
Дзень народзінаў народнага паэта Беларусі Якуба Коласа супаў сёлета з Дзмітрыеўскай суботай, часам памінання і шанавання продкаў. Восеньскія Дзяды аб’ядноўваюць нас памяццю пра родных і блізкіх, верай у свой род. І даюць тую нябачную моц душы, якая сталее ў еднасці толькі са сваім радаводам. І гэта сімвалічна яшчэ больш наблізіла нас да аўтара знакамітай “Новай зямлі” – паэтычнай энцыклапедыі беларускай прыроды і сялянскага жыцця, твора, названага крытыкай нацыянальным шэдэўрам, які ўпершыню быў выдадзены 95 гадоў таму.
Менавіта 3 лістапада на радзіме народнага песняра і адбылося чарговае, 33-е па ліку, рэспубліканскае літаратурна-музычнае свята “Каласавіны”. Як заўсёды, на Стаўбцоўшчыну, да Коласа, у такія дні выпраўляецца дэсант творцаў: пісьменнікі і навукоўцы, музейшчыкі і артысты, краязнаўцы і журналісты. Сярод гасцей – намеснік старшыні Беларускага фонду культуры, пісьменнік Анатоль Бутэвіч, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук Іван Саверчанка, мастак Павел Семчанка, землякі Якуба Коласа – пісьменнікі Алесь Камароўскі, Яўген Хвалей, замежныя госці, шмат іншых цікавых творчых асоб.
Першая сустрэча – з чытачамі Стаўбцоўскай дзіцячай бібліятэкі імя Якуба Коласа, у фонды якой дырэктар Коласаўскага музея Зінаіда Камароўская перадала камплект зборнікаў з матэрыяламі навуковай канферэнцыі “Каласавіны” і выданне паэмы “Сымон-музыка” ў перакладзе на рускую мову. А далей мы кіраваліся вядомым шляхам Песняра: Акінчыцы, Альбуць, Смольня, Мікалаеўшчына, дзе, дарэчы, стаіць адзіны пакуль у Стаўбцоўскім раёне помнік Якубу Коласу, да якога, канечне ж, паклалі кветкі.
Ну а восеньскія краявіды Коласавых сядзіб кранулі ўсіх сваёй маўклівай пяшчотай, задуменнасцю старых дрэваў, таемнай сцішанасцю ваколіц. Нават нудная лістападаўская імжа не сапсавала настрою. У Альбуці раптам падалося, што выйдзе аднекуль сам дзядзька Антось і завядзе з намі сваю жартоўную гаворку, а ў Смольні хацелася сустрэцца з маладымі класікамі – тымі, якімі былі Купала і Колас падчас сваёй першай сустрэчы на гэтым падворку. Уяўленне малявала адну карціну за другой і гэта быў свядомы палон вяртання ў канец ХІХ – пачатак ХХ стагоддзя…
Шкада толькі, што мы не патрапілі ў Ласток. Гэта адзіная мемарыяльная сядзіба, пабудова якой захавалася з тых часоў, калі там жыў са сваёй сям’ёй палясоўшчык Міхал. Помню, як моцна ўразіла мяне гэта леснічоўка, калі я ўпершыню прыехала туды разам з Соф’яй Пятроўнай Міцкевіч, на той час – загадчыцай філіяла “Мікалаеўшчына”. Быў пачатак лета, я рыхтавала чарговую праграму цыкла “Літаратурная карта Беларусі”.
Цудоўны экскурсавод Соф’я Пятроўна і цяпер парадавала нас шматлікімі цікавымі звесткамі з жыцця народнага песняра. Чым таксама стварыла праўдзівую атмасферу таго даўняга часу… А я з радасцю адзначыла для сябе з якой ўвагай і павагай слухалі гэты аповед нашы замежныя госці: дырэктар Вільнюскага Літаратурнага музея Аляксандра Пушкіна Надзея Пятраускене, старшыня і намеснік старшыні Таварыства беларускай культуры “Спадчына” горада Друскінінкай Валянціна Іваноўская і Ірына Мудрова, паэты з Санкт-Пецярбурга, члены Саюза пісьменнікаў Расіі Ігар Дзеардзіеў і Юрый Іваноў, старшыня беларускай суполкі “Крыніца” горада Клайпеда Мікалай Логвін. Усе яны – сябры Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, часта прыязджаюць да нас і шмат робяць па ўшанаванні памяці нашага класіка, папулярызацыі яго творчасці за межамі Беларусі.
А на завяршэнне вандроўкі па Коласавых мясцінах адбылася літаратурна-музычная імпрэза ў Горкаўскім сельскім Доме культуры сумесна з творчымі калектывамі Стаўбцоўшчыны, якая распачалася знакамітым зваротам класіка да моладзі:
Ад роднае зямлі, ад гоману бароў,
Ад казак вечароў,
Ад песень дудароў…
З якіх аснована і выткана жыццё
І злучана быццё і небыццё,
Збіраўся скарб, струменіўся няспынна…
Гэтыя цудоўныя радкі можна цытаваць і далей. З іх пачынае Якуб Колас сваю паэму “Сымон-музыка”, якая прысвечана маладому пакаленню беларусаў і 100-годдзе першай рэдакцыі якой адзначаецца сёлета. А мы з упэўненасцю можам сказаць, што ўся спадчына народнага песняра для нас сённяшніх – менавіта той скарб, які струменіцца няспынна, каб наталіць нашы душы і сэрцы непадробнай любоўю да “роднае зямлі”, да “гоману бароў…”