Пачну з ліста, які вызначыў тэму сённяшняй гаворкі.
«Успамінаюцца 60-я гады мінулага стагоддзя. За вокнамі пануе люты, а ў цёплай дзедавай хаце рыхтуюцца да вяселля яго малодшай дачкі Марусі, – піша Валянціна Канстанцінаўна Кузьміч з аграгарадка Яечкавічы Іванаўскага раёна. – Нас з братам прасілі не блытацца пад нагамі: сядзім на печы, назіраем». І далей, так бы мовіць, вельмі «смачныя» ўспаміны пра тое, як у хаце, што на хутары паблізу вёскі Махро, смажылася-варылася-гатавалася: сквірчэлі каўбасы, млеў у вялікіх чыгунках халадзец, запякаліся ў цесце кумпякі. У кладоўцы – падсушаныя клінковыя сыры, вішнёвы кісель, пірагі ды іншыя прысмакі. І яшчэ ў лісце радкі пра тое, як дзяўчаты падчас вяселля выходзілі на «сербіянку»: ну якое ж палескае вяселле без яе?!. Танцы перамяжаліся з прыпеўкамі, у якіх было нямала сюжэтаў на мясцовыя тэмы. Бывала, цэлы тыдзень гуло-віхурыла вяселле, са сваімі абрадамі і традыцыямі, сярод якіх – абсыпанне зернем маладых, пераапрананне ў «цыганоў», перазовы ды іншыя.
Як сведчаць даследаванні вучоных-фалькларыстаў, традыцыі правядзення вяселля адносяцца да сямейна-абрадавых і маюць глыбокі сэнс. Здаўна вяселле на нашай зямлі прадумвалася да дробязей. І хаця многае адышло ў нябыт, але ж і па сённяшні дзень маладыя не адмаўляюцца ад традыцый продкаў. У некаторых установах культуры ўсё большую папулярнасць набываюць вяселлі паводле старадаўніх звычаяў.
Перад гэтым эфірам мы пагутарылі з Надзеяй Аўдзей. Яна ўзначальвае студыю народных традыцый і абрадаў «Краявід», што працуе пры Вілейскім краязнаўчым музеі. Тут можна замовіць цырымонію беларускага вяселля з абрадамі-пажаданнямі, якія карпатліва адшукваліся ў літаратурных крыніцах, запісваліся падчас фальклорных экспедыцый, а таксама з вясельнымі песнямі, характэрнымі менавіта для гэтага кутка.
Шмат зрабіў для захавання традыцый, у тым ліку і вясельных, былы дырэктар Вілейскага краязнаўчага музея Сяргей Ганчар. На вялікі жаль, раптоўна пайшоў з жыцця. Яго справу працягваюць калегі. Надзея Аўдзей распавяла пра абрад, які называецца «Горка па-беларуску». Праводзіцца ў музеі, у інтэр’еры хаты пачатку XX стагоддзя з «чырвоным» ды «бабіным» кутамі, вясельнымі фотаздымкамі з мінулых гадоў ды тымі прадметамі, якія маюць сакральны сэнс. Гэта грамнічная свечка, лубка з зернем, чырвонае віно як сімвал кахання ды іншыя. Тут можна пазнаёміцца і з пажаданнямі, якія менавіта на Вілейшчыне продкі дарылі маладым. Яны дасціпныя, поўныя гумару, жартаў. Як, напрыклад, «дару вам зялёны ліст, каб нарадзіўся сын-гарманіст» ці «дару маладому клубок нітак, каб не круціўся ля чужых лытак», альбо «жадаю мець столькі дачушак, колькі ў хаце падушак» і г.д.
На прасторах інтэрнэту «гуляюць» звесткі пра самыя незвычайныя вяселлі. Чаго толькі не прыдумаюць маладыя, каб «засвяціцца» сваім незвычайным шлюбам! Сапраўднае «касмічнае» вяселле адбылося ў жніўні 2003 года. Расійскі касманаўт Юрый Маленчанка пабраўся шлюбам падчас тэлемоста, які злучыў жаніха і нявесту, а гэта 380 тысяч кіламетраў, ад Зямлі да Міжнароднай касмічнай станцыі. У Кнігу рэкордаў Гінэса трапілі амерыканцы, муж і жонка Ліліян Хартлі і Алан Маркс. Яны пазнаёміліся, калі жаніху было 83 гады, а нявесце 80. Прапанову стаць яго жонкай Алан зрабіў толькі праз 15 гадоў знаёмства! Яны найстарэйшыя маладажоны ў свеце.
Не раз даводзілася чуць і чытаць і пра вельмі сціплыя вяселлі. Асабліва ў перад-ці пасляваенны час. Такім яно было і ў народнага пісьменніка Івана Шамякіна, 100-годдзе з дня нараджэння якога адзначаецца заўтра. Іван і Марыя распісаліся ў сельсавеце вёскі Пракопаўка Рэчыцкага раёна 1 мая 1940 года. Іван заехаў да сваёй нявесты перад адпраўкай на службу ў Мурманск. Потым вайна і доўгія і трывожныя гады расстання. Вярнуўся толькі ў 46-ым. Многія тыя падзеі ляглі ў аснову яго рамана «Глыбокая плынь». Дарэчы, заўтра ў 9.05 у праграме «Галерэя» пра свайго тату, вядомага пісьменніка Івана Шамякіна распавядзе яго дачка Таццяна Іванаўна Шамякіна. Найцікавейшыя ўспаміны!
У вашых лістах таксама ёсць радкі пра вясельныя традыцыі. «У былыя гады ў нас на Палессі існаваў такі абрад, як завешванне ручнікоў, – расказвала неяк Раіса Патрубейка са Столінскага раёна. – За тыдзень да вяселля, у суботу маладая прывозіла свой пасаг у хату жаніха. На стол засцілалі абрусы, на вокны вешалі фіранкі, на сцены – вышыванкі. На ложку маладых з’яўляліся цэлыя «горы» падушак, коўдры, посцілкі ды іншае. Чым больш гэтых рэчаў, тым багацейшай лічылася нявеста. За гэтай перадвясельнай дзеяй назіралі вясковыя жанчыны. Яны нават не саромеліся падыходзіць пад вокны, аглядаць пасаг маладой, каб потым абмяркоўваць усёй вёскай».
Часцей за ўсё вяселлі ў тых мясцінах (і не толькі) спраўлялі зімой. Гэтаму не перашкаджалі ні маразы, ні завеі, ні сумёты: намятала вышэй за плот. У тых снежных зімах ды вяселлях было столькі чароўнай прыгажосці, раскошы і весялосці, хвалюючых момантаў! Запаміналіся яны на ўсё жыццё.