У сваіх лістах вы не раз распавядалі пра незабыўныя і цёплыя хвіліны вяртання ў маладосць! Асабліва тыя, каму цяпер за 60-70 і больш гадоў. А што, падумала я, чым не сродак ад восенскай маркоты? Сагравае, уздымае настрой, дае магчымасць узгадаць пра самыя лепшыя гады. Так што, далучайцеся! Мяркую, вам таксама захочацца падзяліцца сваёй гісторыяй.
«У далёкім 1956 годзе класны кіраўнік прапанавала паехаць на цаліну, у горад Джэзказган, на камсамольска-маладзёжную будоўлю, – радкі з ліста ад Валерыя Фёдаравіча Тогулева з Віцебска. – Наша пакаленне зведала тыя гады, напоўненыя рамантыкай і прагай новых адкрыццяў. І вось мы на пероне, чакаем адпраўкі цягніка. Нас праводзілі аднакласнікі. З выпускнога вечара і адразу ж на станцыю. Тыя шчаслівыя моманты ніколі не забудуцца».
Мар’ян Антонавіч Дзевяцень са Смаргонскага раёна таксама любіць вяртацца ў цяпер далёкія 50-60-я гады. Нават фотаздымак з альбома можа нагадаць пра тую ці іншую гісторыю. Паводле іх ён піша нарысы. Не так даўно сабраў у кніжку, якую набраў на камп’ютары. І гэта ў свае 85! Запомнілася і яго гісторыя пра тое, як некалі ў адну з гаспадарак раёна прыехаў выпускнік інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі (тады ён так называўся). Яму хацелася працаваць так, каб яго заўважылі, каб была карысць ад яго ведаў. І яму гэта ўдалося. А яшчэ ён сустрэў дзяўчыну, яны пабраліся шлюбам, нарадзіліся дзеці. «Углядаешся ў крануты часам здымак, і настальгічная хваля ахінае цябе цеплынёй і нейкай нявыказнай радасцю», – заўважае Мар’ян Антонавіч.
Ці вось яшчэ ліст. Праўда на ім няма зваротнага адраса. Аўтару нямала гадоў, яна даўно ўжо бабуля, а яе гісторыя – пра далёкую маладосць і каханне, якое з ёю і дагэтуль.
«Хачу распавесці вам сваю гісторыю, – піша наша слухачка. – Раслі мы ў невялікім гарадку. Ён быў крыху старэйшы за мяне. Аднойчы прызнаўся ў каханні. Але ж я збягала ад яго, часам нават крыўдзіла, адмаўлялася ісці ў кіно, на танцы. Ды і мая радня чамусьці настройвала супраць яго». І далей пра тое, як іх шляхі-дарогі ўсё ж разышліся. Ён ажаніўся, праз некаторы час і яна выйшла замуж. І больш ніколі яны так і не пабачыліся. Але ж на працягу ўсяго свайго жыцця яна ніколі не забывала пра яго. Гэта было каханне, якое яна не зберагла. Бываюць хвіліны вяртання да той пары. І як бы там ні было, яны ўсё ж гаючыя, шчымлівыя, душэўныя.
Зазначу, што і нашы суразмоўцы, удзельнікі праграмы «Галерэя», распавядаюць найцікавейшыя гісторыі са сваёй маладосці! Вось гэтая выклікае пазітыўныя эмоцыі і цёплую ўсмешку. «Жылі мы некалі з дзяўчатамі ў інтэрнаце аднаго з гродзенскіх вучылішчаў. Дружна, адной сям’ёй, – расказвала Святлана Сцяпанаўна (прозвішча не называю). – Калі хто-небудзь з дзяўчат збіраўся на спатканне, выпраўлялі ўсім пакоем: хто сукенку пазычыць, хто туфлікі, хто якое-небудзь упрыгажэнне!.. Не памятаю, каб нехта паскнарнічаў. Часам і жаніхоў «падзяліць» маглі па-сяброўску. Так здарылася і са мной. Неяк вяртаюся пасля канікул, а мне і дакладваюць, маўляў, твой хлопец сустракаецца цяпер з Зінкай». І далей пра тое, што Святлана не стала змагацца за сваё каханне (а можа яго і не было?), падумала, хопіць і мне жаніхоў. Маладыя пабраліся шлюбам. Пазней і Святлана выйшла замуж. І, дарэчы, удала. А не так даўно саперніца Зінка патэлефанавала Святлане і папрасіла прабачэння за тое, што адбіла ў яе жаніха. Яны доўга смяяліся, успамінаючы тую гісторыю.
Напэўна ніхто не стане аспрэчваць, што маладосць – найлепшая ў жыцці пара. Людзі больш сталага веку лічаць, што ў іх яна была самай адметнай. Папярэдняе пакаленне заўсёды сцвярджала, што менавіта яны жылі правільна, мэтанакіравана, з карысцю для грамадства. Старэйшыя не прамінуць заўважыць і пра сённяшнюю моладзь, якая «сядзіць у сваіх смартфонах», а жыццё часта праходзіць міма. Як кажуць, вечная гісторыя, якая бярэ свой пачатак з глыбіні вякоў, са старажытных папірусаў.
Аднойчы адна наша слухачка заўважыла пра тое, што варта з маладосці рыхтаваць сябе да змястоўнага і цікавага жыцця, упэўнена пераадольваць цяжкасці. І абавязкова верыць у свае сілы і шчаслівы лёс.
І калі раптам пасярод восені занудзіцца-замаркоціцца, вяртанні ў маладосць будуць прыемнымі і жаданымі. Сагрэюць душу цёплымі настальгічнымі ўспамінамі.
Калі і вам захочацца падзяліцца з намі, пішыце на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.