Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. За 15 дзён да Перамогі…» Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 24.04.2020
«Звычайныя гісторыі. За 15 дзён да Перамогі…» Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

У красавіцкія дні 1945 года зводкі Саўінфармбюро перадавалі паведамленні пра хроніку падзей Берлінскай аперацыі.

24 красавіка войскі 1-га Беларускага фронту на паўднёва-ўсходніх ускраінах Берліна сустрэліся з перадавымі часцямі правага фланга 1-га Украінскага фронту і тым самым завяршылі акружэнне праціўніка на гэтым накірунку.

Войскі Маршала Жукава працягвалі вулічныя баі ў паўночнай і ўсходняй частках Берліна. Галоўную іх цяжкасць у цэнтральнай частцы горада прынялі на сябе штурмавыя групы і атрады. Калі мы глядзім дакументальную хроніку тых, цяпер далёкіх падзей, на першы погляд здаецца, што баі хаатычныя, аднак гэта не так. Яны ішлі па строга прадуманай сістэме.

5-я ўдарная армія таксама вяла жорскія вулічныя баі, упэўнена рухалася да цэнтра Берліна і плошчы Аляксандарплац. Улічваючы асаблівыя заслугі камандзіра гэтай арміі, Героя Савецкага Саюза, генерал-палкоўніка Мікалая Бярзарына, камандаванне прызначыла яго першым савецкім камендантам і начальнікам савецкага гарнізона ў Берліне.

Сталіца Трэцяга рэйха прыпыніла супраціўленне на 17-ты дзень штурму. 2 мая аб'явіў аб капітуляцыі нямецкі гарнізон. 4 мая адбыўся ваенны парад савецкіх войск. Яны прайшлі ўрачыстым маршам па плошчы каля Брандэрбургскіх варот і Рэйхстага. Прымаў гэты парад камендант Берліна генерал Бярзарын. На гэтай пасадзе ён знаходзіўся ўсяго толькі 54 дні, бо неспадзявана загінуў у чэрвені 1945 года ў аўтакатастрофе. У сваіх успамінах Маршал Жукаў адзначаў яго талент, вопыт і мужнасць у правядзенні Яска-Кішынёўскай, Вісла-Одэрскай і Берлінскай аперацый.

У раёне ракі Шпрэе вызначыліся байцы роты маёра Мікалая Абярэмчанкі. Ваяваў на 1-м Беларускім фронце. За праяўленыя гераізм і мужнасць у лютым 45-га яму прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза.

24 красавіка 1945 года пры ўтрыманні плацдарма ў крытычны момант бою маёр Абярэмчанка падняў батальён і павёў яго ў атаку. У гэтым баі ён загінуў. За 15 дзён да Перамогі. Яму было ўсяго 35 гадоў.

У красавіцкія дні 1945 года ў Берлін прыехала спецыяльная брыгада Усесаюзнага радыё. Вяліся запісы рэпартажаў на плёнку пра баі на вуліцах горада. Яны адразу ж перадаваліся ў Маскву.

Канечне, нам цікава ўсё, што адбывалася ў красавіку-маі 1945 года. І тыя апошнія кіламетры, што вялі на Берлін, і гісторыі асобных рот, дывізій і палкоў. І лёсы франтавікоў, якія мужна і самааддана набліжалі Перамогу. Прыгадваю і я такія сустрэчы. Іх было нямала. Як, напрыклад, з Міхаілам Федасеевічам Шацілам, камандзірам звяна 76-га гвардзейскага штурмавога авіяцыйнага палка 1-й Паветранай арміі 3-га Беларускага фронту. Не забуду, як пры сустрэчы ён паказваў самаробную лётную кніжку – сашчэпленыя лісточкі са школьнага сшытка. Там запісы, часта занатаваныя алоўкам. Пазначаны вылеты, іх колькасць, час і г.д. Са снежня 43-га па май 45-га. 137 баявых вылетаў. Мяне крануў і вось гэты запіс лётчыка Міхаіла Федасеевіча Шацілы: «5 мая 1945 года. Крэпасць Пілау. Усходняя Прусія і словы «Скончылася вайна...»

Успаміны герояў праграмы «Эпізоды Вялікай вайны» – гэта таксама своеасаблівы летапіс тых красавіцка-майскіх дзён 1945-га года. Іх нямала ў нашых архівах. Прагучаць яны і ў чарговым выпуску – у гэтую нядзелю, 26 красавіка ў 16 гадзін.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: