Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. «Зорныя паходы»: памяць праз гады». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 04.02.2022
«Звычайныя гісторыі. «Зорныя паходы»: памяць праз гады». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Сёння мы з вамі пройдзем некаторымі маршрутамі «зорных паходаў», што ладзіліся падчас студэнцкіх зімовых канікул у 70–80-я гады мінулага стагоддзя. Гэта былі гады росквіту патрыятычнага руху моладзі. Сама назва – ад зорак на абелісках і помніках, якіх так шмат на нашай зямлі. Многія навучальныя ўстановы падтрымліваюць і захоўваюць гэтую традыцыю і цяпер.

Патрыятычныя акцыі праводзяцца ў Мінскім дзяржаўным турыстычна-экалагічным цэнтры дзяцей і моладзі, дзе, дарэчы, ёсць Музей баявой славы 31-ай арміі, якая прымала ўдзел у вызваленні Беларусі. Падчас аднаго з такіх паходаў група дзяцей і педагогаў пабывала на месцы дыслакацыі вядомай партызанскай брыгады «Штурмавая», якая дзейнічала на Міншчыне, у раёне Радашковічаў і Заслаўя. У свой час мы сустракаліся з былой партызанкай гэтай брыгады Марыяй Міхайлаўнай Фёдаравай. Яна была надзвычай светлым і добрым чалавекам, вялікім жыццялюбам. Патрыёткай сваёй краіны.

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка «зорныя паходы» пачаліся яшчэ ў далёкім 1966 годзе. А сёлета, у Год гістарычнай памяці, гэтая даўняя традыцыя набыла асаблівую адметнасць у справе грамадзянска-патрыятычнага выхавання студэнцкай моладзі, будучых педагогаў. Прарэктар гэтай вышэйшай навучальнай установы, старшыня аргкамітэта сёлетняга, 57-га «зорнага паходу» па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа, Святлана Копцева падзялілася гісторыяй паходаў, іх маршрутамі, найбольш цікавымі і памятнымі сустрэчамі. Успомніла і пра свае «зорныя паходы» у пачатку 80-х, калі была студэнткай. Ніколі не забудзе, як іх прымалі ў Крупскім раёне. Вяскоўцы прыходзілі на сустрэчы і канцэрты (гэта былі незабыўныя дыялогі пакаленняў), запрашалі да сябе ў госці, частавалі бульбачкай, прапаноўвалі цёплыя шкарпэткі ды іншыя рэчы. Сагравалі душэўнай цеплынёй і ўдзячнасцю.

А сёлета, літаральна на мінулым тыдні, больш чым 300 студэнтаў і выкладчыкаў у складзе 10 атрадаў пабывалі ў шасці раёнах Мінскай вобласці, у Івацэвіцкім – Брэсцкай, Лідскім і Навагрудскім – Гродзенскай, у Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці.

Святлана Іванаўна ўзгадала і пра вельмі кранальную гісторыю. У адным з «зорных паходаў» (якраз у юбілейны, да 75-годдзя Вялікай Перамогі) прымалі ўдзел і студэнты Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Гумілёва з Казахстана. Сярод іх – Адзіль Ягінбай, праўнук радавога 612 стралковага палка 144 стралковай дывізіі Камалі Жуваншпаева. Напярэдадні аперацыі «Баграціён» у Віцебскім раёне фронт стаяў каля 9 месяцаў. Падчас баёў тут загінулі дзясяткі тысяч салдат і афіцэраў амаль што з усіх былых саюзных рэспублік. Казах Камалі Жуваншпаеў пахаваны ў брацкай магіле каля вёскі Шапуры. І вось праз столькі гадоў пасля Перамогі праўнук пабываў на месцы апошняга прытулку свайго прадзеда, узяў некалькі жменек зямлі, каб адвезці іх на радзіму.

У свой час мне таксама пашчасціла прымаць удзел у падобных лыжных дэсантах, паходах па месцах баявой і працоўнай славы. Ніколі не забуду тыя зімовыя маршруты праз вёскі Глыбоцкага і Гарадоцкага раёнаў, часта нацянькі, праз снежныя сумёты і лясныя прасекі. Усё было, як кажуць, па-сапраўднаму, амаль што па-баявому: камандзір і камісар атрада, компас, лыжнае абмундзіраванне і шматкіламетровыя пераходы. А ў мяне за плячыма яшчэ і рэпарцёр – тады я працавала ў маладзёжнай рэдакцыі Беларускага радыё. Вага адчувальная, недзе кілаграмаў 6-7, праўда, па чарзе дапамагалі байцы атрада. Такое вось баявое братэрства!.. І дагэтуль захаваліся запісы ў маім блакноце, прозвішчы студэнтаў Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі (тады ён так называўся) – Коля Казлоў, Толя Шчукаловіч, Галя Сліжанкова і многія іншыя (даруйце, што не называю ўсіх). А якія цёплыя і шчырыя сустрэчы былі з удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны: тады, у пачатку 80-х, яны пра многае маглі расказаць. Хоць і невялікія, але ж поўныя залы мясцовых школ ці клубаў. Немагчыма забыць чуллівыя расповеды, слёзы смутку і радасці за тое, што імі цікавяцца, што наведаліся ў іх аддаленыя вёсачкі гераічнага партызанскага краю.

Шмат маршрутаў пройдзена і з навучэнцамі Маладзечанскага музычнага вучылішча, у асноўным па Вілейшчыне, мясцінах, дзе ў гады вайны дзейнічала падполле і партызанскі рух на чале з вядомым кіраўніком Пятром Машэравым ды іншымі. На працягу многіх гадоў выдатным арганізатарам і душой «зорных паходаў» быў педагог, прафсаюзны лідар вучылішча Сяргей Барысавіч Вальковіч. Такія зімовыя вандроўкі маладзёжнай рэдакцыі ладзіліся таксама са студэнтамі політэхнічнага інстытута, а таксама педагагічнага.

Як тут не ўзгадаць і дзясяты Усесаюзны злёт удзельнікаў паходу па месцах рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы савецкага народа (тады ён так называўся), які праходзіў у пачатку 80-х у Ерэване. Памятаю, сярод мноства самых розных і цікавых мерапрыемстваў – паездка ў горнае паселішча Аран Апаранскага раёна. Гэта радзіма Азата Багдасарана, які загінуў падчас баёў на тэрыторыі Беларусі. Мы сустракаліся з яго маці, 97-гадовай Эрынэ, чулі, як плакала яна і дудук. Кранала да глыбіні душы.

Рэпарцёрскія запісы на зімовай лыжні, непадробныя і яркія эмоцыі ўдзельнікаў паходаў, успаміны ветэранаў, расповеды мясцовых краязнаўцаў ды і проста вясковых бабулек, занатаваныя на магнітафонных стужках. Пасля вяртання з тых незабыўных камандзіровак яны гучалі ў эфіры Беларускага радыё. Магчыма і вам, паважаныя слухачы, ёсць што ўспомніць пра тыя гады і «зорныя паходы».

Калі так, пішыце, адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4 , Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: