19 лютага адбудзецца радыёмост Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё з Казахскім радыё. Яго тэма - "Культурная спадчына: захаваем і прымножым".
Год культуры, які праходзіць зараз у Беларусі, вызначыў тэму чарговага радыёмоста "Мінск - Астана". У гэты раз размова пойдзе аб самабытнай культурнай і духоўнай спадчыне кожнай з краін, пра тую работу, якая праводзіцца па захаванні народных традыцый, нацыянальных асаблівасцей, фарміраванні высокай культуры грамадства. Удзельнікі сустрэчы раскажуць аб сумесных акцыях і пазнаёмяць слухачоў з яркімі прадстаўнікамі беларускай і казахскай культуры.
У студыі Дома радыё - галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Беларусі Людміла Лебедзь, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Наталля Сяліцкая і дырэктар Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Уладзімір Карачэўскі.
Госці студыі Казахскага радыё - намеснік дырэктара Нацыянальнага музея Казахстана Абай Сатубалдзін, намеснік дырэктара музея Першага Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан Куляйша Актаева і дырэктар Дзяржаўнага акадэмічнага рускага драматычнага тэатра імя Горкага Еркін Касенаў.
Весці радыёмост будуць журналісты Дзмітрый Рубашный і Алібек Абдзілаў.
Радыёмост "Мінск - Астана» прагучыць у эфіры 19 лютага 2016 года ў 12.05.