Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Энергія літаратурных мясцін…» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
6 чэрвеня 2018
«Адлюстраванні. Энергія літаратурных мясцін…» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё) «Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць» – цудоўныя радкі Алеся Ставера даўно сталіся вядомай песняй, і яно, канечне, так. Сапраўднае бачыцца на адлегласці – можна перафразіраваць яшчэ адзін вядомы радок ужо іншага паэта. Але ж, каб палюбіць сваё, каб убачыць такія залацінкі свайго непаўторнага – трэба яго ведаць, трэба прайсці рознымі шляхамі мілай Беларусі, зазірнуць і ў самыя аддаленыя яе куточкі. Лета – ўдзячны час для такіх вандровак і спазнанняў. Можна скласці свой адмысловы маршрут і паступова яго ажыццявіць. І адзін з самых энергетычных, на маю думку, – мясціны, звязаныя з класікамі беларускай літаратуры. Кажуць, муры продкаў даюць чалавеку тую сілу, якая здольная пераўтварыць самыя недасяжныя мроі ў рэальнасць. Але і мастацкае слова таксама становіцца рэальнасцю, калі яно дапамагае нам пачуваць сябе годна на сваёй зямлі. Менавіта такім пачуццём пранікаешся, ходзячы зямнымі сцежкамі Францыска Скарыны, Янкі Купалы, Францішка Багушэвіча, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Кузьмы Чорнага, Адама Міцкевіча, Петруся Броўкі, Максіма Танка, Івана Мележа, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна – спіс можна доўжыць. Беларуская зямля спрадвеку была багатая на літаратурныя таленты. Вязынка, Яхімоўшчына, Акопы, Ляўкі – знакавыя мясціны жыцця Янкі Купалы. Сёння гэта – філіялы Дзяржаўнага літаратурнага музея народнага песняра, дзе вы атрымаеце шмат цікавай інфармацыі і па-іншаму адчуеце слова Купалы. А пасля вам абавязкова захочацца пачытаць ці перачытаць хаця б асобныя вершы класіка, яго цудоўныя паэмы. Не сумняваюся, вы атрымаеце безліч асалоды і новыя імпульсы для ўласных думак і разважанняў. Кожнае лета, у апошнюю нядзелю ліпеня, Літаратурны музей Максіма Багдановіча ладзіць свята паэзіі і песні “Ракуцёўскае лета” ў вёсцы Ракуцёўшчына Маладзечанскага раёна. У гэтай старасвецкай ваколіцы летам 1911 года Максім правёў 2 месяцы свайго жыцця, плённых на ўражанні, прыгажосць і творчасць. Ён прыехаў сюды па рэкамендацыі “нашаніўца” Антона Луцкевіча да яго роднага дзядзькі Вацлава Лычкоўскага. Пасля літаратуразнаўцы назавуць гэты перыяд Ракуцёўскім летам паэта, а ў сучасных беларусаў ёсць магчымасць трапіць на сустрэчу з класікам, які да крыўднага мала пражыў у Беларусі. Калі вас цікавіць сувязь літаратурных мясцін з мастацкімі творамі, то, бадай, самы унікальны прыклад ў гісторыі беларускай літаратуры – гэта паэма “Новая зямля” Якуба Коласа. І звязана яна наўпростава з Альбуццю Стаўбцоўскага раёна, дзе з 1890 па 1904 гады жыла сям’я Міцкевічаў. У паэме “Новая зямля” Альбуць названа Коласам Парэччам. У адным з лістоў ён падкрэсліваў: “Гэта строга аўтабіяграфічная паэма як па тых асобах, якія ў ёй апісаны, так і па тых падзеях, пра якія гаворыцца ў паэме…” У сучаснай сядзібе Альбуць гісторыю “Новай зямлі” можна расчытаць дзякуючы літаратурна-мемарыяльнай экспазіцыі, якая і створана паводле паэмы. Тут ёсць фотаздымкі прататыпаў герояў, рукапісы, выданні гэтага твора розных гадоў, тагачасныя прадметы побыту. А родавая сядзіба Францішка Багушэвіча ў Кушлянах Смаргонскага раёна дзівіць і захапляе гарманічнай прасторай зямлі і неба, дзе проста павінен быў нарадзіцца паэт. Дасюль захаваліся магутныя дрэвы цудоўнага парка і каштанавая алея, якія помняць свайго гаспадара, а старасвецкая хата – з тых самых бярвенняў, з якіх яна будавалася пры Багушэвічу. У кабінеце пісьменніка – стол і крэслы, якімі ён карыстаўся. Адно шкада, што ў Беларусі вельмі мала такіх ацалелых літаратурных пенатаў ХІХ стагоддзя. Ушацкі раён самай паўночнай вобласці Беларусі можа падарыць вам сустрэчу з трыма народнымі пісьменнікамі: Петрусём Броўкам, Васілём Быкавым, Рыгорам Барадуліным. Да вытокаў жыцця і творчасці амаль нашых сучаснікаў, якія даўно сталіся класікамі беларускай літаратуры, вяртаюць іх родныя мясціны, адпаведна – Пуцілкавічы, Бычкі і Ушачы. Незабыўныя ўражанні і эмоцыі перапаўняюць душу. Так яднаюцца эпохі, а сэрцу хочацца зразумець і адчуць хаду самога жыцця, з якога і вырастае роднае слова. Знайдзіце ў вашых летніх планах месца для літаратурных вандровак па Беларусі. Упэўнена – не пашкадуеце!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: