Падзяліцца:
«Адчуванне навагоддзя… Я так думаю. А вы?» Радыёблог Алены Давідовіч  (аўдыё)
27 Лістапада 2018
«Адчуванне навагоддзя… Я так думаю. А вы?» Радыёблог Алены Давідовіч  (аўдыё) На календары яшчэ лістапад. Нават не снежань. А подых Новага года ўжо адчувальны – гарады набываюць святочнае аздабленне, на плошчах з’явіліся «лясныя прыгажуні», праўда, штучныя. У святочным афармленні вітрыны магазінаў, на паліцах – навагодняя атрыбутыка: ёлачныя цацкі, свечкі, сувеніры, гірлянды. Рэклама запрашае набыць білеты на спектаклі з Дзедам Марозам, заказаць навагодні карпаратыў, а турфірмы клічуць у калядныя падарожжы. Так, у апошнія гады ў Беларусі прыжыўся вопыт заходніх краін – загадзя рыхтавацца да навагодніх і калядных свят. Гэта зручна і выгадна, сцвярджаюць эксперты. Той жа думкі і прадстаўнікі гандлю, грамадскага харчавання, турбізнесу – усе тыя, хто звязаны са стварэннем святочнага настрою. Выгадна і нам, спажыўцам такіх паслуг. Мы можам разважліва падысці да выбару падарункаў, не спяшаючыся набыць далікатэсы да святочнага стала, купіць новую сукенку на карпаратыў. Адным словам, без мітусні і стомы правесці год стары і сустрэць новы. І я ўжо не здзівілася, калі бадай месяц таму ўбачыла замест звычайнага магазіна сувеніраў «Калядную краму», упрыгожаную яркай гірляндай. А вось упершыню была ўражана такой ранняй навагодняй атрыбутыкай у Нідэрландах, у канцы 90-ых гадоў. Была сярэдзіна кастрычніка, на мокрым ад дажджу асфальце адлюстроўваліся агеньчыкі шматлікіх гірлянд. Па сценах каменных дамоў Амстэрдама, Гаагі, Ратэрдама ўзбіраліся вялікія лялечныя Санта Клаусы з мяхамі падарункаў. А на шырокіх падаконніках побач з гномамі і іншымі казачнымі персанажамі свяціліся каляровыя свечкі ў прыгожых падсвечніках. На маё здзіўленне наш перакладчык Таццяна патлумачыла: калядныя святы тут пачынаюцца з дня святога Мікалая – «Сінтарклаас», так ён гучыць на галандскай мове і адзначаецца 6 снежня. Па мясцовай міфалогіі, святы Мікалай – блізкі родзіч Санта Клауса, з’яўляецца абаронцам ад усялякіх нягод і апекуном дзяцей і падарожнікаў. Свята мае старадаўнія традыцыі, і звычайна, да яго старанна і загаддзя рыхтуюцца. Там жа, у Галандыі, я ўпершыню ўбачыла вялікія штучныя ёлкі, якія ўпрыгожвалі плошчы гарадоў, стаялі каля касцёлаў, ля дамоў. У той час у нас, у Беларусі, лясныя прыгажуні былі сапраўднымі, жывымі, з лесу. Памятаю, я, як рэпарцёр, чакала прыбыцця такой госці на плошчу Незалежнасці. Але тая затрымлівалася, і ад моцнага марозу я хавалася ў фае галоўнага корпуса роднага БДУ. І калі платформа з вялікім дрэвам нарэшце з’явілася на плошчы, пах свежай смалістай хвоі прымусіў забыцца і на мароз, і на загадзя падрыхтаваныя пытанні да спецыялістаў лясгаса. Разам з заснежанай хвояй, пахам лесу прыйшло прадчуванне цуду, казкі, чарадзейства… Зараз іншы час, іншая мода. У дамах, офісах, на плошчах, звычайна – штучныя ёлкі. І гэта правільна, мы за зялёную эканоміку, экалагічную культуру. Дый найноўшым тэхналогіям ў дапамогу. Вось і наша галоўная ёлка, якая ўжо даўно прапісалася на Кастрычніцкай плошчы сталіцы, будзе сёлета здзіўцяць сваёй арыгінальнасцю, сучаснасцю і крэатыўным падыходам стваральнікаў. Напярэдадні пачаўся мантаж яе ілюмінацыі, дзе прымяняюцца так званыя піксельныя тэхналогіі. 128 незвычайных гірлянд даўжынёй 4 з паловай кіламетры створаць эфект вялікага экрана. Выявы на ім будуць змяняцца ў залежнасці ад зададзеных праграм (а іх каля 200). Таму варыянтаў спецэфектаў будзе шмат: розныя фігуркі, каляровыя малюнкі, з’явіцца нават і тэкст. Якім будзе гэты тэкст і якой будзе галоўная ёлка-2018, мы пабачым ужо 15 снежня, калі заззяе ўся сталічная ілюмінацыя. Але па-сапраўднаму, думаю, мы адчуем набліжэнне навагоддзя, калі запрацуюць ёлачныя базары, куды з лесу прыедуць сапраўдныя прыгажуні – маладзенькія сосны ды ёлкі, спецыяльна вырашчаныя да свята. Упэўнена, што многія сярод тых, хто ставіць у доме штучную ёлку, набудуць некалькі хваёвых лапін. І калі пах свежай хвоі перамяшаецца з водарам мандарынаў, сэрца затрапеча ў прадчуванні свята. Адзін з паэтаў сцвярджаў: «Ожидание любви – сильнее, чем сама любовь». Вось так і з Новым годам: яго чаканне – час асаблівы, напоўнены непаўторнымі эмоцыямі, жаданнямі, марамі і надзеямі. А якім ён атрымаецца, даведаемся толькі праз год… Мне так падаецца. А вам?
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: