляў» было як мага больш станоўчых, шчырых, спагадлівых, прачулых, пазітыўных, аптымістычных.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: