Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Велікодныя споведзі». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 30.04.2021
«Звычайныя гісторыі. Велікодныя споведзі». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Сёння – Вялікая пятніца. Адметны дзень у жыцці праваслаўных вернікаў. Святары называюць яго днём асаблівай павагі, цішыні і пакорлівасці. Раяць правесці ў маўчанні і роздумах пра Ісуса Хрыста, «які ўзяў крыж, пайшоў за нас на Галгофу». Чалавек у сваім сэрцы павінен усё гэта ўсвядоміць, перажыць, адчуць вялікую любоў Бога да нас.

У вашых лістах такія ж разважанні. Няхай сабе і больш простыя. Але ж са сваёй зямной філасофіяй.

«Успамінаю, як рыхтаваліся да Вялікадня ў далёкія 1960-я гады ў маёй роднай вёсцы Махро, што на Брэстчыне, – радкі з ліста ад Валянціны Канстанцінаўны Кузьміч з аграгарадка Яечкавічы Іванаўскага раёна. Неяк раней мы да яго ўжо звярталіся. У ім і пра тое, што гонар гэтай вёскі – Петра-паўлаўская царква, помнік драўлянага дойлідства XVIII стагоддзя. Яна амаль ніколі не закрывалася, нават у часы ваяўнічага атэізму. Таму і Вялікдзень праходзіў тут велічна і ўрачыста. Вельмі спадабалася цёплая і кранальная замалёвачка нашай слухачкі пра тое, як прыбіраліся хаты і двары да свята, як на вокны вешаліся чысцюткія і бялюткія цюлі, накрухмаленыя фіранкі, на сталы сцяліліся адпрасаваныя льняныя настольнікі. І пра тое, як гатавалі ежу да свята, пяклі велікодныя пірагі і фарбавалі яйкі. «Назаўсёды застаўся той незабыўны смак і пах нашага дзяцінства, якое было, магчыма, і беднаватае, але ж вельмі шчаслівае і бесклапотнае, – дадае Валянціна Канстанцінаўна.

Перад гэтым эфірам мы распыталі пра Вялікдзень і нашу пастаянную слухачку Зою Мікалаеўну Пятровіч з Салігорска. Родам яна з вёскі Антанёва Карэліцкага раёна. «Да святой нядзелькі мне і сястры Мірцы абавязкова шылі сукенкі. З кішэнькамі. Куды можна было пакласці яйка. Асабліва радаваліся, калі ўдавалася «выбіць», атрымаць «мацак». Так у нас некалі казалі, ад слова моцны, моцнае яйка, – падзялілася яна. – Мама наша хадзіла за пяць кіламетраў у Ярэмічы, у царкву, на ўсяночную. Вярталася раніцою з асвечанай пасхай. Гэта самае вялікае і прыгожае свята».

У такія шчырыя спавядальныя дні мы звяртаемся да нашых духоўных каранёў, да вытокаў. Да тых каштоўнасцей, якія здаўна шанавалі, і якіх на працягу стагоддзяў прытрымліваліся нашы продкі.

Ва ўсе часы праблеме духоўнасці і маральнасці ўдзяляецца шмат увагі. Ва ўсякім разе так павінна быць. Зразумела, што без гэтага немагчыма існаванне вечных ідэалаў чалавецтва – павагі, цярплівасці адно да аднаго, міласэрнасці, добрых і прыязных стасункаў паміж людзьмі, а таксама кахання. Таму бацькі і педагогі заклапочаны тым, каб сфарміраваць у падрастаючага пакалення ўяўленне аб гістарычным, духоўным і сацыяльным вопыце свайго народа, даць ім пэўныя веды пра сапраўдныя каштоўнасці сям’і, метады выхавання дзяцей на аснове традыцый нашага народа, а таксама «фарміраваць нацыянальную самасвядомасць і патрыятычныя пачуцці праз вывучэнне праваслаўнай і наогул хрысціянскай культуры, свят і традыцый, якія ўтвараюць сістэму духоўна-маральнага выхавання», – цытую адно з выказванняў вучоных-даследчыкаў гэтай галіны.

У розных куточках Беларусі, нягледзячы на агульнасць традыцый велікоднага свята, ёсць і адметнасці. Ад нашай слухачкі Алены Іванаўны Шышко з вёскі Заверша Драгічынскага раёна мы даведаліся пра «Намскі Вялікдзень», які адзначаецца ў першы чацвер пасля асноўнага свята. Гэта дзень светлых успамінаў пра сваіх продкаў, ушанавання іх памяці.

«Загадзя да гэтага дня прыбіраюцца магілы і ўся тэрыторыя могілак. Робім гэта сваімі сіламі, збіраюцца ўсе вяскоўцы. Зграбаем сухое лісце, пазбаўляемся ад хмызнякоў, – падзялілася з намі Алена Іванаўна. – У гэты дзень стараюцца прыехаць дадому нашчадкі, выхадцы з нашай вёскі, і пасля службы ў царкве ўсе ідуць на могілкі. Сустрэчы, успаміны, размовы. Усё вельмі шчымліва і кранальна».

Аказваецца не толькі ў Завершы існуе такая традыцыя, а і ў вёсцы Аброва Івацэвіцкага раёна. Як лічаць палешукі, «намскі» азначае «намі заложаны, нам дадзены». І як пазначана ў адным з энцыклапедычных выданняў «з’яўляецца адметным праяўленнем лакальнай культурнай традыцыі» і належыць да так званых «заветных ці аброчных» свят, «спалучае народныя абрадавыя элементы з хрысціянскай духоўнасцю, адлюстроўвае спецыфічна вясковую ментальнасць і сістэму каштоўнасцей канкрэтнай вясковай супольнасці».

«Кожны па-свойму рыхтуецца да велікоднага свята, але ж, мне думаецца, самае галоўнае – памятаць пра тое, што найперш неабходна ўмацоўваць сваю душу, пераканаўча верыць у святасць, дабро, ва ўсё найлепшае», – лічыць наша слухачка з Мінска Валянціна Рыгораўна Сачык. У сваіх аповедах яна часта ўзгадвае дзяцінства, бацькоў, святы. І Вялікдзень.

І яшчэ. Мне думаецца, было б вельмі хораша, калі б у такія дні кожны з нас даслаў у сусвет, у прастору, у космас шчырыя і светлыя думкі. І ад нашых споведзяў свет напоўніўся б сонцам, цяплом і толькі добрымі надзеямі.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: