Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. За 20 дзён да пераможнага мая». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 16.04.2021
«Звычайныя гісторыі. За 20 дзён да пераможнага мая». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

«Захацелася і мне падзяліцца сваімі думкамі. Узгадаць пра тату, які не вярнуўся з вайны. Танкіст Ігнат Іванавіч Скарапанаў прапаў без вестак. У нас застаўся фотаздымак, на ім маладыя тата і мама. Гляджу часам і думаю, колькі ж іх, нашых абаронцаў палягло, не вярнулася з той праклятай вайны?! Будзем помніць пра іх». Ларыса Ігнатаўна Холастава. Горад Жлобін. Прыгадваецца вось гэты ліст нашай слухачкі. Як, дарэчы, і многія-многія іншыя.

У красавіку 1945-га, калі да Перамогі заставалася крыху больш за 20 дзён, зводкі Саўінфармбюро паведамлялі: войскі 3-га Беларускага фронту з баямі занялі больш чым 40 населеных пунктаў на Зямландскім паўвостраве. Паспяховыя баі вяліся на тэрыторыі Чэхаславакіі, а таксама на заходнім накірунку ад сталіцы Аўстрыі Вены.

А менавіта дзень 16 красавіка 1945 года – пачатак Берлінскай стратэгічнай наступальнай аперацыі савецкіх войскаў. Доўжылася 23 дні. У ёй прымалі ўдзел войскі 1-га і 2-га Беларускіх франтоў і 1-га Украінскага пад кіраўніцтвам трох Маршалаў Савецкага Саюза – Георгія Жукава, Канстанціна Ракасоўскага, Івана Конева.

Прыгадаем хаця б некаторыя эпізоды з хронікі тых, цяпер ужо далёкіх падзей. 16 красавіка 1945 года. Раён Кюстрына і ракі Нейсе. 1-ы Беларускі фронт і 1-ы Украінскі вядуць масіраваныя атакі супраць варожых войскаў. 20 красавіка пераходзяць у наступленне войскі 2-га Беларускага фронту і прарываюць галоўную паласу абароны гітлераўцаў. Савецкія войскі акружаюць Берлін, адрэзаўшы ад яго варожыя сілы. Нямецкая берлінская групоўка здавацца не спяшалася. З 21 красавіка па 2 мая на вуліцах Берліна ішлі жорскія кровапралітныя баі. Пра гэта, дарэчы, не раз распавядалі ў сваіх успамінах і ўдзельнікі радыёпраграмы «Эпізоды Вялікай вайны».

У красавіцкія дні 1945-га Аляксандр Ульяновіч служыў сувязістам 62-га асобнага гвардзейскага батальёна 8-ай гвардзейскай арміі пад камандаваннем знакамітага Маршала Васіля Чуйкова. Як і многія яго аднапалчане, пакінуў свой аўтограф на сценах рэйхстага. У свой час Аляксандр Іосіфавіч не раз бываў у нас, на Чырвонай, 4. У архівах праграмы «Эпізоды Вялікай вайны» захоўваецца запіс яго ўспамінаў пра Зяелаўскія вышыні і апошнія баі на подступах да Берліна.

Памятаю і сустрэчу з генерал-маёрам у адстаўцы, былым стралком-аўтаматчыкам 226-га гвардзейскага стралковага палка 1-га Беларускага фронту (шляхі якога вялі да пераможнага мая ў Берліне) Ігарам Іванавічам Пахлопкам. Самыя яркія эпізоды яго франтавога жыцця – баі на Магнушаўскім плацдарме. Яны настолькі блізка падышлі да варожых умацаванняў, што дні і ночы былі напагатове, каб у любы момант прыняць бой. Берлін быў яшчэ далекавата, але ж і тады ўжо адчувалася набліжэнне перамогі.

Пехацінец Віктар Вятошкін прайшоў па дарогах вайны ў складзе 1-га і 2-га Беларускіх франтоў, а таксама 1-га і 2-га Прыбалтыйскіх. Ваяваў у 601-ым стралковым палку 65-ай арміі. Кавалер трох ордэнаў Славы. Адзін з іх – за ўзяцце Берліна. Мне пашчасціла сустракацца з Віктарам Дзмітрыевічам падчас аднаго з майскіх свят. Запісала многа цікавых эпізодаў. Пра дарогу на Берлін, баі на Одэры, у якіх удзельнічалі і яго аднавяскоўцы з палескай вёскі Новая Мільча. І пра тое, як адзін з ордэнаў Славы ветэрану ўручылі праз 27 гадоў пасля Перамогі.

Красавіцкія дні 45-га – гэта і баі за рэйхстаг, які быў узяты войскамі 3-яй ударнай арміі. Бліжэй да вечара 30 красавіка над рэйхстагам узняты Сцяг Перамогі. Берлінская стратэгічная аперацыя закончылася падпісаннем Акта аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі.

Памятаю, як пра падзеі красавіка 45-га і першыя дні мая расказвала былая тэлеграфістка Валянціна Шчарбатава. У роце асобнага батальёна сувязі былі зусім маладыя дзяўчаты. А столькі давялося прайсці, перажыць. Іх часць ішла з баямі па Гродзенскай вобласці Беларусі. Затым – Рыга, Варшава, Познань. І Берлін. Валянціна Васільеўна ўспамінала сваіх баявых сябровак Зіну Ігошыну, Аню Жураўлёву, Кацю Калганаву, Паліну Бакаеву ды іншых. 4 мая 1945 года яна разам са сваімі аднапалчанкамі перадавала тэрміновыя тэлефанаграмы ў Маскву, як і пра тое, што ўзяты Берлін.

І яшчэ. 16 красавіка 1934 года ў СССР уведзена званне Герой Савецкага Саюза. Сярод удзельнікаў Берлінскай аперацыі – Маршал Георгій Жукаў. Гэтае званне яму было прысвоена чатыры разы! Трох Залатых Зорак ўдастоены Маршалы авіяцыі Аляксандр Пакрышкін, Іван Кажадуб і Маршал Сямён Будзённы. За подзвігі, праяўленую мужнасць у гады Вялікай Айчыннай вайны 11739 чалавек атрымалі гэтае высокае званне. 107 герояў былі ўдастоены двойчы.

Успаміны герояў праграмы «Эпізоды Вялікай вайны» – гэта таксама ж своеасаблівы летапіс і тых красавіцка-майскіх дзён 1945-га года. Іх нямала ў нашых архівах. Прагучаць яны і ў чарговым выпуску, у гэтую нядзелю, 26 красавіка ў 16 гадзін.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: