
25 ліпеня – дзень светлай памяці пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, прайшло 34 гады, як яго не стала. Праз адлегласць расстання яшчэ больш відавочны маштаб зробленага Караткевічам у беларускай літаратуры. Ён прыйшоў у прыгожае пісьменства ў сярэдзіне ХХ стагоддзя і зведаў на ўласным лёсе ўсе асаблівасці той гістарычнай эпохі. На пачатку ХХІ-га яго заслужана называюць знакавым беларускім аўтарам, “улюбёным” пісьменнікам шматлікіх чытачоў той зямлі, якая мроілася яму “пад белымі крыламі”...
Калі б толькі на адну хвіліну ўявіць, што ўсе творчыя задумы таленавітых пісьменнікаў спраўджваліся, уяўляеце, якім духоўным багаццем валодалі б мы сёння!?
Уладзімір Караткевіч на пачатку свайго пісьменніцкага шляху адчуваў у сабе вялікія сілы і выношваў амаль грандыёзныя творчыя планы. Цяпер даследчыкі яго творчасці часта любяць згадваць пра 104-ю папку хатняга архіва Караткевіча, дзе захоўваецца ліст паперы ў лінейку. Там рукою маладога аўтара пазначаны кнігі, якія ён марыў напісаць – не менш, як 78 тамоў. Сярод іх – не толькі паэзія, проза і драматургія, але і серыя “Век”, і запісы фальклору, і “Малая спадарожная кніжыца”, і “Гісторыя Белай Русі”, і кніга, прысвечаная асаблівасцям пісьменніцкай працы, а таксама шмат чаго іншага: унікальнага і карыснага для нас, нашчадкаў. Дарэчы, на гэтым лісце ёсць сутнасная заўвага -- “11 гадоў 75 дзён пры катаржнай нагрузцы”. Малады пісьменнік гіпатэтычна падлічыў, а колькі ж спатрэбіцца часу, каб выканаць свае амбітныя творчыя планы.
Аднак жа, як кажуць, пан Бог і пан Лёс уносяць свае карэктывы, аддаючы належнае таленту. І нават тое, што паспеў зрабіць Уладзімір Караткевіч за адведзены яму зямны час (няпоўных 54 гады), паставіла беларускую літаратуру ў адзін шэраг з іншымі еўрапейскімі літаратурамі.
Без яго мы не ўяўляем сёння беларускую гістарычную прозу. А па вялікім рахунку, уся творчасць пісьменніка – мастацкі летапіс нашай гісторыі. “Ён быў сутнасцю Радзімы, як Радзіма была сутнасцю яго”, – вызначыў адзін з калег-літаратараў мастацкае крэда Караткевіча. А да гэтага яшчэ хочацца дадаць, што пісьменнік разбурыў стэрэатып нацыянальнага характару. Героі Уладзіміра Караткевіча – людзі моцныя, таленавітыя, неардынарныя. Давайце ўспомнім: Алесь Загорскі, Юрый Гораў, Раман Ракутовіч, Андрэй Грынкевіч, Андрэй Беларэцкі ды іншыя.
Сярод іх асобна стаіць імя беларускага сабрата вядомых літаратурных герояў Ціля Уленшпігеля і Кала Бруньёна – Гервасія Вылівахі з цудоўнай аповесці-прытчы “Ладдзя Роспачы”. Вызваленне асобы “ад путаў сярэднявечча” ў згаданым творы трансфармавалася, па-сутнасці, ў сучасную легенду пра беларуса гожага, свабодалюбівага і самадастатковага. Які, здавалася б, у самыя безвыходныя хвіліны жыцця, здольны на пераможны ўчынак: “Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, – і тады пераможаш...” Нават Смерць не можа адолець аптыміста і жыццялюба Выліваху. Кветка-шыпшына, якую Гервасій бярэ з сабою ў падземнае царства, як сімвал роднай зямлі, быццам абярэг, таксама надае яму моцы і ўпэўненасці...
Спадчына Уладзіміра Караткевіча – крыніца разумення і шанавання свайго, беларускага, крэўнага. Таго глыбіннага і сапраўднага, што падкрэслівае нашу адметнасць, годнасць і шляхетнасць.
“…Вялікі працаўнік і бясстрашны рыцар беларушчыны… Як заўчасна смерць аблюбавала ў нашым пакаленні ці ня самага самабытнага і няўрымслівага шукальніка праўды і красы, шукальніка вольнай і шчаслівай Беларусі…” – так сказаў пра Караткевіча народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. У гэтым вызначэнні можна знайсці код разгадкі прыцягальнасці мастацкага слова Караткевіча, якое і праз стагоддзі будзе дыпламатам “вольнай і шчаслівай Беларусі…”