Чым бліжэй да юбілейнай даты – 75-годдзя Вялікай Перамогі, тым часцей мы звяртаемся да падзей і эпізодаў кожнага майскага дня.
Якраз 1 мая 1945 года на камандны пункт 8-й гвардзейскай арміі быў дастаўлены начальнік штаба германскіх сухапутных войскаў генерал Крэбс. Ён спрабаваў устанавіць кантакт для перамоў з камандаваннем Чырвонай Арміі. Сталін прыняў цвёрдае рашэнне дабіцца безагаворачнай капітуляцыі. Нашы войскі працягвалі штурм Берліна. У 18 гадзін 30 хвілін савецкая артылерыя нанесла чарговы агнявы ўдар па нямецкіх злучэннях. За гэты дзень было занята 90 гарадскіх кварталаў Берліна. На працягу дня ішлі баі каля Рэйхстага. Група гітлераўцаў, якія заселі ў падвальных памяшканнях, капітуліравала толькі раніцай 2 мая.
Менавіта ў гэты дзень у Маскве на Краснай плошчы адбыўся святочны ваенны парад, прысвечаны Дню салідарнасці працоўных. Увечары прагрымелі святочныя салюты ў Маскве, Ленінградзе, Сталінградзе, Севастопалі і Адэсе.
У калекцыях музея сярэдняй школы №4 імя П.І.Батава горада Слоніма таксама нямала матэрыялаў і дакументаў пра тыя майскія дні 45-га. Заснаваны ён 55 гадоў таму, у красавіку 1965. Тагачасны настаўнік гісторыі Аляксандр Сямёнавіч Жукоўскі і вучні правялі вялікую пошукавую работу, перапіску з ветэранамі і іх сем’ямі, сабралі цікавы матэрыял, стварылі экспазіцыю. У свой час гэты музей быў прызнаны найлепшым сярод школьных музеяў Савецкага Саюза. Зрэшты, і сам горад Слонім авеяны воінскай славай. Уявіце сабе, 14 вуліц горада носяць імёны герояў! Сярод іх – знакамітыя камандзіры Павел Батаў і Іса Пліеў, камсамолец Мікалай Мірошнік, які паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава, і многія іншыя.
У радавога 64-й стралковай Магілёўскай ордэна Суворава дывізіі Паўла Сафронавіча Ерашэнкі сярод многіх узнагарод ёсць і медаль «За ўзяцце Берліна». Прымаў удзел і ў баях на рацэ Одэр. 16 красавіка 1945 года ён удала працягнуў лінію сувязі, нягледзячы на моцны артылерыйскі абстрэл праціўніка. Малодшы сяржант, тэлефаніст Павел Ерашэнка за гэты баявы ўчынак быў прадстаўлены да ўзнагароды – ордэна Чырвонай Зоркі. Мне давялося бачыць падчас нашай сустрэчы і гэты ўзнагародны ліст, і кранальныя запісы. Дакументы з тых далёкіх 40-х выклікаюць асаблівыя пачуцці і гонар за нашых франтавікоў.
Мы не раз расказвалі і пра вядомага ваеначальніка, генерала арміі, двойчы Героя Савецкага Саюза Івана Чарняхоўскага. У красавіку 1944 года ён прыняў камандаванне Трэцім Беларускім фронтам. І гэта ў свае 38 гадоў! Аднак маладосць не перашкодзіла яму таленавіта працаваць над кожнай аперацыяй на шляхах да Перамогі. Пад яго кіраўніцтвам паспяхова праведзены Віцебска-Аршанская, Мінская, Вільнюская, Каўнаская, а таксама сумесна з першым Прыбалтыйскім фронтам – Мемельская аперацыя. Памяць пра гэтага легандарнага палкаводца захоўваюць і ў гімназіі №11 Мінска, якая носіць яго імя. У школьным музеі ёсць фотаздымкі з сямейнага архіва, матэрыялы пра яго жыццёвы і баявы шлях. Можна пабачыць карту Усходняй Прусіі з надпісам, зробленым генералам Чарняхоўскім.
Цікавы лёс лётчыка 721-га знішчальнага авіяпалка 15-й, пазней 16-й Паветранай арміі, Героя Савецкага Саюза, нашага земляка Івана Сямёнавіча Козіча. Пра яго мужнасць і гераізм хадзілі легенды. Ён, намеснік камандзіра эскадрыллі, імгненна прымаў рашэнні, і таму многія паветраныя баі завяршаліся на карысць палка. Яго ведаў сам Маршал авіяцыі Сяргей Рудэнка. Ідэя расказаць пра яго ў юбілейны год Вялікай Перамогі належыць Валерыю Катляніку з Мінска. Яго бабуля якраз з той вёскі, дзе нарадзіўся і вырас славуты лётчык – гэта Старыя Маргі Уздзенскага раёна.
І яшчэ. Лічаныя дні застаюцца да майскага свята – 75-годдзя Вялікай Перамогі. Зразумела, сведкаў тых далёкіх падзей застаецца ўсё менш і менш. Праўда, у многіх, я думаю, ёсць сямейныя архівы. Зазірніце і вы, а таксама распытайце родных і блізкіх пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Пра тое, як у ваш горад, пасёлак, вёску прыйшла Перамога! І падзяліцеся з намі.
Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.