Падзяліцца:
Адлюстраванні. Гэта варта наведаць, каб лепш зразумець сябе... Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
29 Снежня 2016
Адлюстраванні. Гэта варта наведаць, каб лепш зразумець сябе... Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё) На завяршэнне нашых сёлетніх сустрэч мне б хацелася згадаць пра адно нядаўнее літаратурнае падарожжа. На Капыльшчыну, у аграгарадок Цімкавічы, з прэзентацыяй кнігі серыі ЖЗЛБ “Кузьма Чорны. Чалавек – гэта цэлы свет”, якая выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Паездка была арганізавана Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры і Літаратурным музеем Кузьмы Чорнага ў Цімкавічах. На радзіму класіка за дзень да школьных канікулаў прыехалі галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” паэт Віктар Шніп, пісьменнік, галоўны рэдактар “Беларускага кнігазбора” Кастусь Цвірка, лінгвіст і перакладчык, унук пісьменніка Мікола Раманоўскі, дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры філфака БДУ літаратуразнаўца і паэтэса Ірына Багдановіч, бард Алесь Камоцкі, супрацоўнікі музея гісторыі беларускай літаратуры Вольга Гулева, Паліна Саўгень, Алеся Кузняцова. Выдатную экскурсію для гасцей ў музеі Кузьмы Чорнага правяла яго загадчыца Людміла Ніжэвіч. Музей быў створаны больш за паўстагоддзя таму, экспазіцыя нядаўна адноўлена і пакідае вельмі добрае ўражанне (аўтары канцэпцыі – Лідзія Макарэвіч і Генадзь Чысты). Розных крыніц дастаткова, каб дакрануцца да няпростага пісьменніцкага лёсу і адчуць атмасферу яго часу. Напрыклад, варштат, як памяць пра маці і дзеда, якія былі славутымі ткачамі, куток кабінета рэдакцыі газеты “Савецкая Беларусь”, дзе працаваў Чорны ў час вайны, і якая размяшчалася тады ў будынку “Известий” на Пушкінскай плошчы ў Маскве. Шмат рукапісаў, якія заўсёды набліжаюць постаць аўтара-класіка. З аўтэнтычных рэчаў кранае абрус, вытканы маці Гліцэрыяй Міхайлаўнай. А ў аснове мастацкага рашэння музейных залаў – малюнкі пісьменніка, якія эмацыянальна ўздзейнічаюць на наведвальнікаў. Зрэшты, кожнага абавязкова кране нешта сваё, на што адгукнуцца душа і сэрца. Я думаю, наведаць гэты музей варта кожнаму беларусу, каб лепш зразумець сябе. Пасля адбылася сустрэча з вучнямі і настаўнікамі Цімкавіцкай сярэдняй школы імя Кузьмы Чорнага. Дарэчы, яна зусім побач з музеем. Прыкметы Калядаў і Новага года паўсюль суправаджалі нас: ад сняжынак на школьных вокнах да святочнай актавай залы, у якой прайшла прэзентацыя кнігі “Кузьма Чорны. Чалавек – гэта цэлы свет” з серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”. Адчуванне прыемнага і адказнага хвалявання не пакідала мяне ўсе гэтыя дзве гадзіны. Як быццам у зале, сярод сучасных цімкавіцкіх падлеткаў, сядзіць сам пісьменнік і слухае нашу споведзь яму. І прымае нашу ўдзячнасць за яго непаўторнае слова і наш паклон за яго мужны характар. Вельмі кранула, з якой увагай слухалі выступленні гасцей дзеці. У іх вачах можна было прачытаць радасць і гонар, што яны жывуць на радзіме вялікага пісьменніка. У вестыбюлі школы, дзе вельмі шмат цудоўнай зеляніны, стаіць вядомы бюст Кузьмы Чорнага, аўтар якога яго сябра, знакаміты скульптар Заір Азгур. Я падумала, што гэтая сімвалічная сустрэча з ім штодня для школьнікаў не застаецца незаўважанай. Вобраз жыве ў падсвядомасці, ён прысутнічае як духоўны знак і застаецца пасля як цёплы ўспамін пра родную школу. Канечне, тут, на радзіме класіка, яго добра ведаюць, любяць і шануюць. Шмат цікавых і карысных імпрэз праводзіць і Літаратурны музей Кузьмы Чорнага. Распрацавана спецыяльная праграма для школьнікаў “Ганарыся сваім земляком і ведай пра яго” з чытаннем твораў пісьменніка, тэатралізаванымі прадстаўленнямі, святамі, конкурсамі, віктарынамі, крыжаванкамі. І гэта добра. Даследчык Сцяпан Александровіч у сваім артыкуле “Сэрца, у якім месціцца цэлы свет” адзначыў: “Усе найбольш значныя творы Чорнага – і апавяданні, і аповесці, і раманы, напісаныя перад вайною і ў час вайны, цесна звязаны з той мясцінай, дзе “паблізу чутны ў людской гаворцы гарады Нясвіж і Слуцак”, інакш кажучы, звязаны з Цімкавічамі, а героямі іх з’яўляюцца землякі пісьменніка. “Мне б на ўсё жыццё хапіла апісваць цімкаўцаў”, - часта гаварыў Кузьма Чорны. Нябачная, але непарыўная сувязь з землякамі засталася ў пісьменніка дасюль… Сёлета - 95 гадоў, як Кузьма Чорны пачаў друкавацца. Першае апавяданне “Гузік” з’явілася ў беларускім дзіцячым часопісе “Зоркі” 25 лютага 1921 года тады яшчэ за подпісам Міколы Раманоўскага. А ўся творчасць класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага, была і застаецца малітвай любові, адданасці і ахвярнасці Беларусі і беларускаму слову...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: