Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Кніга, якую прачытаў кожны...» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
23 Мая 2018
«Адлюстраванні. Кніга, якую прачытаў кожны...» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё) Заключным акордам навучальнага года для першакласнікаў стала свята Буквара; напэўна, у кожнага з нас ёсць свая згадка пра той светлы школьны час з першай настаўніцай і першай кнігай нашага жыцця. Помню, як мне таксама ў святочнай дзеі развітання з букваром выпаў гонар быць менавіта Букваром. Дасюль захаваўся фотаздымак у сямейным альбоме, які выклікае самыя цёплыя пачуцці. А сённяшнія віноўнікі такой урачыстасці разам з дарослымі маюць цудоўную магчымасць на ўласныя вочы пабачыць сотні буквароў з самых розных краін свету! У Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі да сярэдзіны верасня працуе унікальная міжнародная выстава «Буквары народаў свету», на якой прадстаўлена каля 1300 буквароў на 587-мі мовах свету. Самі арганізатары шчыра прызнаюцца, што такой маштабнай выставы ў іх ніколі не было. Насамрэч, уся плошча Музея кнігі аддадзена Буквару. Можна сказаць, сімвалічна, што тут гаспадарыць адна кніга, выдадзеная ў розныя часы народамі пяці частак свету: Еўропы, Азіі, Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі і Акіяніі. У аснове экспазіцыі – частка прыватнай калекцыі буквароў і азбук латвійскага педагога, аўтара буквароў, калекцыянера Юрыса Цыбульса. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак – яго калекцыя найбуйнейшая ў свеце – і налічвае больш за 10 тысяч выданняў звыш чым на 1000 мовах. Выстава па-добраму справакавана той знамянальнай падзеяй, якую мы адзначаем сёлета – 400-годдзе беларускага Буквара. Беларусы могуць ганарыцца тым, што менавіта ў беларускай друкарні выйшла першая ў свеце кніга, якая мела назву «Буквар». Годнае месца на выставе займаюць беларускія кнігі для навучання грамаце, пачынаючы з шаснаццатага стагоддзя і да нашых дзён, з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Тут можна пабачыць і першыя падручнікі для навучання чытанню пачатку ХХ стагоддзя: беларускія лемантары і чытанкі Цёткі, Якуба Коласа, Леанілы Гарэцкай, Вацлава Ластоўскага, іншых класікаў. Сімвалічна, што вядомае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца», якое было заснавана ў Пецярбургу ў 1906 годзе, пачало сваю дзейнасць менавіта з беларускага Лемантара, надрукаваўшы яго спачатку лацінкай, а потым кірыліцай. Сцяпан Некрашэвіч – аўтар першага беларускага савецкага буквара, які таксама прадстаўлены на выставе. Дарэчы, друкавалі іх у Берліне, бо там быў якасны друк і адносна невялікія кошты, потым гэты падручнік перадрукоўваўся неаднаразова і ў Мінску. Па ім вучыліся ў большасці школ савецкай Беларусі. Час ліквідацыі непісьменства ў нашай краіне характэрны выданнем асобных буквароў для розных слаёў насельніцтва, вельмі цікавыя прыклады можны ўбачыць на выставе. Эпохай Сіўко, дарэчы, называюць 30-я – 60-я гады мінулага стагоддзя, калі выходзілі асобныя буквары гэтага аўтара альбо ў суаўтарстве з іншымі. Ну а з 1969 года пачынае свой адлік знакаміты «Буквар» Анатоля Клышкі, які за апошнія амаль 50 гадоў перавыдаваўся 23 разы на беларускай, рускай і польскай мовах. У 1977-м годзе ён атрымаў залаты медаль Міжнароднай Лейпцыгскай кніжнай выставы, а ў 2004 прызнаны лепшым падручнікам года на выставе ў Франкфурце-на-Майне. Ёсць і кнігі сучаснага беларускага букварыста Вольгі Цірынавай. Калекцыя буквароў свету Юрыса Цыбульса – гэта безліч самых розных уражанняў. Вы вандруеце ад стэнда к стэнду і толькі паспяваеце чытаць назвы краін, адзначаеце колеры і дызайн вокладак, разгадваеце мову, на якой складзены той ці іншы буквар. Мільгаюць дзіцячыя твары, літары, выявы розных жывёл, краявіды, помнікі архітэктуры, нацыянальныя строі, дзяржаўная сімволіка, нават на адным з экземпляраў намаляваны ўзброеныя людзі. Па сутнасці, кожнае з гэтых выданняў – як сціслая энцыклапедыя жыцця цэлай краіны. У буквары мы знаходзім не толькі азы граматыкі, чытання, пісьма, але ўнутраны свет народа і часам адлюстраванне тых праблем, якія перажывае тая ці іншая краіна. Першая кніга жыцця маленькага грамадзяніна знаёміць яго з гісторыяй, геаграфіяй, культурай і традыцыямі свайго народа. Сабраныя разам на адной маштабнай выставе Буквары дэманструюць нам шматаблічча розных кантынентаў планеты Зямля, але яднаюць галоўнай думкай – чалавек народжаны для святла і шчасця…
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: