Сёння, 22 красавіка, ва ўсім свеце адзначаецца Дзень Зямлі. Асноўная мэта гэтай міжнароднай акцыі – прыцягненне ўвагі грамадства і кожнага чалавека да праблем планеты, навакольнага асяроддзя, вырашэння глабальных экалагічных задач.
У сваіх лістах вы таксама не раз распавядалі пра тое, якая гэта высакародная справа – пасадзіць дрэва, упарадкаваць-упрыгожыць сваю сядзібу ці гарадскі дворык, лесапаркавыя зоны, прыдарожныя палосы і г.д. Нядаўна, падчас рэспубліканскага суботніка, многія з вас працавалі на добраўпарадкаванні знакавых мясцін – на мемарыяльных комплексах, брацкіх пахаваннях, ля помнікаў і абеліскаў, звязаных з падзеямі Другой сусветнай вайны.
На мінулым тыдні, вось ужо ў 15 раз, праведзена рэспубліканская добраахвотная акцыя «Тыдзень лесу». Штогод беларускія лесаводы з дапамогай валанцёраў высаджваюць каля 30 тысяч гектараў лесу. Закладваюцца і памятныя алеі.
Перад гэтым эфірам мы правялі невялікае апытанне: як зберагчы нашу планету Зямля ад наступстваў цывілізацыі, захаваць яе біялагічную разнастайнасць, палепшыць экалагічную культуру і г.д. Сваімі думкамі падзяліўся і вядомы біёлаг, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар біялагічных навук, прафесар Уладзімір Рашэтнікаў. У свой час ён скончыў Маскоўскую сельскагаспадарчую акадэмію імя Ціміразева. Дарэчы, атрымліваў стыпендыю імя Мічурына. Пасля размеркавання працаваў на розных пасадах у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Больш чым 10 гадоў быў дырэктарам Цэнтральнага батанічнага саду. Якраз у гэтыя красавіцкія дні спаўняецца 90 гадоў з дня заснавання ўнікальнай навуковай установы.
«Адна з самых ганаровых місій чалавека – гэта «зялёнае будаўніцтва», захаванне біялагічнай разнастайнасці і яго лучнасць з прыродай», – зазначае Уладзімір Мікалаевіч. І далей пра тое, як важна пры гэтым мець у сваёй душы паэтычнае захапленне, якое дорыць нам прырода і розныя яе поры года. Узгадаў і пра класікаў, у тым ліку і пра Янку Купалу, яго верш «Лес», які з веку ў век (цытую) «нам байкі бае», і як там, у лясных абшарах (зноў цытую) «усё само сабой жыве паважна, асцярожна».
Акадэмік Рашэтнікаў расказаў і пра закладку (на мінулым тыдні) дэндрапарку ў гарадскім пасёлку Варапаева, што на Віцебшчыне. У гонар вядомага селекцыянера-садавода, «беларускага Мічурына» Івана Паўлавіча Сікоры. Пра самыя яркія старонкі жыцця вучонага, захаванне памяці пра яго, а таксама пра фестываль «Яблычны спас» у Малых і Вялікіх Алашках мы расказвалі ў радыёпраграме «Галерэя». У ёй прымаў удзел і ўнук знакамітага селекцыянера Андрэй Зуйкоў. У садзе Сікоры прайшло апрабаванне звыш 600 сартоў яблынь, больш чым 100 сартоў груш ды іншых пладова-ягадных культур. Вяршыняй яго селекцыйнай дзейнасці стаў гібрыд №1377, плады якога аматары вобразна назвалі «яблыкамі XXI стагоддзя».
Сваімі думкамі аб планеце Зямля, яе экалагічным стане з намі падзяліўся і доктар біялагічных навук, прафесар Андрэй Георгіевіч Майсяёнак. Ён вядомы ў краіне спецыяліст па здаровым харчаванні і вітаміналогіі, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Жыве ў адным з аддаленых мікрараёнаў Гродна, на працу дабіраецца пешшу. І гэта ў свае 78 гадоў! «Чалавек павінен пастаянна трымаць сябе ў тонусе не толькі фізічна, але і псіхалагічна. Заўсёды важна памятаць пра штодзённыя радасці», – кажа ён. І далей разважае пра тое, што гэтую радасць прыносяць стасункі з прыродай, якую мы павінны дбайна берагчы і захоўваць. Узрадаваны тым, што на Віцебшчыне (ён адтуль, нарадзіўся ў Глыбокім) існуе нямала праектаў, накіраваных на захаванне наваколля, вырашэнне актуальных экалагічных праблем. У захапленні і ад навіны пра дэндрапарк у Варапаеве, які з’явіўся сёлетняй вясной, пра бэзавыя алеі ды іншыя расліны, што здаўна ўпрыгожвалі яго малую радзіму.
У Дзень Зямлі (ды і не толькі) у кожнага жыхара планеты ёсць магчымасць выказаць сваю любоў і ўдзячнасць нашаму агульнаму дому. Як гэта зрабіць? А вельмі проста. Ну, па-першае, не забруджваць наваколле смеццем, быць у гэтых адносінах выхаваным, культурным чалавекам, прыкладам падрастаючаму пакаленню. І як казалі вышэй, беражліва, па-гаспадарску ставіцца да расліннага і жывёльнага свету, да кожнага дрэўца, кветачкі, крынічкі, рэчачкі, возера, лесу.
Якраз такой парой зацвітаюць першацветы. Іх катэгарычна забаронена рваць, гэта ж чырванакніжныя расліны! Але ж, на вялікі жаль, ля метро ды ў іншых шматлюдных месцах бачым цэлыя абярэмкі, прынесеныя з лесу на продаж. Сёлета ўведзены штрафы за гэтае варварства. Знішчэнне першацветаў па віне чалавека павінна разглядацца як сур’ёзнае экалагічнае злачынства. Як трапна заўважана: «Не рвіце на дзень, пакіньце на ўсё жыццё». І да новай сустрэчы ў эфіры.