Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Літаратурны конкурс «Бацькаўшчына светлая мая».  Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
3 кастрычніка 2018
«Адлюстраванні. Літаратурны конкурс «Бацькаўшчына светлая мая».  Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё) У новым вяшчальным сезоне Першы нацыянальны канал Беларускага радыё сумесна з літаратурна-мастацкім часопісам “Маладосць” арганізуе Праект-конкурс “Бацькаўшчына светлая мая”, прысвечаны Году малой радзімы. Мэта – даць магчымасць нашым слухачам і чытачам выказаць любоў да роднай зямлі, паказаць яе прыгажосць, гісторыю, культуру ў мастацкай форме: вобразна, шчыра, арыгінальна. Конкурс будзе праводзіцца на працягу года, у дзвюх намінацыях – “Паэзія” і “Эсэ”. Для ўдзелу ў намінацыі “Паэзія” дапускаецца не больш за адзін верш любога памеру ад аднаго ўдзельніка, у намінацыі “Эсэ” прымаецца адзін тэкст памерам ад 4000 да 8000 знакаў. Вызначаны тры ўзроставыя катэгорыі ўдзельнікаў: да 16 гадоў; ад 16 да 35-ці, ад 35 гадоў і старэйшыя. Вынікі будуць абвешчаны ў верасні наступнага года. Пераможцамі стануць аўтары найлепшых тэкстаў, якія адбярэ прафесійнае журы (па тры ў кожнай з намінацый). Узнагароджанне пераможцаў адбудзецца падчас урачыстай цырымоніі ў Вялікай студыі Дома радыё з запісам праграмы “Творчы вечар”. У час правядзення Праекта-конкурса прадугледжваюцца радыёэфіры з чытаннем дасланых твораў, удзелам іх аўтараў у праграмах Першага нацыянальнага канала: “Літаратурны калейдаскоп”, “Спецыяльны праект”, “Творчы вечар”, а таксама – публікацыя лепшых твораў ў часопісе “Маладосць”. Больш падрабязную інфармацыю пра конкурс чытайце на нашым сайце: радыё.бел. А назвалі мы яго радком з вядомага верша Уладзіміра Караткевіча “Бацькаўшчына”, які ўвайшоў у першы паэтычны зборнік пісьменніка “Матчына душа”. Дагарэў за брамай небакрай, Месяц паміж воблачкаў плыве. Выйду зноў, як у мінулы май, Басанож прайдуся па траве. Дымная, сцюдзёная раса, Цёмныя ў траве ад ног сляды. А такога рослага аўса Я не бачыў доўгія гады… І далей – столькі ж пяшчоты, замілавання і радасці ад сустрэчы з роднымі мясцінамі, настальгічны прыпамін адыходзячага юнацтва: “подых юні ўходзячай маёй”, “весніх паркаў бэзавы туман” – сапраўды, усіх тых адчуванняў, што так моцна трымаюць нас з незабыўным пачаткам жыцця… Ну і фінальная страфа: А вакол травіцы роснай рай І бярозак белая сям’я. Мой чароўны беларускі край, Бацькаўшчына светлая мая! Ці не праўда, так і хочацца зараз прайсціся ўсімі гэтымі сцежкамі, удыхнуць свежае паветра тых дзівосных краявідаў, алегорыя якіх так натуральна і звабліва вызначана маладым паэтам Караткевічам… Падумаць толькі – у 50-я гады мінулага стагоддзя! А здаецца, быццам учора… Мы вырашылі, што якраз гэты радок “Бацькаўшчына светлая мая”, як метафара абвешчанага літаратурнага конкурсу, пакліча новых аўтараў на сённяшнія споведзі і прызнанні ў любові бацькоўскаму краю… І яшчэ раз нагадаю – больш падрабязную інфармацыю пра сумесны праект Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё з літаратурна-мастацкім часопісам “Маладосць” “Бацькаўшчына светлая мая”, прысвечаны Году малой радзімы, чытайце на нашым сайце: радыё.бел (у рубрыцы «Спецпраекты»). А заўтра – 4 кастрычніка – у праграме “Творчы вечар” – эфірная прэзентацыя і сустрэча з арганізатарамі конкурсу і членамі журы. Пачатак – у 21 гадзіну 5 хвілін. Не прапусціце!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: