Падзяліцца:
“Адлюстраванні”. “А самых лепшых – час не беражэ…”  Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
23 Лістапада 2017
“Адлюстраванні”. “А самых лепшых – час не беражэ…”  Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё) На гэтым тыдні – дні народзінаў двух цудоўных паэтаў: 20 лістапада – Яўгеніі Янішчыц, 26-га – Уладзіміра Караткевіча. Хаця пра яго мы часцей кажам “празаік-эпік”. І тым не меньш, першай і апошняй кнігай Караткевіча сталіся менавіта кнігі паэзіі: “Матчына душа” і “Быў. Ёсць. Буду”. У чым, мусіць, была нейкая лёсавасць творцы. І хаця прыйшоў ён у айчыннае прыгожае пісьменства не ў лепшы час – калі адмаўлялася і замоўчвалася роднае, нацыянальнае, панавала так званая “эпоха манкурцтва”, але самыя лепшыя радкі пісьменік прысвяціў менавіта сваёй зямлі – Беларусі, якую ён па-сутнасці абагаўляў – адзіную і чыстую. Народжаны ў самую шэрую і самотную пару года – позняй восенню – паэт сказаў сваё несамотнае слова пра Беларусь, якая мроілася яму “Зямлёй пад белымі крыламі”. Вышыню яе лёсу ён пакінуў нам, каб мы “яе любілі й бераглі”. Усе шляхі прыводзяць не да Рыма, А да родных вербаў і бяроз Любая, ў барах сівых радзіма, Сын твой нарадзіўся тут і ўзрос. Імя Яўгеніі Янішчыц у беларускай літаратуры гучыць сёння як знак асаблівай пранізлівасці і спавядальнасці паэтычнага радка. Яе чуйная душа здолела ўвабраць у сябе ўсё багацце гэтага свету і шчодра падзялілася ім са сваімі чытачамі. І галоўнымі набыткамі тут найперш можна назваць моц сапраўднага кахання, чалавечую годнасць, якой варта трымацца ва ўсе часы, і, канечне ж, шчырае прызнанне аўтара ў любові да адной-адзінай Бацькаўшчыны. “Ён быў сутнасцю Радзімы, як Радзіма была сутнасцю яго”, – так вызначыў адзін з калег-літаратараў мастацкае крэда Караткевіча. А вядомы крытык Дзмітрый Бугаёў свой артыкул пра Яўгенію Янішчыц назваў “Летуценніца на скразняках эпохі”. Насамрэч, кожная эпоха мае свае скразнякі і, каб вытрымаць іх, патрэбны дужыя крылы і ўраўнаважанасць душы. Але адкуль узяць гэта натуры паэтычнай, тонкай, якая ўласным дыханнем успрымае ўсе падзеі жыцця – вонкавыя і ўнутраныя? Сто разоў шукай другой красы, А тым больш, што свет даўно не вузкі! …Ды калі ты не бязродны сын – Гавары са мной па-беларуску. Яны належылі да розных пакаленняў, але ў абодвух было вельмі натуральнае адчуванне сваёй радзімы – пяшчотнае і моцнае, у іх было столькі непрыдуманай беларускасці: пісалі, як дыхалі і адчувалі, як пісалі. Мілая Ясельда Янішчыц і магутны Дняпро Караткевіча помняцца чытачу, як абавязковы складнік іх літаратурнага лёсу. Стыхія вады надае творчасці не толькі матыў неўтаймаванасці, але і вечнасці. Чаму мы ў звычайным жыцці так любім глядзець на рачную ваду? Яна валодае нейкай магічнай сілай, якую цяжка вытлумачыць, і нагадвае нам пра вечны рух усяго жывога. “А самых лепшых – час не беражэ” – так пачынаецца верш Яўгеніі Янішчыц “Птах”, светлай памяці Уладзіміра Караткевіча, напісаны адразу пасля яго адыходу ў вечнасць. І далей у ім ёсць такія радкі: “Ён апантана верыў і любіў. І над зямлёй кружыў, падобна птаху…”. Вера і любоў гадавала талент абодвух, а вышыня духу не давала змірыцца з пошасцю і няшчырасцю… Праз чатыры гады душа паэткі таксама ўзнялася ў высокае Неба, адкуль светла ўзіраецца ў мілы край, дзе “продкаў галасы”, дзе “белыя бусліхі і мудрыя лясы…” А паэзія – яна з намі. У слотны лістапад і бэзавы май. Калі мы сам-насам або нават і ў вялікім гурце. Гэта не істотна. Трэба толькі настроіць уласную душу на чароўны гук вершаванага слова, і яго мелодыя загучыць для кожнага з нас. Таму што жыццё складаецца не толькі са шматлікіх абавязкаў і штодзённых зямных спраў. Яно мае і водар песні, якую праз усе стагоддзі складалі лепшыя Паэты, “рыцары сумлення і свабоды…”
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: