Падзяліцца:
9 Чэрвеня 2017
На нашым канале з 12 па 18 чэрвеня пройдзе эфірная акцыя - “Юбілейны тыдзень” народнага артыста Беларусі Аўгуста Мілаванава да 80-годдзя з дня нараджэння. Аўгуст Лазаравіч Мілаванаў скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (курс народнага артыста Беларусі Дзмітрыя Арлова). Пачынаў працаваць у Валгаградскім абласным тэатры імя Максіма Горкага, Беларускім дзяржаўным драматычным тэатры імя Якуба Коласа. Але галоўнай тэатральнай сцэнай яго творчага лёсу стаўся Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, у якім ён спраўдзіў свой шматгранны талент. Гледачы помняць і яго вострахарактарныя драматычныя ролі, і створаныя ім вобразы у філасофска-іранічнай манеры і адкрытых душэўных па сваім складзе натур. Сярод лепшых роляў Мілаванава можна згадаць Зурыко (“Я, бабуля, Іліко і Іларыён” Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе), Гэлі Гэя (“Што той салдат, што гэты” Б.Брэхта), Герастрата (“Забыць Герастрата” Р.Горына ), тату (“Зацюканы апостал” А.Макаёнка), Вяршылу (“Мудрамер” М.Матукоўскага), Ромула (“Ромул Вялікі” Ф.Дзюрэнмата), Тэўе (“Памінальная малітва” Р.Горына паводле твораў Шолам-Алейхема) ды іншыя. За ролю міністра ўзгадненняў Вяршылы ў спектаклі “Мудрамер” у 1988-м годзе Аўгусту Мілаванаву была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі. У творчым актыве артыста таксама – цікавыя ролі ў кіно, радыёспектаклях, на тэлебачанні, дваццаць гадоў ён выкладаў майстэрства акцёра ў Беларускай акадэміі мастацтваў. На гэтым, “Юбілейным тыдні”, у “Тэатры Беларускага радыё” прагучаць спектаклі і пастаноўкі з удзелам народнага артыста Беларусі Аўгуста Мілаванава. 12 і 13 чэрвеня слухайце радыёкампазіцыю спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Дзівак” па п’есе Назыма Хікмета (Абдурахман), 14 чэрвеня – радыёспектакль “Была вайна народная” (Карпаў) па п’есе Арсенія Ястрабава, 15 і 16 чэрвеня вашай увазе - радыёкампазіцыя спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Зацюканы апостал” (тата) па п’есе Андрэя Макаёнка, 17 і 18 чэрвеня - радыёкампазіцыя спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Мудрамер” (Вяршыла) па п’есе Мікалая Матукоўскага. Прыемных вам уражанняў!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: