Такое знаёмае і зразумелае слова – выпадак. Часам гэта проста імгненні паўсядзённага жыцця, зафіксаваныя ў нашай памяці. Адны застаюцца надоўга, іншыя тут жа знікаюць. Здараюцца шчаслівыя выпадкі і не вельмі, прыкрыя і недарэчныя, смешныя і нават неверагодныя. Напэўна, многія з вас могуць прыгадаць, калі той ці іншы выпадак змяніў нават лёс: падарыў тое, пра што вы марылі ці наадварот падштурхнуў да няпростай сітуацыі, з якой неабходна было шукаць выйсце!
Выпадак – шматграннае філасофскае паняцце, якое даследуюць вучоныя, выкарыстоўваюць у сваёй практыцы псіхолагі. На гэтую тэму пішуць сачыненні школьнікі. І разважаюць нашы слухачы.
У лісце ад Мікалая Аляксеевіча з Драгічына – гісторыя яго жыцця. У ім – пра школу і вясковыя футбольныя матчы, камсамольскія сходы, сустрэчу з дзяўчынай Лідай і тое, як праз гады яны пабраліся шлюбам. «Быў 2000 год,– дзеліцца з намі Мікалай Аляксеевіч, – так выйшла, што застаўся без працы, раптоўна не стала маёй Лідачкі, а яшчэ праз дзень я трапіў у аварыю… Тры сакавіцкія дні, якія неяк ураз перавярнулі маё жыццё». Страта блізкага чалавека, выпадак, здарэнне, чарада непрыемнасцей, болю і адчаю.
«Супрацьстаяць гэтаму, хаця гэта ой як няпроста, дапамагае настроенасць на пазітыў і вера ў лепшае», – лічыць наша слухачка з Мінска Вольга Іванаўна. І распавядае пра свой выпадак і гісторыю: у дзявоцтве яе, як яна піша, «не бралі замуж», але ж яна не адчайвалася, не азлобілася і сустрэла добрага і надзейнага чалавека. Нярэдка здараецца так, што лёс выпрабоўвае людзей, іх жыццё і каханне.
Наша слухачка Раіса Адамаўна Зінкевіч (прозвішча зменена) расказала пра выпадковую сустрэчу, з якой пачалося яе каханне, якое яна пранесла праз усё жыццё. Гэта было ў Ленінградзе ў 1954 годзе. Яна, тады юная прыгажунька-студэнтка, убачыла яго на трамвайным прыпынку. Іх позіркі на імгненне сустрэліся, ёй нават падалося, што яна яго ведае. Але ж тады яны не паспелі пазнаёміцца. І трэба ж такому здарыцца, што літаральна ў той жа дзень (зноў жа выпадкова!..) яна ўбачыла яго на студэнцкай вечарыне! Святочная зала, мелодыя вальса… Ён запрасіў яе на танец. А далей – зноў развітанне, і – сустрэча. У трэці раз!.. Толькі тады яны, нарэшце, пазнаёміліся – студэнтка з Беларусі і курсант ваеннага вучылішча з Украіны.
З тым, што яго Вялікасць выпадак уплывае на наша жыццё і кіруе ім, згодная і Галіна Мікалаеўна Курыленка, вядомы педагог, філолаг. «Цікавы выпадак здарыўся са мной пры паступленні ў педагагічны інстытут, – расказала яна. – Прынеслі мы з маёй стрыечнай сястрой здаваць дакументы, у яе не хапіла нейкай даведкі. І я, як кажуць, «за кампанію» таксама не стала падаваць. Аднесла потым дакументы ў БДУ, паступіла». І ўсё ж праз гады сталася так, што Галіна Мікалаеўна ўсё роўна звязала свой лёс менавіта з педагагічным інстытутам (універсітэтам імя М.Танка), з многімі вядомымі педагогамі, у тым ліку і з прафесарам Міхаілам Станіслававічам Яўневічам, сустрэча і праца з якім стала для яе ў нечым лёсавызначальнай.
«У свой час я ўзначаліла групу архітэктараў. Мы прыступілі да рэканструкцыі брацкіх пахаванняў на Ваенных могілках у Мінску, – дзеліцца з намі галоўны архітэктар майстэрні прадпрыемства «Мінскпраект» Ганна Аксёнава. – На аб’ект трапіла, можна сказаць, выпадкова, і тым самым дакранулася да гэтай святой і шчымлівай тэмы. У маім далейшым творчым лёсе з’явяцца такія знакавыя мясціны, як Парк Перамогі, воінскае пахаванне ў Лошыцкім парку, Трасцянец, і цяпер рэканструкцыя плошчы Перамогі. Узнаўленне гістарычнай дакладнасці, памяць, тэма міру – гэта тое, што займае важнае месца ў маёй творчасці, асабліва ў юбілейны год Вялікай Перамогі»,– дадае Ганна Аксёнава.
Яго Вялікасць выпадак! Як пазначана ў слоўніках – гэта надыход непрадбачнай, недапушчальнай падзеі, якую немагчыма загадзя сумясціць з іншымі падзеямі, што адбываюцца з чалавекам: абставіны, сустрэчы, моманты і нават асобныя жыццёвыя імгненні. Вядома ж ніхто з нас не супраць шчаслівых выпадкаў. Няхай яны здараюцца і з вамі! Будзем рады, калі вы раскажаце пра іх у сваіх лістах. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная,4, Дом радыё.