
Ці даўно вы былі ў тэатры? Пытанне, магчыма, рытарычнае, і ўсё ж… Правакуе на невялікі эксперымент: наколькі ў кожным з нас жыве патрэбнасць быць тэатральным гледачом? Вядома, што гэты жанр мастацтва, як ніякі іншы дае нам цуд супольнай радасці і перажыванняў разам з акцёрамі на сцэне. Дзеянне адбываецца тут і зараз, на нашых вачах, вы – сведка і саўдзельнік сённяшняй дзеі на сцэне. А ў наступны раз – нават калі вы прыйдзеце на той жа самы спектакль – усё будзе па-іншаму. Жывая энергетыка тэатральнага спектакля тым і вабіць свайго гледача, што кожны раз – нібы ўпершыню.
Ёсць адмысловая кагорта тэатралаў, якія, напрыклад, ходзяць на ўсе спектаклі сваіх любімых артыстаў. І нават з пэўнай перыядычнасцю. І ў гэтым таксама загадка прыцягнення сапраўднага мастацтва. Калі душы чалавека патрэбны не толькі радасць эфектнага захапляючага дзеяння, але і востры боль драматычных калізій. Калі заварожвае жывое акцёрскае выкананне, калі ёсць той стрыжань, што вымярае глыбіні чалавечага шчасця і пакут праз самыя розныя мастацкія сюжэты. І калі сам-сабе гаворыш словамі вядомага рэжысёра: “Веру”. А пасля спектакля штосьці адбываецца і з тваёй душой. Можа, не адразу ўсвядомленае, але сапраўднае і важнае для цябе. Гэта – шчаслівыя хвіліны. Бо зноў жа – “не хлебам адзіным…”
27 сакавіка – Сусветны дзень тэатра, “тэатра як сродка ўзаемапаразумення і ўмацавання міру паміж народамі”. Свята было абвешчана IX кангрэсам Міжнароднага інстытута тэатра ў 1961 годзе. І цяпер яго лічаць не толькі прафесійным святам майстроў сцэны, але і мільёнаў прыхільнікаў тэатральнага мастацтва. Як вядома, першая прафесійная тэатральная трупа ў Беларусі была арганізаваная на пачатку 20 стагоддзя Ігнатам Буйніцкім.
Сёлета ў гэты дзень мой любімы Купалаўскі тэатр пакажа нясвіжскую арлекінаду “Выкраданне Еўропы”, а наш “Тэатр Беларускага радыё” запрашае ўсіх паслухаць першую частку радыёспектакля “Крыж” па п’есе Аляксея Дударава.
Хачу падкрэсліць, што радыётэатр, як мастацкая з’ява, на Беларускім радыё існуе з 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Адлюстраванне мастацкага слова ў жанры радыёспектакля – гэта асобны кантынент беларускай тэатральнай культуры. Колькі выдатных акцёраў прайшлі школу мастацкага радыёвяшчання і многія з іх, я б сказала, маюць сваю вельмі яркую радыйную біяграфію. Узгадаем хаця б народных артыстаў СССР Глеба Глебава і Барыса Платонава, Лідзію Ржэцкую і Галіну Макараву, Уладзіміра Уладамірскага і Леаніда Рахленку, Здзіслава Стому і Уладзіміра Дзядзюшку, Віктара Тарасава і Генадзя Аўсяннікава, народных артыстаў Беларусі Зінаіду Браварскую і Лілію Давідовіч, Валянціна Белахвосціка і Паўла Дубашынскага, Марыю Захарэвіч і Арнольда Памазана ды многіх-многіх іншых.
Іх непаўторныя галасы засталіся ў шматлікіх радыёспектаклях, а створаныя акцёрамі вобразы дамалюе фантазія кожнага, асобна ўзятага, слухача. Унікальнасць мастацкай аўдыёспадчыны яшчэ і ў тым, што яна дакладна захоўвае час. Многае з таго, што пастаўлена на Беларускім радыё, рабілася адразу пасля напісання таго ці іншага літаратурнага твора. А значыць ў пастаноўцы адбіліся агульныя законы не толькі тагачаснай радыёрэжысуры, але і вобразная стылістыка эпохі. Хіба не цікава павандраваць па ёй, вызначыўшы адмысловы радыёмаршрут?
Нездарма кажуць – душа патрабуе катарсісу… Між іншым, праслухоўванне радыёспектакля вы можаце параўнаць з медытацыяй, ад якой наўрад ці адмовіцеся. Слухаючы канкрэтны мастацкі радыётвор, ваша багатае ўяўленне намалюе такія яркія карціны, якія пазбавяць вас адмоўных эмоцый і непрыемных адчуванняў. Нават, калі жанр зусім не камедыйны. У тым сіла сапраўднага мастацтва.
Калі пасля дзесяці гадзін вечара ў неабсяжнай прасторы ФМ-дыяпазона вы пачуеце мастацкае слова і непараўнаныя галасы лепшых беларускіх артыстаў – ведайце, што вы дакладна патрапілі ў эфірную залу “Тэатра Беларускага радыё”, які запрашае сваіх слухачоў штодня ў 22 гадзіны 5 хвілін. Заходзьце, не пашкадуеце! І са святам вас – Сусветным днём тэатра!