У такія пераднавагоднія і калядныя дні вяртанні да дзяцінства дораць нам шмат прыемных эмоцый і ўспамінаў. Ажываюць у памяці гісторыі, звычайныя і незвычайныя. Пра гэта і ў вашых лістах.
На традыцыйнае пытанне, што для вас сапраўднае шчасце, адна з маіх нядаўніх субяседніц адказала: «Маё шчасце – сям’я і блізкія людзі. Гэта асабліва разумееш цяпер, калі стасункі паміж людзьмі змяніліся. Менавіта з блізкімі хочацца быць і ў будні, і ў святы. Вось што трэба цаніць і чым даражыць».
Вучоныя-даследчыкі зазначаюць: «Сям’я, як асноўны элемент грамадства, была і застаецца захавальніцай чалавечых каштоўнасцей, культуры і гістарычнай спадчыннасці пакаленняў, фактарам стабільнасці і развіцця». А калі паглыбіцца ў гісторыю сямейных традыцый беларусаў, іх побыту, многае ўражвае і захапляе.
Сучасная сям’я бярэ свой пачатак яшчэ з XIV стагоддзя, калі складвалася беларуская народнасць. У нашых продкаў былі малыя і вялікія сем’і. Малыя – гэта шлюбная пара з дзецьмі. Бывала, што з імі жылі блізкія сваякі. Напрыклад, нежанаты брат ці незамужняя сястра, цётка, дзядзька, бабуля і г.д. А вось вялікая сям’я – гэта абшчына, дзе разам жылі родзічы двух-трох пакаленняў. Разам з бацькамі – жанатыя сыны з нявесткамі і дзецьмі. Існавалі і брацкія сем’і жанатых братоў. Агульнымі ў іх былі гаспадарка, маёмасць. Кіраваць давяралі старэйшаму брату. Можаце ўявіць сабе, колькі блізкіх людзей жылі ў адной хаце, звязаныя кроўнымі і сваяцкімі адносінамі. Мне чамусьці здаецца, што ў такіх сем’ях было менш сварак ды звадак, чым цяпер, калі ў вялікай і шыкоўнай кватэры ці загарадным асабняку не могуць ужыцца двое.
Вельмі важна, каб сямейныя традыцыі захоўваліся і перадаваліся наступным пакаленням. Усё гэта ўзбагачае, выхоўвае пачуццё самадастатковасці, гонару і годнасці за свой род. Тут і павага, і давер, і шчасце тых каштоўных момантаў зносін з роднымі людзьмі.
Марыя Паўлаўна Казачонак з вёскі Рудня Полацкага раёна: «Мне нямала гадоў. Калі не спіцца, то ў думках вяртаюся ў дзяцінства. Яно было нялёгкім у тыя першыя пасляваенныя гады. Мамачка наша, каб нас падняць, шмат працавала. Усе тады так жылі, рупіліся ад цямна да цямна. Вяртаючыся з поля, жанчыны спявалі, стомленыя, часта галодныя, але ж з песнямі і верай у лепшае. Калі падрасла, мама была для мяне лепшай сяброўкай. Я давярала ёй усе свае сакрэцікі. Выйшла замуж, матуля дапамагала гадаваць дзяцей. Калі яе не стала, не стала і часцінкі майго сэрца».
«Нарадзілася я пасля вайны, – радкі з ліста ад Валянціны Рыгораўны Сачык з Мінска. – Я меншая, у сям’і былі яшчэ сястра Таіса, браты Саша і Валодзя. Памятаю, як Валодзя хадзіў з татам касіць сена. Яны бралі з сабой торбачку з харчамі. Дадому вярталіся позна. Я, пяцігадовая дзяўчынка, любіла ласавацца іх пачастункамі. Брат усміхаўся і казаў: «Гэта зайчык табе перадаў». Сварак у нашай сям’і не было. Успамінаю матулю, прыгожую, статную, мудрую. Тата, ідучы на працу, абавязкова цалаваў яе руку. А як ён любіў нас, дзяцей! Часта смяшыў гісторыямі з кніжак. Многія прыдумляў сам».
А вось ліст, у якім наша слухачка Ніна Фёдараўна Краснікава з Магілёва не можа змірыцца з тым, што амаль нічога не ведае пра лёс свайго таты Фёдара Сільвестравіча Валуева. Ён быў прызваны ў армію ў першыя дні вайны. Развітаўся з сям’ёй, пайшоў і не вярнуўся. Тады Ніне было тры гады. Спрабавала шукаць, звярталася ў кампетэнтныя крыніцы, але так нічога і не знайшла. Гэта яе боль на ўсё жыццё. Здавалася б, столькі гадоў мінула, а вобраз роднага чалавека не адпускае. І такіх лістоў у нашай пошце нямала.
Ва ўсе часы, на працягу многіх стагоддзяў, трывалая сувязь з роднымі, пастаянная падтрымка і бескарыслівая дапамога лічыліся надзейным і гуманным пачаткам чалавечых адносін. Многае, на вялікі жаль, змянілася: духоўная аснова сям’і, узаемнае і сапраўднае каханне, павага адзін да аднаго. Адышлі ў нябыт і некаторыя традыцыі, а менавіта ж яны згуртоўваюць сям’ю, даюць адчуванне ўпэўненасці і абароненасці. Многія, напрыклад, дакараюць моладзь у эгаізме, нячуласці. А гэта ж недагляд у першую чаргу бацькоў, сям’і, вынік таго, што маленькая асоба ў дзяцінстве не атрымала пэўнай увагі, цяпла і дабрыні, а таксама веры ў свае здольнасці, падтрымку ў выбары прафесіі, свайго абранага шляху і г. д. Як часта мы, бацькі, не задумваемся, што жыццёвую энергію, заахвочванне да актыўных і выніковых дзеянняў дзяцей залежыць ад таго, наколькі своечасова і правільна іх у гэтым падтрымаем.
Усе мы разумеем, што, захоўваючы сямейныя традыцыі, вопыт і звычаі сваіх продкаў, мы ўзбагачаемся духоўна, робімся дабрэйшымі, больш спагадлівымі і міласэрнымі. А таму і шчаслівейшымі.
Наперадзе Каляды, сустрэча Новага года ды іншыя зімовыя святы!.. Столькі нагод сустрэцца са сваімі роднымі і блізкімі. Няхай гэтыя сустрэчы будуць жаданымі, шчырымі, напоўненыя дабрынёй і радасцю.