Падзяліцца:
Адлюстраванні. Дзіва кніжных рарытэтаў. Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
13 Верасня 2017
Адлюстраванні. Дзіва кніжных рарытэтаў. Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё) Пачатак сёлетнега верасня, пры ўсіх яго штогадовых традыцыях, усё ж адрозніваецца ад папярэдніх - два пашанотныя юбілеі: 500-годдзе беларускага кнігадрукавання і 950-годдзе беларускай сталіцы прыдалі яму асаблівы каларыт. “Усякаму чалавеку трэба чытаць, бо кнігі – люстра нашага жыцця, лякарства для душы, пацеха ўсім смутным, найболей жа тым, што ў бедах і ў трудах знаходзяцца. Дзеля гэтага я, Францішак, Скарынін сын з Полацка, доктар лекарскіх навук, - ведаючы тое, што ёсць найвышэйшая мудрасць, развага аб смерці, пазнанне самаго сябе і навука для будучыні, - пастанавіў друкаваць…” Гэтую вядомую сёння цытату можна знайсці яшчэ ў “Хрэстаматыі беларускае літаратуры (ХІ век – 1905год)”, выдадзенай у Вільні ў 1922 годзе, а склаў яе пісьменнік Максім Гарэцкі. Ён, дарэчы, першым падае пераклады скарынаўскіх тэкстаў. З таго часу іх перастварэнняў на сучасную беларускую мову з’явілася больш і прачытаць іх можна у новых выданнях. Займаліся гэтай працай розныя перакладчыкі нашы сучаснікі: Іван Саверчанка, Алесь Разанаў, Алесь Бразгуноў ды іншыя. А яшчэ ў сёлетнія вераснёўскія дні можна было пры жаданні надыхацца, хай сабе крыху і ўяўнай, атмасферай даўніны і нагледзецца, заўважце, на сапраўдныя кніжныя рарытэты. Менавіта тыя - з часоў Скарыны! Самыя нечаканыя кніжныя выставы былі арганізаваны і працягваюць працаваць з нагоды юбілею. Як тут ні ўзгадаць Музей беларускага кнігадрукавання, які з’яўляецца філіялам Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Не кажучы пра кніжныя помнікі, што маюцца ў пастаяннай экспазіцыі і фондах музея, напачатку верасня, падчас Дня беларускага пісьменства тут былі адкрыты адразу дзве ўнікальныя выставы: “Люду посполитому к доброму научению”, дзе прадстаўлены ўнікальныя выданні Псалтыроў, пачынаючы з ХVІ стагоддзя, і “Малая падарожная кніжка” Францыска Скарыны (адзіная ў Беларусі!) з кнігазбору “Белгазпрамбанка”. Скажу па-шчырасці, уражанне яна пакідае наймацнейшае! Час перастае існаваць. Глядзіш на гэты асобнік і спрабуеш, як кажуць, звесці ў адно: гісторыю і сучаснасць! І не верыш уласным вачам, што перад табой менавіта вільнюскае выданне з далёкага 1522 года. У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры працуе выстава “Нацыя кніг. Статут 1588 і старадрукі”. Галоўную ўвагу звяртае на сябе ўнікальнае выданне беларускага права: гэта асобнік славутага трэцяга Статута Вялікага Княства Літоўскага, які быў упершыню надрукаваны ў 1588-м годзе на старабеларускай мове ў віленскай друкарні Мамонічаў. Тысячы Статутаў, якімі карысталіся нашы продкі, былі страчаны. Гэты экземпляр знаходзіўся ў прыватнай калекцыі жыхара Масквы. А калі гаспадар выставіў яго на аўкцыён, знайшліся мецэнаты, якія выкупілі кнігу і вярнулі яе ў Беларусь. Цяпер яна захоўваецца ў Музеі гісторыі Магілёва, але да канца верасня гэты адзіны ў Беларусі вышэйшы заканадаўчы акт ВКЛ, папярэднік еўрапейскіх Канстытуцый, можна пабачыць на часовай выставе ў Мінску, у музеі гісторыі літаратуры. Зайдзіце – не пашкадуеце! Напярэдадні юбілею сталіцы Нацыянальны гістарычны музей краіны прэзентаваў выставу “Беларусь: адраджэнне духоўнасці”. Заключны раздзел у ёй прысвечаны кніжнай культуры і дзейнасці Францыска Скарыны. Самы ўнікальны экспанат тут вы ўбачыце ў асобнай вітрыне - першае пражскае выданне скарынаўскай Бібліі 1517 года, якога няма ў Беларусі. Арыгінал прывезены з Масквы, з Дзяржаўнага гістарычнага музея, і будзе эскпанавацца да снежня. 23 старонкі рарытэту адсканаваны і з дапамогай сучасных лічбавых тэхналогій іх можна пагартаць рухам рукі ў паветры. А калі вы – добры знаўца старабеларускай мовы, у вас з’яўляецца шанец і дакладна прачытаць напісанае. Ёсць на выставе і друкарскі станок, на якім кожны жадаючы можа вырабіць копію гравюры беларускага першадрукара. А заўтра, 14 верасня, нас чакае яшчэ адзін самы маштабны юбілейны кніжны акорд: ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрыецца міжнародная выстава “Францыск Скарына і яго эпоха”. Праўду кажучы, калі ўсё гэта бачыш на ўласныя вочы, разумееш, што вызначэнне беларусаў як нацыі кніжнікаў, з глыбокімі духоўнымі традыцыямі – гэта не проста словы. Сама гісторыя дыхае і размаўляе з намі голасам продкаў, што ва ўсе часы рупіліся пра веліч беларускага краю і люду паспалітага праз навуку і асвету. І нават калі вы і не самы заўзяты кнігалюб - вас усё роўна агорне пачуццё гонару за краіну, у якой нарадзіліся…
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: