Што да адметнасці гэтага дня, дык якраз сёння Яблычны Спас. Самы вядомы і шаноўны ў народзе. Звязваўся перш за ўсё з паспяваннем яблыкаў і асвячэннем іх у царкве. Свята садавіны. А калі падумаць-паразважаць, ёсць у гэтым глыбокі сэнс, а таксама біблейскія карані: праз яблык змей-спакушальнік зрабіў грэшнай Еву, таму і лічылася абавязковым асвяціць першыя плады. Спрадвечнае імкненне чалавека пазбавіцца грахоў, стаць лепшым.
Перад гэтым эфірам я размаўляла з былой настаўніцай, жыхаркай вёскі Нагорнае Клецкага раёна Зояй Пятроўнай Янучок. Яна наша пастаянная слухачка і дарадчыца. «Раней, – расказвала яна, – наша Нагорнае якраз на Яблычны Спас збірала шмат гасцей. Дзеці стараліся ў гэты дзень наведаць сваіх бацькоў, прыязджалі з усіх куточкаў Беларусі, і не толькі. Многае захавалася і дагэтуль. У нас ёсць невялікая цэркаўка. З суседняй вёскі Застровічы чакаем святара. Пройдзе хрэсны ход, асвячэнне яблыкаў ды іншай садавіны. Ёсць у нас і даўняя традыцыя наведваць у гэты дзень магілы продкаў, класці ўсёй радні па яблычку». А яшчэ Зоя Пятроўна падзялілася з намі сваімі назіраннямі: «Калі сліў, арэхаў многа, значыць будзе добры і ўраджай бульбы».
Не раз даводзілася чытаць (і ў вашых лістах таксама), у многіх куточках Беларусі якраз у такую жнівеньскую пару праводзяцца яблычныя фэсты. З тэтралізаванымі праграмамі, у якіх услаўляецца садавіна, асабліва яблыкі, яблыневыя сады. Падчас свят удзельнікі гатуюць усялякія прысмакі, у тым ліку і яблычныя пірагі. Шаноўныя госці цудоўнай жнівеньска-яблычнай дзеі – гэта старэйшыя людзі вёскі ці пасёлка, сямейныя пары, якія адзначаюць тую ці іншую дату сумеснага жыцця. Свята нітуе цэлыя пакаленні, перадаецца любоў і пашана да зямлі, яе людзей і традыцый.
Як тут не ўзгадаць і пра яблычны фестываль у Алашках ды іншых мясцінах Віцебшчыны, дзе жыў і працаваў знакаміты беларускі садавод-селекцыянер Іван Паўлавіч Сікора! У яго садзе прайшло апрабаванне звыш 600 сартоў яблынь, больш чым 100 сартоў груш ды іншых пладова-ягадных культур. Вяршыняй яго селекцыйнай дзейнасці стаў гібрыд №1377, плады якога аматары вобразна назвалі «яблыкамі ХХІ стагоддзя». Штогод арганізатары мерапрыемства стараюцца ўносіць у правядзенне фестывалю нешта адметнае, незвычайнае, каларытнае.
У студыі радыёпраграмы «Галерэя» мы сустракаліся з унукам вядомага селекцыянера Андрэем Яўгенавічам Зуйковым. Ён таксама вучоны-селекцыянер, кандыдат сельскагаспадарчых навук. Дзед у асноўным займаўся яблынямі ды грушамі, а ён – бульбай. 18 гадоў узначальваў аддзел Інстытута бульбаводства Акадэміі навук Беларусі, затым працаваў начальнікам аддзела Дзяржкамітэта па сортавыпрабаванні. Андрэй Яўгенавіч стараецца знайсці час, каб зазірнуць у мясціны свайго маленства, пахадзіць па сцяжынках саду, які некалі садзіў яго знакаміты дзед, а ў сябе на лецішчы разводзіць «сікораўскія яблыкі».
Памятаю, з якой любоўю распавядала пра сваю вёсачку Засвяціца Бярэзінскага раёна наша пастаянная слухачка Ніна Мацвееўна Бурко. Чуліся ноткі суму і жалю: у вёсцы, дзе некалі было 80 жыхароў, цяпер амаль што нікога не засталося. «Успамінаю гаспадарлівых і працавітых аднавяскоўцаў. Таго ж Рыгора Яроцкага. Мы якраз ганялі на пашу кароў па той вулачцы, дзе жыла яго сям’я. Рыгорыха, памятаю, назбірае поўны фартух яблыкаў і частуе нас. «Цыганы», «Жытнікі» – так па-мясцоваму называліся тыя сарты. На гэтай жа вулачцы жыў і садоўнік дзед Павел. Вусаты, нечым на Чапаева падобны. У яго было многа сліў, жоўтых, чырвоных. Але ён быў скнарам, таму мы, дзеці, збіраліся гуртом і лазілі ў яго сад». І далей Ніна Мацвееўна расказала, што ў яе Капланцах (цяпер яна там жыве) на Яблычны Спас вяскоўцы збіраюцца ля крыжа, што ў цэнтры вёскі. Прыязджае святар. Чытаюцца малітвы, асвячаюцца яблыкі.
Сваё прызнанне вёсцы, роднаму краю рабілі і робяць многія нашы слухачы. Прыемна чытаць вашы шчырыя, пранікнёныя лісты. «Мае родныя Пузавічы і ваколіцы – сапраўдны цуд. Векапомныя дубы і ліпы, ясеневыя, бярозавыя гаі. І, вядома ж, яблыневыя сады ля кожнай хаты», – радкі з ліста ад Кацярыны Фярковіч з Браслаўскага раёна.
Наша слухачка з Мінска Галіна Крупянкова часта прыгадвае сваю вёску Юраўку. І сад, які часта сніцца ёй. З дзяцінства застаўся з ёю пах духмяных антонавак. У гэты дзень, на Спас, яна абавязкова, хаця б у думках, апынецца ў любімым куточку.
Многія з вас чулі аб павер’і, што да Спаса не дазвалялася есці яблыкі, бо яны лічыліся грэшнымі пладамі. Існавала наконт гэтага нямала легенд і паданняў, дасціпных народных гісторый, асабліва пра маленькіх дзяцей. Як бы там ні было, нашы продкі цанілі і бераглі свае сем’і, клапаціліся пра іх фізічнае і маральнае здароўе, дабрабыт і чысціню. І якія б спакусы іх ні выпрабоўвалі, стараліся жыць годна.
Калі ў вас ёсць цікавыя жнівеньскія гісторыі (пра Спас і яблыкі таксама), дасылайце на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.