Падзяліцца:
9 жніўня 2017
Сёлетні год багаты на літаратурныя юбілеі, і перадусім, канечне, - 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Якраз столькі часу таму Францыск Скарына выдаў свае першыя чатыры кнігі Старога Запавету ў чэшскай Празе. Тым самым засведчыў прысутнасць беларусаў у культурным свеце. 135 гадоў сёлета народным паэтам Беларусі Янку Купалу і Якубу Коласу, без якіх немагчыма ўявіць нашу Беларусь. Гэта яны на пачатку ХХ стагоддзя рупіліся пра станаўленне беларускай дзяржаўнасці, гэта яны стваралі беларускую літаратурную мову. Так лёсава сталася, што абодва нарадзіліся ў адзін год, на Міншчыне. У адзін гістарычны час уваходзілі ў прастору айчыннага прыгожага пісьменства і сваёй спадчынай сцвердзілі беларускае мастацкае слова ў еўрапейскай літаратурнай супольнасці. 100 гадоў у сёлетнім снежні споўнілася б паэту Міколу Сурначову, які загінуў пад Берлінам, за некалькі дзён да Перамогі, у 27-гадовым узросце. Гэта яму належыць самы пранізлівы верш пра нашы страты “У стоптаным жыце”, напісаны на самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны на Заходнім фронце: "...Ніколі не ехаць Хлапцу маладому Да блізкага гаю, Да роднага дому. Над ім асыпаюцца Слуцкія краскі, Абсмалены колас Схіліўся да каскі. Ляжыць ён, як віцязь, У стоптаным жыце Маці спаткаеце, - Ёй не кажыце…" 100-годдзе таму, 4 і 23 жніўня, – нарадзіліся яшчэ два волаты беларускага слова: народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль і народны паэт Беларусі Пімен Панчанка. Абодва прыйшлі ў літаратуру ў даваенны час, зведалі на ўласным лёсе жахі ваеннага ліхалецця, але кожны з годнасцю прайшоў наканаваны шлях барацьбы і пакутаў. Слова набывала моц, сталела разам з аўтарамі, і набыло тую глыбіню і непаўторнасць, якія сведчаць пра самабытны вялікі талент. Ёсць даволі звыклае азначэнне: хрэстаматыйны пісьменнік. Творы Янкі Брыля і Пімена Панчанкі таксама вывучаюць школьнікі і студэнты, паводле іх пішуць свае дысертацыі навукоўцы. І ўсё ж яны – не проста хрэстаматыйныя аўтары. Гэта выбітныя постаці цэлай эпохі ў беларускім прыгожым пісьменстве. Яркія, харызматычныя, якія і словам, і справай сцвярджалі высокі гонар і адказнасць “быць пісьменнікам”. Людзі гранічнай шчырасці і праўды, паслядоўнай прынцыповасці ў галоўным, абаяльныя і душэўныя па складзе характару. Уся іх творчасць – споведзь свайму народу, філасофскае асэсаванне шляху, які чалавеку даецца лёсам. І галоўнае ў ім – не згубіцца сярод іншых, не здрадзіць сабе і сваім ідэалам. "...У кожнага быць павінна Свая баравіна, Дзе трымаюць на зялёных руках Сосны Самае зыркае сонца..." Так пачынаеца вядомы верш Пімена Панчанкі “Баравіна”. “Хораша гэта – месца на сваёй зямлі, у родным кутку, стол перад самым акном у любае поле, неба, аддалены лес… І слова сваё, якое трэба сказаць. З упэўненасцю і з сумненнямі: а ці дойдзе яно да людзей будучыні, да твайго народа? У Багушэвіча – дайшло…” - цытата з лірычнай мініяцюры Янкі Брыля з кнігі “Пішу як жыву”. Як ні дзіўна, простыя ісціны жыцця – самыя складаныя ў іх вызначэнні. І, можа быць, не заўсёды чалавек кіруецца імі спаўна, бо не адразу спасцігае іх сутнасць. Літаратура заўсёды была цудоўным дарадчыкам у нашых духоўных пошуках і сумненнях. Вельмі хочацца спадзявацца, што гэтая даўняя ісціна для маіх сучаснікаў ніколькі не састарэла… Дарэчы, увесь гэты тыдзень у “Тэатры Беларускага радыё” гучалі спектаклі і пастаноўкі паводле твораў народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля, а ў апошнюю нядзелю месяца, 27 жніўня, у праграме “Дабравесце ад паэзіі” слухайце прэм’еру кампазіцыі “І вера, і вернасць, і вечнасць” паводле вершаў народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: