Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Фінальныя акорды лета…» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
23 Жніўня 2018
«Адлюстраванні. Фінальныя акорды лета…» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё) Час, як вядома, – катэгорыя непастаянная і з ім не паспрачаешся. Толькі радаваліся пачатку лета, а ўжо – яго фінальныя акорды. Камусьці дужа хочацца іх затрымаць зараз, а хтосьці філасофскі разважае над тым, што не заўважым, як прыйдуць новыя летнія дзянёчкі. І яно, сапраўды, так. Адно, што ў гэтай хуткаплыннасці нашага жыцця важна, каб у душы заставаліся залацінкі пражытага і перажытага, эмоцыі і ўзрушэнні, якія робяць нас крышку іншымі, дазваляюць уздымацца над будзённасцю клопатаў. Я, прынамсі, хацела б засяродзіцца на дзвюх падзеях адыходзячага лета – кніжна-вандроўных, назаву іх так. Унікальную магчымасць пазнаёміцца з Букварамі народаў свету падаравала нам сёлета Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Тут, у Музеі кнігі, працягвае працаваць Міжнародная выстава “Буквары народаў свету”, на якой прадстаўлена каля 1300 буквароў на 587-мі мовах свету. Самі арганізатары шчыра прызнаюцца, што такой маштабнай выставы ў іх ніколі не было. Насамрэч, уся плошча Музея кнігі аддадзена Буквару. Можна сказаць, сімвалічна, што тут гаспадарыць адна кніга, выдадзеная ў розныя часы народамі пяці частак свету: Еўропы, Азіі, Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі і Акіяніі. У аснове экспазіцыі – частка прыватнай калекцыі буквароў і азбук латвійскага педагога, аўтара буквароў, калекцыянера Юрыса Цыбульса. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак – яго калекцыя найбуйнейшая ў свеце і налічвае больш за 10 тысяч выданняў звыш чым на 1000 мовах. Выстава па-добраму справакавана той знамянальнай падзеяй, якую мы адзначаем сёлета – 400-годдзе беларускага Буквара. Беларусы могуць ганарыцца тым, што менавіта у беларускай друкарні выйшла першая ў свеце кніга, якая мела назву “Буквар”. Годнае месца на выставе адпаведна займаюць і беларускія кнігі для навучання грамаце, пачынаючы з шаснаццатага стагоддзя і да нашых дзён, з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Калі вы не паспелі за лета патрапіць на гэтую унікальную выставу – зрабіце гэта зараз. Да сярэдзіны верасня ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі можна ўбачыць кнігу, з якой пачынаецца шлях да адукацыі кожнага жыхара планеты Зямля. І яшчэ колькі летніх прыпамінаў. Трэці год запар Літаратурны музей Петруся Броўкі і Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры арганізуюць літаратурнае падарожжа на Ушаччыну, радзіму народных паэтаў Беларусі Пятруся Броўкі, Рыгора Барадуліна і народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Сёлета я другі раз праехала з музейшчыкамі гэтым адмысловым маршрутам, такім багатым на ўражанні і асацыяцыі. Варта было б, каб з цягам часу ён стаўся турыстскім, агульнадаступным. У саміх Ушачах на вуліцы Школьнай – бацькоўская хата Рыгора Барадуліна, куды ён вяртаўся да апошніх сваіх дзён. Ля брамкі нас сустрэў знакаміты вяз, пасаджаны бацькам паэта яшчэ да вайны і апеты сынам ў многіх вершах. Так і хочацца працытаваць вядомыя радкі: Вечар бацькавага вяза нада мною Зелянее, развінаецца, купчасціцца, Цішыню ліе, Як сырадой з ручасціка, Смутак сутак захінае гаманою… Цішыня ў паэтавым двары і яго хаце. І толькі гамана ўспамінаў парушае яе звыклую хаду. Ды нечаканы дождж – густы і цёплы. На ганку Барадулінскага дому здаецца, што раптам расчыняцца дзверы і з хаты выйдзе сам гаспадар, які, як вядома, летам падоўгу жыў тут. Дзе па маіх гадах Жаўранак светла плача – Там Вушача… – гэтыя радкі з кнігі апошніх вершаў Рыгора Барадуліна “У неба пехатою”. Ён вярнуўся ў сваю Вушачу навечна і пахаваны па яго запавеце побач з мамай Кулінай на Вушацкіх могілках… А далей наш шлях быў скіраваны на радзіму Васіля Быкава ў Бычкі. Хата-музей народнага пісьменніка адноўлена і ў ёй нас сустрэў яе загадчык Мікалай Харак, сваяк Васіля Уладзіміравіча. Дарэчы, ушацкія краявіды паланілі сваёй прыгажосцю ўсіх удзельнікаў вандроўкі. А Пуцілкавічы, у якія мы трапілі бліжэй да вечара, і ўвогуле зачаравалі сваімі векавымі дрэвамі, надзвычайнай цішынёй, што мяжуе з таямніцай і, канечне, не менш уразіла сама Хата-музей Петруся Броўкі. Яна была адчынена ў 1985-м годзе, будавалася па макету, што ствараўся паводле ўспамінаў аднаго з жыхароў Пуцілкавічаў, паколькі хата, у якой жыла сям’я Броўкаў, была спалена немцамі разам з усёй вёскай. На яе месцы цяпер стаіць стэла памяці маці паэта Алены Сцяпанаўны, якая загінула ў “Асвенціме”. Перажыўшы гэта страшнае гора, Пятрусь Броўка прысвяціў ёй сваю вядомую паэму “Голас сэрца”. Літаратурная карта Беларусі надзвычай багатая і лета – той самы час, які спрыяе расчытваць яе кожнаму неабыякаваму жыхару нашай краіны.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: