Падзяліцца:
8 лютага 2017
Бліжэйшыя пяць дзён у Мінску яе вялікасць Кніга будзе пачувацца галоўным госцем вялікага свята. Як раз сёння, 8 лютага, урачыстае адкрыццё ХХІV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Сёлета ў ёй прымуць удзел прадстаўнікі 31 краіны, сярод якіх Германія, Францыя, Чэхія, Фінляндыя, ЗША, Іран, Швейцарыя ды іншыя. Упершыню прадставіць на гэтым форуме сваю кніжную прадукцыю Грэцыя. Ну, а ганаровым госцем абрана Вялікабрытанія. Як заўсёды, вельмі насычаная праграма работы выстаўкі – каля трохсот мерапрыемстваў. Традыцыйна інтрыгуе сваімі вынікамі нацыянальны конкурс “Мастацтва кнігі”. У трэці раз у межах кніжнага форуму праводзіцца міжнародны сімпозіум “Пісьменнік і час”, на пленарным пасяджэнні якога заяўлена тэма 500-годдзя беларускага кнігадрукавання як часткі сусветнай кніжнай гісторыі. Два дні будзе працаваць семінар маладых літаратараў “Першацвет”, які падвядзе вынікі аднайменнага конкурсу і прадставіць альманах “Першацвет”. А колькі прэзентацый лепшых выданняў года самых розных выдавецтваў, аўтограф-сесій пісьменнікаў, сустрэч з чытачамі ў розных фарматах ад сур’ёзных да забаўляльна-гульнявых чакае наведвальнікаў выставы! Як кажуць, прыходзьце, шукайце і знойдзеце! Менавіта такія кніжныя падзеі становяцца жыццёвым ўвасабленнем вядомай трыяды: пісьменнік, выдавец, чытач. Дарэчы, паводле статыстыкі, у мінулым годзе ў Беларусі было выдадзена 9581 найменне кніг, тыраж якіх налічвае звыш 23-х мільёнаў экзэмпляраў. На беларускай мове выйшла 1122 назвы кніг, агульны наклад – каля 4-х мільёнаў асобнікаў. А сёлетняя выстава, між іншым, вяртае нас да самых вытокаў беларускага кнігадрукавання, нагадваючы пра яго 500-гадовую гісторыю. І гэтая лічба натуральна выклікае гонар у кожнага з нас, таму што з'яўляецца пацвярджэннем глыбокіх кніжных, асветніцкіх і культурных традыцый нацыі. І хочацца яшчэ раз працытаваць вядомыя радкі Скарыны, у якіх ён па-сутнасці сфармуляваў некалі сваю жыццёвую задачу, а для нас, сённяшніх, гэта гучыць як запавет: “Усякаму чалавеку трэба чытаць, бо кнігі – люстра нашага жыцця, лякарства для душы, пацеха ўсім смутным, найболей жа тым, хто ў бедах і трудах знаходзяцца. Дзеля гэтага я, Францішак, Скарынін сын з Полацка, доктар лекарскіх навук, - ведаючы тое, што ёсць найвышэйшая мудрасць, развага аб смерці, пазнанне самога сябе і навука для будучыні, -- пастанавіў друкаваць…” Колькі б часу не прайшло, якія б падзеі не перажылі мы за паўвекавую гісторыю, што аддзяляе нас ад скарынаўскай эпохі, але прага чалавека да слова, спазнання свету праз адукацыю засталася. Інакш проста немагчыма. Лепшыя традыцыі кнігі, як багатай скарбніцы духоўных каштоўнасцей народа, закладваліся яшчэ нашымі далёкімі продкамі. Іх галасы гучаць з аркушаў старажытных кніг і вучаць нас разумець гісторыю роднай зямлі, любіць і паважаць сваё, нацыянальнае. І, канечне ж, дбаць пра далейшае захаванне і папулярызацыю багатай кніжнай спадчыны. Пра беларускія чытанкі для дзетак напачатку ХХ стагоддзя рупіліся Янка Купала і Якуб Колас, Алаіза Пашкевіч-Цётка і Зоська Верас, іншыя класікі беларускай літаратуры. Сціплыя выданні таго часу сёння, дзякуючы магчымасцям сучаснай паліграфіі, змяніліся да непазнавальнасці. І гэта радуе. Так што, не пашкадуйце часу, каб завітаць ў павільён Нацыянальнага выставачнага цэнтра “БелЭкспа” на ХХІV Мінскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш. Упэўнена, што вы абавязкова знойдзіце там штосьці адпаведнае сваім чытацкім зацікаўленням. І атрымаеце эстэтычную асалоду ад рэдкіх кніжных фаліянтаў, якія сведчаць пра высокую паліграфічную культуру сучаснай беларускай кнігі.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: