
Адно з яркіх уражанняў ад маёй першай камандзіроўкі ў Германію — вялікія рознакаляровыя кайтэйнеры ля прыватных дамоў і ў дварах шматпавярховак. Пытацца, для чаго яны, не давялося, бо хутка ўбачыла, як мажная фраў выкідвала са сваго вядра паперу ў адзін з іх, шкляныя бутэлькі — у другі.
Тады, у пачатку 90-х, мы таксама збіралі адходы. Памятаю, як на лесвічных паляцоўках стаялі бачкі для харчовых рэшткаў, якія хутка напаўняліся і рэдка вывозіліся, таму вакол, нярэдка, бывала і брудна, і пахла не вельмі прыемна. Астатняее смецце з дому выкідвалася ў агульны кантэйнер ля пад’езда. І толькі ў пачатку нулявых у Мінску з’явіліся першыя жоўтыя кантэйнеры з сеткай, куды мы ўжо кідалі ПЭТ-бутэлькі і пластык. З 2012-га справа рушылся хутчэй. Адпаведны ўказ пашырыў адказнасць вытворцаў і імпарцёраў за ўтылізацыю адходаў – упакоўкі ці таго тавару, які адпрацаваў свой тэрмін. А ў дварах паступова пачалі з’ўляцца рознакаляровыя кантэйнеры, якія збіраюць зараз не толькі пластык, але і паперу, і шкло. З цягам часу пашырыўся і, так бы мовіць, асартымент збору другасных рэсурсаў. Зараз у магазінах можна сустрэць спецыяльныя ёмістасці для збору старых батарэек, а ў людных месцах — вялізныя тараматы для збору паперы і кардону. І цяпер усё часцей у нашых дварах можна назіраць такую ж карціну, якую я ўзгадвала ўпачатку.
Але ж нямала і тых людзей, хто скідвае бытавыя адходы ў адзін пакет, маўляў, навошта сартаваць, і так усё пойдзе ў смеццявоз. Вось і сёння з ранку на выхадзе з пад’езда мяне сустрэў поўны з гарою кантэйнер смецця, якое праз гадзіну-другую адправіцца на палігон. А гэта — значныя выдаткі і страта вялікай часткі другаснай сыравіны. Дарэчы, падлічана, што ў любым грамадстве 10 працэнтаў насельніцтва экалагічна актыўныя і адказныя, і столькі ж сартаваць смецце не будуць ні пры якіх умовах. А вось з астатнімі, як лічаць эколагі, неабходна працаваць, тлумачыць, стымуляваць, у тым ліку, эканамічна.
Будзем шчырыя, пакуль у большасці з нас не сфарміравана, як гавораць навукоўцы, пазіцыя сацыяльнай значнасці перапрацоўкі адходаў. Зараз сартаванне смецця адбываецца не на першым этапе, у нашых хатніх умовах, а толькі пасля яго агульнага збору і на прамысловых устаноўках. У той час, калі ў многіх іншых краінах раздзельны збор бытавых адходаў — звыклая з’ява.
У жыхароў Прагі, напрыклад, ужо дома стаіць некалькі каляровых бачкоў, сіні — для паперы, жоўты — пластыку, чорны — змешанага смецця.
У Швецыі могуць аддзяляць нават сухое ад мокрага.
У Швейцарыі, дзе прыняты закон аб раздзельным зборы бытавых адходаў, шкляныя і пластыкавыя бутэлькі сартуюць яшчэ і па колеры.
У некаторых гарадах Польшчы насельніцтву выдаюць каляровыя мяшкі: жоўтыя, блакітныя, зялёныя — пад кожны від адходаў, і калі нехта ўсё перамяшае, можа чакаць адпаведных санкцый.
Самыя дысцыплінаваныя ў справе ўтылізацыі — аўстрыйцы. Падлічана, што 96 працэнтаў насельніцтва штогод збірае больш за мільён тон макулатуры, упаковак і бытавых адходаў. А размешчаны ў Вене смеццеспальваючы завод, створаны па праекце вядомага архітэктара Хундэртвасэра, стаў адной са славутасцей аўстрыйскай сталіцы. Прычым у заходных краінах вываз на палігон цвёрдых бытавых адходаў каштуе нямала. Таму жыхары матэрыяльна зацікаўлены максімальна адсартаваць другасную сыравіну і мінімум аднесці на сметнік.
У нашай жыроўцы плата за вываз бытавых адходаў залежыць ад нормы на аднаго чалавека. І гэта, зразумела, нас не стымулюе змяншаць аб’ёмы. Калі б мы плацілі па факце: колькі выкінулі, за столькі і заплацілі, тады можна было б чакаць належны эфект. Але для гэтага пакуль няма адпаведных інструментаў.
Я знайшла такія цікавыя лічбы і факты: ячшэ гадоў 10 таму кожны беларус выкідваў штогод у сярэднім 200 кілаграмаў смецця, зараз — каля 350, а ў мінчан даходзіць і да 500. Пры гэтым большая частка нашых паўсядзённых адходаў не перапрацоўваецца. І калі працягваць гаворку аб эканамічных стымулах, то тут можа адыграць ролю «новае, забытае старое» — закладны кошт за шкляную і пластыкавую тару. Мяркуецца, што такая сістэма запрацуе ў будучым годзе. Але неабходна прадугледзець і наладзіць усе яе элементы: ад шырокай тлумачальнай работы да ўстаноўкі паўсюдна тараматаў, як у гарадах, так і вёсках. Дарэчы, увядзенне закладнога кошту прадугледжана Нацыянальнай стратэгіяй па абыходжанні з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі і цвёрдымі камунальнымі адходамі. Дакумент дэкларуе, што да 2035 года палова камунальных адходаў павінна пайсці ў абарот.
Але што яшчэ сёння мы можам зрабіць, каб не працягваць забруджаваць зямлю? Спецыялісты дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» раяць звяртаць увагу на экалагічныя знакі на ўпакоўцы. Коды-трохвугольнікі падкажуць, які матэрыял можна здаць на другасную перапрацоўку, а які адправіць у кантэйнер на палігон. Нарэшце, у нас ёсць магчымасць нават атрымаць невялікія грошы за свае бытавыя адходы. Толькі ў сваім Савецкім раёне сталіцы я налічыла 19 пунктаў прыёму другаснай сыравіны: макулатуры, металалому, шклабою і шклатары, ПЭТ-бутэлек, поліэтылену, зношаных шын і шмат чаго іншага. Зразумела, не кожны адправіцца туды з запасам тых ці іншых непатрэбных рэчаў, але дайсці да спецыялізаванага кантэйнера ў двары можа кожны. Так што лозунг даўніх часоў «Адходы — у даходы» актуальны і сёння. Да яго заклікаюць нават рэкламныя яноты-разумнікі, якія спрытна сартуюць смецце. Можа, час кожнаму з нас да іх далучыцца?