Як знайсці сябе? Гэтае пытанне рана ці позна хвалюе кожнага чалавека. І ад таго, наколькі своечасова і правільна ён адшукае сваё прызначэнне, залежыць далейшае жыццё. Можна перачытаць мноства парад псіхолагаў, педагогаў, даследчыкаў гэтай сферы, можна ісці метадам сваіх спроб і памылак, але ж усё роўна існуюць яшчэ і нейкія іншыя законы сусвету.
Сёння паразважаем на гэтую тэму, прыгадваючы сустрэчы тут, у Доме радыё, а таксама гартаючы вашыя пісьмы.
Перачытваю ліст ад Яніны Браніславаўны Лянкевіч з Івянца, Валожынскага раёна, у якім яна ўзгадвае пра вучобу ў першыя пасляваенныя гады. «Не было адзення, абутку. Хадзілі, хто ў чым, але ж, нягледзячы на беднасць і нястачу, стараліся вучыцца. Не наракалі, верылі ў лепшае, любілі школу, выбіралі простыя зямныя прафесіі, жылі і працавалі сумленна, аддана, адным словам, многія з нас знайшлі сваё зямное прызначэнне», – заўважае яна.
У гісторыях слухачоў узгадваюцца і іншыя моманты з маленства, юнацтва, усё тое, што назаўсёды звязвае з продкамі, родам і нават тымі рэчамі, якія робяцца іх абярэгамі. Гэта дапамагае ўпэўнена ісці па жыцці, з пачуццём самадастатковасці, а значыць, правільна рабіць свой выбар. Шанаваць мінулае, спадчыну. Вывучаць яе. Праз імёны і асобы сям’і і роду.
З гэтай нагоды хачу ўзгадаць вельмі дасціпную і цікавую кнігу – раман «Цар» пісьменніка і публіцыста Уладзіміра Ліпскага, які не так даўно выйшаў з друку. Яго галоўны герой, вясковы жыхар Зміцер Кажухоўскі (па мянушцы Цар), разам са сваімі дарослымі дзецьмі вывучае радаслоўную. Як піша аўтар, на сваім гарышчы «шукае, збірае залаты пыл даўніны». Яго цікавіць перыяд гісторыі пачатку XVII стагоддзя, час праўлення Івана Грознага, адзін з сыноў якога Дзмітрый, народжаны ад Марыі Фёдараўны Нагой, кажуць, мае беларускія карані! Тут і сюжэтная лінія, звязаная з іменем Льва Сапегі, які на той час быў паслом у Маскве. Тут і згадкі галоўнага героя нават пра магчымае яго сваяцтва з царскай сям’ёй, за што і атрымаў мянушку Цар ад вяскоўцаў, якія па-добраму кпілі і трошкі пасмейваліся з наваяўленага гісторыка. А ён, Зміцер Кажухоўскі, знайшоў сябе ў тым, што «церабіў непралазны хмызняк замурзанай даўніны» (даслоўна), адчуваў сябе па-сапраўднаму шчаслівым і тады, калі адправіўся ў падарожжа па тых гарадах і паселішчах Беларусі, па якіх некалі ехала ў Маскву на працягу трыццаці дзён з абозам у 2000 падвод (!) Марына Мнішак да свайго ўладара Дзмітрыя. Аўтар рамана, пісьменнік Уладзімір Ліпскі, і яго героі нагадваюць усім нам, што вывучэнне сваёй гісторыі, спадчыны і свайго радаводу – гэта ж таксама пошукі сябе і адказаў на спрадвечныя пытанні.
Покліч продкаў прывёў расіяніна Веньяміна Бычкоўскага ў вёску Бабровічы Івацэвіцкага раёна. У сярэдзіне 90-х ён набыў там невялікі дамок, у якім стварыў музей, непадалёку пабудаваў капліцу. Палюбіў гэты ціхі палескі куточак, знайшоў асалоду жыцця ў адзіноце, вывучае ваколіцы, возера, старое капішча, праводзіць экскурсіі для мясцовых школьнікаў, вучыць іх любіць і шанаваць мінулае. Па архівах і царкоўных кнігах Веньямін Бычкоўскі даведаўся, што на беларускім Палессі жылі некалі яго продкі, але ж падчас Першай сусветнай вайны іх вывезлі на Урал. Вось як здараецца, што праз шмат-шмат гадоў менавіта тут ён і знайшоў сваё, магчыма не ўсім зразумелае, шчасце чалавека-адзінотніка. І сваю зямлю.
Зазначу, што і героі радыёпраграмы «Галерэя» распавядаюць якраз пра такія гісторыі, пра свае шляхі-дарогі па жыцці і пошук сябе. У прафесіі, занятку, у пераадоленні цяжкасцей і перашкод, якія ўмацоўваюць і загартоўваюць характар і сілу волі, надаюць упартасці ў ажыццяўленні сваіх памкненняў і мар. Вось і ў чарговай перадачы (прагучыць заўтра, у 9.05 на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё) – сустрэча з народным майстрам Беларусі, членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, майстрам лозапляцення Аленай Гурэцкай. Талент, прыхаваны ў генах, прывёў яе да гэтага старажытнага мастацтва, у якім закладзены глыбокі духоўны змест. Яе вырабы (дарэчы, не толькі кошыкі) захапляюць сваёй прыгажосцю, цеплынёй і сонечнасцю.
«Успамінаю вёску маленства Труханавічы, што ў Капыльскім раёне, – радкі з ліста ад Валянціны Данілаўны Перапечка з Салігорскага раёна. – Я ганаруся тым, што ў ёй нарадзіўся і пачынаў свой жыццёвы шлях пісьменнік Ян Скрыган. Менавіта там у свой час настаўнічаў паэт Кастусь Цвірка». І далей пра тое, што нямала працавітых паважаных людзей выйшлі адтуль у вялікі свет. Знайшлі сябе. І захавалі памяць пра радзіму, адкуль іх будні і святы, і той дзівосны свет, які наталяе душу жыць прагна, натхнёна і самааддана.
І яшчэ. У народзе кажуць, што менавіта сёння, 26 сакавіка, у Нічыпараў дзень, прылятаюць гусі. А гэта добры знак таго, што год будзе ўраджайны. Вяртаюцца з выраю і жаўрукі, вестуны цяпла і сапраўднай вясны.