Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. З глыбіні стагоддзяў». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 15.01.2021
«Звычайныя гісторыі. З глыбіні стагоддзяў». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Каляды!.. Гэты час бадай што самы чаканы і жаданы ў нас, на Беларусі. Доўжыцца да 19 студзеня, да Вадохрышча. А значыць, з намі па-ранейшаму жывуць незабыўныя і цёплыя ўспаміны маленства, вера ў цуды і тое, што са зменай календара многае будзе па-іншаму ў нашым жыцці.

Таму хочацца, так бы мовіць, «прабегчыся» па тых адрасах сустрэч (хаця б некаторых), якія падаравалі ў розныя гады лёс і праца на радыё. І вядома ж, усё гэта было на Каляды! Хочацца прыгадаць і цікавыя вашы лісты менавіта пра зімовыя святы.

«У нашай мясцовасці дзень перад Старым Новым годам называюць шчадрухай, – радкі з пісьма ад Алены Іванаўны Шышко з вёскі Заверша Драгічынскага раёна. – Як толькі цямнела, у кожнай хаце чакалі калядоўшчыкаў. Загадзя рыхтавалі пачастункі. Памятаю шчадроўку з майго дзяцінства:

Добры вечар, шчодры вечар!
Пава хадзіла, пер’е губіла.
Добры вечар, шчодры вечар!
А згубіўшы пер’е, збірала.
Добры вечар, шчодры вечар!

Пазбіраўшы, у фартушок клала... Вось такі незвычайны разгортваўся сюжэт». І далей Алена Іванаўна распавядае пра тое, як яна захоўвае старадаўнія абрады і звычаі. Абавязкова гатуе багатую куццю, ушаноўвае продкаў, любіць таямнічасць і загадкавасць гэтых вечароў.

«У наш час узнікаюць іншыя падыходы, у нечым мяняюцца формы і змест правядзення зімовых свят, але ж калядныя традыцыі застануцца назаўсёды, бо ніколі не знікнуць казкі, пра тую ж шапку-невідзімку ці цудадзейную палачку, ніколі не знікне дзіцячая радасць, вера ў таямніцы і цуды!» – падзялілася з намі гісторык, знаўца даўніны, навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Валянціна Кароткіна. Яна ўзгадала пра знакамітую «Батлейку», якая існуе ў музеі, пра яе класічны біблейскі сюжэт, які і дагэтуль запальвае агеньчыкі непадробнай цікавасці і захаплення ў дарослых і дзяцей. Памятаю і яе даўнейшыя расповеды пра сацыяльнае калядаванне «з малюнкамі да сэрца і анёламі ў чароўным мяшэчку» (даслоўна).

У гэтыя калядныя дні прыгадваю сустрэчу з гарманістам з Іўеўскага раёна Валерыем Алейнікам. У свой час ён скончыў Гродзенскае культасветвучылішча, затым Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Любіць Васільевіч гармонік і... дарогі. Раней, калі жыла маці, ездзіў у Белую Царкву, Кіеў, а цяпер – калі ў Брэст, калі ў Мінск. Уладкоўваецца ля ўвахода ў метро і грае. «Грошы для мяне ніколі не былі самамэтай, шчасця яны не прыносяць, – расказваў ён, – галоўнае мець любімую справу, занятак па душы, і каб у ёй (у душы!) было тое, чаго нельга адабраць – святло, цяпло і дабрыня».

«На Каляды бабуля расказвала нам многа ўсялякіх казак і жыццёвых гісторый, – радкі з ліста ад нашай пастаяннай слухачкі Галіны Сцяпанаўны Крупянковай з Мінска, – яна была ўдумлівай і цікавай апавядальніцай. Мы, дзеці, уладкаваўшыся на печы, лавілі кожнае яе слова. Запомнілася гісторыя пра варажбу і тое, як аднойчы ёй прысніўся хлопец у бесказырцы». І далей пра тое, што бабуля і сапраўды сустрэла марака, яны пазнаёміліся і нават пабраліся шлюбам! Вось вам і калядны сон-цуд!

Яшчэ адзін адрас калядных сустрэч. Яго ведаюць многія. Гэта старажытны палескі Давыд-Гарадок. Хутчэй за ўсё, многія з вас чулі пра фэст «Конікі», якому споўнілася вось ужо больш за сто гадоў! У ноч на Стары Новы год, як толькі на небе з’яўляюцца першыя зоркі, гурты пераапранутых вершнікаў (на спецыяльна змайстраваных «коніках») і ў вобразах самых розных фальклорных герояў выходзяць на вуліцы. Паўсюдна гучаць музыка, жарты, спевы, віншаванні і пажаданні на ўвесь год. Дзея працягваецца амаль што да рання.

Адзначаць Каляды – адна з прыгожых і ўрачыстых традыцый у Беларусі. Многія ўнікальныя калядныя абрады, якія захаваліся і да гэтага часу, прызнаныя гісторыка-культурнай каштоўнасцю нашай краіны. А шырока вядомы народны абрад «Калядныя цары» вёскі Семежава Капыльскага раёна ўвайшоў у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА! Мясцовыя жыхары вераць: калі ў іх дом ці на падворак зазірнуць «цары» (пераапранутыя ўдзельнікі свята), дык увесь год у іх сем’ях будзе мір, згода і багацце. Таму шчодра адорваюць гасцей пачастункамі.

Вядомы фалькларыст, даследчык даўніны Васіль Ліцвінка пакінуў нам кнігу «Святы і абрады беларусаў». «Сапраўды, беларускі фальклор, – піша ён, – старажытнейшы тэатр жыцця, які ўпрыгожвае побыт народа, расквечвае яго паўсядзённасць прыгожымі карагодамі, гульнямі, казкамі, інтэрмедыямі, танцамі, песнямі».

Прыгадайце і вы дзяцінства і Каляды, раскажыце сваю незабыўную гісторыю. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: