
Госць праграмы - мастак, этнограф, вандроўнік, краязнаўца, дызайнер, фатограф, збіральнік легенд і паданняў Уладзімір Цвірка!
...Гадоў дзесяць таму пачаліся яго падарожжы па роднай зямлі. А неўзабаве з’явіўся праект “ 150 залатых маршрутаў маёй Беларусі”. Цяпер іх колькасць вырасла да 200! Яго цікавяць старадаўнія сядзібы і замкі, крыжы і камяні, крыніцы і простыя вясковыя хаткі – з сенцамі, ганкамі, вокнамі, дзверцамі,клямачкамі!.. А яшчэ- людзі!.. З іх расповедамі пра легенды, паданні таго ці іншага краю ці проста немудрагелістыя вясковыя гісторыі!.. Свае здымкі Уладзімір Цвірка дапаўняе- “аздабляе” гаворкамі з бабулямі-дзядулямі... І ўсё гэта зачароўвае, заварожвае, і як кажа ён сам “прымушае піць вачыма гэту прыгажосць”!
Непадалёку ад Мінска, на сваім лецішчы, пабудаваў прыватны этнаграфічны музей: у гэтай дзівоснай скарбніцы звыш 2 тысяч экспанатаў.Тут жа, на сядзібе – млын, сапраўдны дзеючы вятрак, праўда маленькі, вышынёй усяго тры метры!..Наўрад ці знойдзеш яшчэ такі ў Беларусі?!.
Далучайцеся да радыёэфіру з удзелам Уладзіміра Цвіркі ў нядзелю, 23 верасня ў 11.00.