Падзяліцца:
Аўгустоўскі канал могуць унесці ў Спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА (+ ВІДЭА шлюзавання судна на «Дамброўцы»)
26 ліпеня 2017
Аўгустоўскі канал могуць унесці ў Спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА (+ ВІДЭА шлюзавання судна на «Дамброўцы») Беларускія і польскія спецыялісты зараз актыўна займаюцца вырашэннем гэтага пытання і ў цэлым – папулярызацыяй канала. Каб эфект быў найбольшым, яны аб’ядналі намаганні, і цяпер займаюцца развіццём турызму на Аўгустоўскім канале сумесна, - даведалася наш карэспандэнт Аксана Калагрыў. Больш за 25 тысяч турыстаў з 55 краін. Уведзены ў кастрычніку мінулага года бязвізавы рэжым дазволіў павялічыць колькасць гасцей, якія наведваюць Прынёманскі край, у разы. Паступова і Аўгустоўскі канал становіцца больш прывабным месцам для адпачынку, у тым ліку замежных турыстаў. Тут з’яўляюцца новыя турыстычныя аб’екты, у ваколіцах адраджаюцца старадаўнія сядзібы, развіваецца аграэкатурызм. Гаворыць намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч: «За апошні год нам удалося зрабіць шмат і па развіцці інфраструктуры Аўгустоўскага канала, і па прыцягненні турыстаў. Дзякуючы бязвізаваму рэжыму прыехала больш за 25 тысяч замежных гасцей, з іх 25% - гэта турысты з Польшчы». Трывалае супрацоўніцтва з польскімі спецыялістамі ў плане развіцця Аўгустоўскага канала пачалося ў канцы мінулага года. Тады прайшло першае пасяджэнне створанай сумеснай рабочай групы. Сустрэчу арганізоўваў польскі бок. Сёлета абмеркаванне актуальных пытанняў вырашылі працягнуць ужо на гродзенскай зямлі. Адзначыў віцэ-маршалак Падляскага ваяводства Богдан Дыюк: «Мы маем на мэце рэалізаваць сумесную, так бы мовіць, рэкламную кампанію Аўгустоўскага канала. Хацелася б стварыць агульны брэнд нашага турыстычнага аб'екта, каб была адзіная графічная візуалізацыя канала. Такая ідэя зараз абмяркоўваецца. Таксама мы разглядаем магчымасць адкрыць першы веласіпедны шлях, які будзе праходзіць праз Польшчу, Беларусь і Літву». Як плануецца, новы маршрут дапаможа прыцягнуць на тэрыторыю Аўгустоўскага канала яшчэ больш турыстаў з Заходняй Еўропы. А гэта зробіць брэнд агульнага беларуска-польскага турыстычнага аб’екта яшчэ больш пазнавальным. І, магчыма, неўзабаве будзе дасягнута адна з найважнейшых мэт супрацоўніцтва краін-суседак: Аўгустоўскі канал будзе ўнесены ў спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Аўгустоўскі канал - помнік гідратэхнічнага дойлідства, размешчаны ў зоне, якая знаходзіцца пад абаронай ЮНЕСКА. Гэта суднаходны канал, які злучае рэкі Віслу і Нёман, а таксама сем натуральных азёр. Ён праходзіць па тэрыторыі Беларусі і Польшчы, уключаючы шэраг шлюзаў і разводных мастоў. У беларускай частцы канала знаходзяцца тры шлюзы, адзін з якіх - «Дамброўка». Ён размешчаны ў аднайменнай вёсцы, за 5 кіламетраў на поўнач ад пасёлка Сапоцкін. Шлюз пабудаваны па праекце Ігната Прандзінскага на 92-ім кіламетры Аўгустоўскага канала ў першай палове XIX стагоддзя. Пра гэта сёння нагадвае старадаўняя таблічка, уманціраваная ў сцяну будынка. Гідратэхнічны комплекс уключае суднаходны шлюз і спецыяльны шлюз-рэгулятар. Перапад вады ў ім складае 310 сантыметраў. Як адбываецца шлюзаванне – глядзіце на ВІДЭА:
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: