Год 2022-гі адлічвае свае апошнія крокі. Звычайна ў такі час нашы роздумы пра тое, што было і будзе. Што зроблена і што ў нашых планах. Даводзілася чытаць, і гэтая думка мне вельмі спадабалася: існуе тры моманты, якія адбіраюць у нас радасць, спакой і душэўнае суладдзе – гэта шкадаванне аб мінулым, трывога за будучыню і няўдзячнасць за сённяшняе. Калі мы, нягледзячы ні на што, не страчваем духоўнага апірышча, працуем над сабой, сваім светаўспрыманнем, тады ўсё ж атрымліваецца пазбягаць гэтых думак. Ды і жыццё робіцца больш упэўненым і пазітыўным.
Менавіта аб гэтым мы сёння і паразважаем. Пагартаем лісты, пачуем вашы думкі. З некаторымі нашымі слухачамі мы звязваемся па тэлефоне.
Спачатку з архіўнага стосіка «Звычайных гісторый» я выбрала колькі ўспамінаў пра сустрэчу Новага года. Гэта таксама шчымлівыя вандроўкі ў мінулае, са снежнымі зімамі, маразамі ды завеямі, з цяплом і ўтульнасцю бацькоўскай хаты, матулінымі пірагамі, цацкамі маленства.
Знаёмы адрас на канверце: вёска Заверша Драгічынскага раёна. Незабыўная гісторыя з маленства ад Алены Шышко. Пра мядзведзіка, які круціў кола, а ў маленькіх калысачках гушкаліся лялечкі. Алена Іванаўна вельмі ўдзячная свайму тату, які знайшоў час і магчымасць спецыяльна звазіць яе ў Драгічын, паказаць гэты навагодні цуд, што свяціўся ў вокнах аднаго з дамоў. У тыя гады цацак было вельмі мала, таму людзі прыпыняліся, каб паглядзець на тое дзіва. Здавалася б, дробязь, але ж дзеці запамінаюць такія моманты на ўсё жыццё.
Ніна Апановіч з Ваўкавыскага раёна прыгадвае школьную ёлку. Гэта быў пачатак 60-х гадоў цяпер ужо мінулага стагоддзя. Школа размяшчалася ў былым маёнтку, у вёсцы Пятрэвічы, што на Гродзеншчыне. Амаль што ўсе ўпрыгажэнні рабілі сваімі рукамі. Ланцужкі, ліхтарыкі ды іншае. Тады дзеці ўпершыню пабачылі бенгальскія агеньчыкі і бліскучы зялёны ёлачны «дожджык». Вельмі радаваліся і захапляліся гэтым навагоднім цудам.
Не раз мы казалі і пра тое, што якраз у такія дні памяць вядзе нас у мясціны маленства. Яно і зразумела. Узгадваю, з якім захапленнем расказвала пра сваю вёску Антанёва, што на Гродзеншчыне, Зоя Пятровіч з Салігорска. «Помню куццю перад Ражаством. Тата прыносіў з адрыны духмянае сена, засцілаў стол. Мама накрывала яго саматканым абрусам. На стале – куцця, каўбасы, верашчака, бліны з макам, грыбны квас», – працягвала Зоя Мікалаеўна. Узгадала і пра самы дарагі на свеце падарунак ад таты. За выдатную вучобу. Гэта быў невялічкі пакуначак цукерак «Ластаўка», у сініх бліскучых паперках. Ні грошай, ні магчымасцей купіць такія прысмакі тады не было. 35 гадоў яна працавала настаўніцай, атрымала нямала падарункаў ад дзяцей і дарослых, а гэты помніцца і цяпер. Ён для яе самы дарагі.
«Успамінаю сваю вёску маленства Труханавічы, што ў Капыльскім раёне, – радкі з ліста ад Валянціны Данілаўны Перапечка з Салігорскага раёна. – Я ганаруся тым, што ў ёй нарадзіўся і пачынаў свой жыццёвы шлях пісьменнік Ян Скрыган. Менавіта там у свой час настаўнічаў паэт Кастусь Цвірка». І далей пра тое, што нямала працавітых і паважаных людзей выйшлі адтуль у вялікі свет. Яны знайшлі сябе. І захавалі памяць пра радзіму. А той дзівосны свет дзяцінства і дагэтуль наталяе душу святлом і цяплом.
Неяк крыху раней я сустракалася з педагогам, паэткай-аматаркай Людмілай Воранавай. Яна нарадзілася і вырасла ў вёсцы Залацеева Зэльвенскага раёна. Адтуль яе «залацінкі» – вершы-роздумы, яе споведзі і прызнанні роднаму краю. У яе «залацінках» усё дыхае любоўю: да рэчкі, што «калыханкаю цвіркае» (даслоўна), палёў з грэчкаю – «незвычайным парфумам летняй пары», да паветра, якое пахне хлебам. «Толькі тут, у роднай вёсачцы, можна адчуць, што ты дома, і ўсё тут дорыць «неабходны спакой і радасць душы», – зазначае Людміла Віктараўна.
«Белы снег, асабліва той самы першы, нібыта некранутая папера, якая чакае сваіх накідаў, замалёвак, адметных штрышкоў, – паэтычна і вобразна зазначае вядомы мастак, кніжны графік Вячаслаў Паўлавец. – Гэта нібыта жыццё, якое павінна вось-вось нарадзіцца. На чысціні белага аркуша». У сваёй творчасці ён вельмі тонка і глыбока ўвасабляе стан прыроды і чалавека на мяжы пачуццяў, фарбаў і адценняў. Варта ўзгадаць яго графічны цыкл «Чорна-белыя мроі», серыю «Мары аб Радзіме», карціну «Першы снег» і цыкл, які называецца «Крокі па вадзе». Там таксама надзвычай тонкі стан прыроды, захапляе сваёй філасофіяй і глыбінёй, прымушае думаць і разважаць пра вечнае. Асабліва ў такія дні, на мяжы гадоў.
І яшчэ. У Новым, 2023 годзе, праект «Звычайныя гісторыі» выйдзе ў новым фармаце. Гэта выпускі па вашых пісьмах і званках. У іх – гісторыі пра самыя розныя жыццёвыя сітуацыі, вяртанні ў дзяцінства, да бацькоўскага кутка і тых адметных мясцін, а яшчэ пра маладосць і каханне, пра тое, як жыць, нягледзячы ні на што, пазітыўна, з верай, любіць сваю справу, ісці з дабром да людзей, таму што, як хтосьці з вас сказаў, «жыць – гэта пастаянна здзіўляцца і захапляцца»! Пра тое, як і калі можна будзе звязацца з намі па тэлефоне, паведамім пазней, ужо ў новым, 2023-м годзе. Але ж вы літаральна з гэтых хвілін можаце расказваць пра свае звычайныя і незвычайныя гісторыі. І дасылаць іх на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.